Сейны – невялікі гарадок у Падляскім ваяводстве на рацэ Марыха(Marycha), недалёка ад мяжы з Літвой. Гэта бадай самы маленькі павятовы горад у краіне і важны цэнтр літоўскай меншасці ў Польшчы. У ім жывуць палякі, літоўцы, але таксама расіяне, немцы і беларусы. Буйной абшчыны габрэяў, якія аказалі вялікі ўплыў на развіццё гарадка, у Сейнах ужо няма. Аднак пасля яе засталіся сляды ў выглядзе помнікаў архітэктуры.
Сейны/ Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Паводле легенды, Сейны – адно з найстарэйшых паселішчаў Сувальшчыны. Маўляў, пасля пераможных бітваў з тэўтонскім ордэнам, кароль Уладзіслаў Ягелончык падарыў кавалак пушчы тром сваім рыцарам, якія заснавалі паселішча «Сяняй», гэта значыць «старыя». Згаданая назва пазней змянілася на «Сейны» – гэта паводле легенды.
Kляштарны комплекс у Сейнах / Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Паводле гістарычных звестак, назва вёскі паходзіць з яцвяжскай мовы, у прыватнасці ад слова «сейна», якое азначала траву. У 1522 годзе гетман Іван Міхайлавіч Вішнявецкі атрымаў ад караля Жыгімонта І Старога зямельную маёмасць ля возера Сейны. Вішнявецкі пабудаваў тут сямейную сядзібу, вакол якой пасяліў сялян. У 1593 годзе ўнучка Вішнявецкага Ганна прадала вёску і маёнтак Ежы Градзенскаму і яго жонцы Юстыне.
Kляштарны комплекс у Сейнах / Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Градзенскі заснаваў горад Сейны, пабудаваў драўляны касцёл, у якім змясціў цудатворную скульптуру Маці Божай – сёння гэта найкаштоўнейшы помнік у горадзе. Пасля смерці Градзeнскага маёнтак атрымалі віленскія дамініканцы. Паводле легенды, гэта была падзяка за выратаванне донара ад злога духа.
Гатычная скульптура Дзевы Марыі з Дзіцём з XV стагоддзя/ Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
На пачатку XVІІ стагоддзя манахі пачалі будаваць абаронны кляштар і касцёл. Яны ўладалі некалькімі азёрамі, вёскамі і хутарамі, а таксама навакольнымі лясамі. Школы, якія дзейнічалі пры кляштары, славіліся высокім узроўнем адукацыі, па гэтай прычыне Сейны называлі «Оксфардам Поўначы».
Развіццё горада прыпынілі Шведскіх патоп і Паўночная вайна, ад якіх ён моцна пацярпеў. У 1795 годзе пруская ўлада ліквідавала дамініканскі кляштар, а маёмасць канфіскавала, але калі горад апынуўся ў Варшаўскім каралеўстве, а потым Каралеўстве Польскім, то нанава стаў сядзібай біскупаў.
Сейны/ Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
У канцы XIX стагоддзя Сейны былі шматкультурным горадам – тут жылі палякі, немцы, літоўцы і рускія, а 75 працэнтаў насельніцтва складалі габрэі, якім дамініканцы дазволілі пасяляцца для ажыўлення гандлю.
Помнік Антоні Бараноўскаму (Антанас Баранаўскас) – мясцоваму біскупу, выбітнаму літоўскаму паэту/ Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Напрыканцы XIX і пачатку XX стагоддзяў Сейны сталі цэнтрам нацыянальнага адраджэння літоўцаў. Тут выдавалася літоўская прэса; дзейнічалі нацыянальныя выдавецтвы. Аднак імкненне да свабоды стала прычынай абвастрэння канфлікту паміж палякамі і літоўцамі, у тым ліку прычынай Сейненскага паўстання ў жніўні 1919 года. Пасля пяці дзён жорсткіх баёў, кантроль над Сейнамі ўзялі палякі, такім чынам горад застаўся на польскім баку. Сёння літоўская супольнасць складае каля 30 працэнтаў жыхароў Сейнаў.
Зараз развіццё Сейнаў звязанае з працай памежнага пункта ў Агародніках, сядзібай павятовых уладаў і турызмам.
Базіліка у Сейнах / Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Найважнейшай турыстычнай славутасцю Сейнаў з’яўлююцца помнікі архітэктуры, большая частка з якіх сканцэнтраваная вакол рынкавай плошчы. Сярод іх вылучаецца былы кляштар дамініканцаў з XVІІ стагоддзя з касцёлам Наведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі (малая базіліка) і цудатворнай статуяй Сейненскай Маці Божай. Кляштар з'яўляецца адзіным рэнесансным абаронным комплексам у паўночна-ўсходняй Польшчы, а фігура Панны Марыі – шэдэўрам гатычнага мастацтва, які адносіцца да першага класа помнікаў.
Белая сінагога ў Сейнах / Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Насупраць кляштарнага комплексу і малой базілікі знаходзіцца помнік Антоні Бараноўскаму (Антанас Баранаўскас) – мясцоваму біскупу, выбітнаму літоўскаму паэту, прыхільніку мірнага суіснавання нацый.
На плошчы перад базілікай знаходзіцца капліца Святой Агаты ў стылі барока з надпісам: «Святая Агата, маліся за нас». Верагодна святая Агата ахоўвала Сейны ад пажараў. Аднак, калі ў 1941 годзе здарыўся вялікі пажар, справакаваны нямецкімі войскамі, агонь знішчыў шмат гістарычных будынкаў горада, але не капліцу.
Пасляевангельскі касцёл з 1844 года / Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Непадалёк базілікі знаходзіцца пасляевангельскі касцёл з 1844 года. Пасля ста гадоў ад яго ўзвядзення святыню перанялі католікі. Нейкі час яна служыла, як гарнізонны касцёл. Цяпер там праводзяцца рэкалекцыі.
Будынaк гарадской ратушы з 1846 года/ Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Варта ўважліва прыглядзецца да шыкоўнага будынку гарадской ратушы з 1846 года.
Калі гаворка ідзе пра сляды габрэйскай культуры, то ў гарадку вылучаецца гэтак званая Белая сінагога, пабудаваная ў 1860 – 1870 гадах. Насуперак спадзяванням, найбольшыя спусташэнні будынку прынесла не Другая сусветная вайна, а пасляваенныя гады, калі яна была сядзібай пажарнікаў, складам, а нават дэпо. Адрамантаваны ў 1978 – 1987 гадах будынак, з 1988 года перайшоў пад кіраванне культурнага цэнтра.
Белая сінагога/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Каля Белай сінагогі знаходзіцца Малая сінагога з другой з паловы ХІХ стагоддзя і будынак Старой пошты.
Варта зазірнуць таксама ў былы палац біскупаў, у якім у цяперашні час размяшчаецца Музей сейненскай зямлі і сядзіба Сейненскага таварыства аховы помнікаў.
Музей сейненскай зямлі і сядзіба Сейненскага таварыства аховы помнікаў/ Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Сейны – гэта месца, якое абавязкова павінны наведаць аматары кліматычных памежных гарадкоў, у якіх сучаснасць перасякаецца з мінулым. Аднак Сейны – гэта не толькі машына часу, але таксама прывабная адпраўная база для турыстаў. Адсюль недалёка, між іншым, да польска-літоўскай мяжы, гарадоў Сувалкі і Аўгустаў, Сувальскага ландшафтнага парку, Вігерскага нацыянальнага парку і Аўгустоўскай пушчы, маляўнічых азёраў, а таксама Краснагруды, дзе размяшчаецца сямейная сядзіба Чэслава Мілаша – аднаго з найбольш выдатных польскіх паэтаў XX стагоддзя і лаўрэата Нобелеўскай прэм’іі ў галіне літаратуры.
Сейны / Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Анна Задрожна