Беларуская Служба

Польскі грамадскі дзеяч: Саюз палякаў Беларусі вырас на нашых вачах ва ўзорную арганізацыю палякаў за мяжой

24.11.2022 15:58
Анна Кетліньская, старшыня Падляскага аддзялення таварыства Wspólnota Polska, расказвае пра дапамогу палякам у Беларусі.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". А.Кетліньская - Wspólnota Polska
 .
Члены СПБ.https://glosznadniemna.pl/44852/polacy-na-bialorusi-oddali-hold-zolnierzom-wykletym-fotorelacja/

Цяпер у Беларусі, ва ўмовах дыктатуры Лукашэнкі і ягонага прарасійскага рэжыму, складаная сітуацыя як у палітычным, так і ў грамадскім жыцці. Не будзе перабольшаннем сказаць, што разгромлены, сышлі ў падполле не толькі многія беларускія грамадскія аб'яднанні, але і тыя з іх, якія стваралі мясцовыя палякі: Саюз палякаў Беларусі, Polska Macierz Szkolna і інш. Гэтым польскім арганізацыям вялізную дапамогу аказвалі як улады Рэспублікі Польшча, так і розныя польскія грамадскія арганізацыі, у т.л. таварыства Wspólnota Polska («Польская супольнасць»).

Анна Кетліньская, старшыня Падляскага аддзялення таварыства Wspólnota Polska, даўно працуе ў кірунку дапамогі палякам у Беларусі. Аднак апошнім часам гэта праца значна ўскладнілася з-за рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі супраць арганізацый палякаў у Беларусі.

На міжнароднай навуковай канферэнцыі “Палякі ў Беларусі ад Студзеньскага паўстання да XXI стагоддзя”, якая традыцыйна прайшла ў лістападзе, на гэты раз у Беластоку, Анна Кетліньская расказала пра тое, як Wspólnota Polska наладзіла масты з суайчыннікамі ў Беларусі.

У прыватнасці, пані Кетліньская згадала пра адну з першых паездак у Беларусь, у Гродна, у 2009 годзе ў якасці старшыні Падляскага аддзялення таварыства Wspólnota Polska.

Анна Кетліньская: — Я афіцыйна сустракалася з мясцовымі палякамі, аб'яднанымі ў Саюз палякаў Беларусі, а таксама наладжвала супрацоўніцтва з таварыствам Polska Macierz Szkolna. Адначасова я назірала за тым, што адбываецца ў грамадскім жыцці.

Спробы (польскай дзяржавы. — Рэд.) наладзіць дыялог з уладамі Беларусі не прыносілі адчувальнага станоўчага выніку палякам Беларусі. Таксама гэта не адбівалася на нашай працы.

Я сустракалася з жанчынамі, якія ў пачатку 1990-х гг. прадстаўлялі ў Гродне таварыства Wspólnota Polska. Яны тады дзейнічалі зыходзячы з патрэб мясцовых палякаў. Гэтыя жанчыны расказвалі, што пачалі сваю дзейнасць са стварэння клубаў польскіх жанчын — не толькі ў Гродне, але ў меншых мясцовасцях.

Мы, у сваю чаргу, падтрымлівалі развіццё адукацыі на польскай мове. У Беларусі польская мова захавалася найперш у сем'ях і касцёлах. І таму трэба было развіваць адукацыю на польскай мове і давесці гэту справу да стварэння польскіх школ — і дзве такія школы з'явіліся. Але на гэтым усё замарудзілася.

Улады Беларусі стваралі не ўмовы, а перашкоды для развіцця сістэмы школьнай адукацыі на польскай мове ў мясцовасцях кампактнага пражывання палякаў, а такіх раёнаў на паўночным захадзе Беларусі многа. І па сутнасці толькі падтрымка мясцовых палякаў такімі польскімі грамадскімі арганізацыямі, як Wspólnota Polska, дапамагала захоўваць польскую мову і традыцыі.

Дарэчы, як успамінае Анна Кетліньская, праца з беларускімі палякамі спачатку вялася адначасова са станаўленнем грамадзянскай супольнасці ў Польшчы.

Анна Кетліньская: — У пачатку 1990-х гг. мы ў Польшчы самі толькі авалодвалі шматлікімі навыкамі дэмакратыі. А затым польскі вопыт мы пераносілі ў Беларусь. Мы ўвесь час падтрымлівалі мясцовых палякаў, былі з імі амаль кожны дзень побач.

Калі я ў 2009 годзе занялася падтрымкай палякаў у Беларусі, то існаваў СПБ, былі самі палякі, было таварыства Wspólnota Polska, а пасля з'яўляліся розныя іншыя таварыствы.

Тады мы ажыццяўлялі сумесна не «праекты», якія цяпер паўсюль рэалізуюцца, а аказвалі рознага роду дапамогу, якая была неабходна ў канкрэтнай сітуацыі.

Гэта значыць, мы не ажыццяўлялі дзейнасць зверху, а рэагавалі на тыя патрэбы, пра якія ішлі знізу. Калі нешта было патрэбна — то мы гэта рабілі. Напрыклад, патрэбна была медыцынская дапамога — мы яе аказвалі. Патрэбна была адукацыйная падтрымка — мы яе забяспечвалі. Трэба было пабудаваць польскую школу ў Гродне — мы садзейнічалі.

Анна Кетліньская падкрэслівае, што польскае грамадскае і культурнае жыццё ў Беларусі хоць і развівалася пры падтрымцы Польшчы, але ў першую чаргу — сіламі тутэйшай польскай грамадскасці. Аднак запатрабаванні палякаў у Беларусі раслі. І да іх падтрымкі далучыліся таксама консульствы РП у РБ.

Анна Кетліньская: — Многае ўдалося зрабіць якраз дзякуючы консульствам. Гэта стала магчыма дзякуючы актыўнаму ўдзелу ў справе многіх людзей, якія разумелі, што гэта патрэбна і прыслухоўваліся да думкі грамадскасці.

З перспектывы сённяшняга дня можна сказаць, што мы ажыццяўлялі пэўную палітыку польскай дзяржавы ў дачыненні да палякаў, якія жывуць у Беларусі.

Але калі я пачынала працаваць у гэтым кірунку, то яшчэ не разважала ў такіх катэгорыях, што, маўляў, мы праводзім пэўную палітыку. Мы працавалі, бо так было патрэбна.

У нас, бадай, нават было крыху сентыментальнае стаўленне да гэтай справы. Я, напрыклад, па адукацыі паланіст, а паланіст па-свойму ўспрымае свет, у яго гісторыка-літаратурны сентымент. І мы лічылі, што мусім наладжваць сувязі з палякамі за мяжой, а сваю дзейнасць разглядалі як абавязак з боку нашага грамадства, народа.

Анна Кетліньская, аналізуючы характар ​​узаемадзеяння таварыства Wspólnota Polska з палякамі ў Беларусі за апошнія больш як дзесяць гадоў, адзначае пэўную тэндэнцыю.

Анна Кетліньская: Калі мы прыязджалі ў Гродна, Брэст або Мінск, то штодзень супрацоўнічалі з консульствамі. Пры гэтым не з’яўляліся палітыкі. Мы не абмяркоўвалі, у які бок павінна быць накіравана дзейнасць, каго падтрымліваем, каго не падтрымліваем. І я лічу, што гэта было правільна, бо мы засяроджвалі нашу ўвагу на польскай грамадскасці (у Беларусі. — Рэд.), на людзях.

Мы цудоўна ведалі, што адбывалася ў 2005, 2009, 2017 гг. (рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі супраць СПБ. — Рэд.). Прымаліся пэўныя рашэнні на палітычным узроўні. Аднак наша дзейнасць па сутнасці не мянялася. Мы ведалі, што рабіць, бо прыслухоўваліся да людзей, якія там жывуць.

Анна Кетліньская падкрэслівае, што нягледзячы на ​​палітычны фон становішча палякаў у Беларусі, Wspólnota Polska старалася прытрымлівацца апалітычнай лініі. Аднак немагчыма было заставацца абыякавым да шматлікіх падзей.

Анна Кетліньская: І тады, калі (у Беларусі. — Рэд.) адбыліся падзеі 2020 года (пратэсты супраць узурпацыі ўлады ў краіне Лукашэнкам. — Рэд.), а нашы сябры былі арыштаваны (Анжаліка Борыс, Анджай Пачобут і іншыя сябры СПБ. — Рэд.), гэта нас выбіла з каляіны.

Аднак мы працягваем працаваць, бо думаем пра людзей. Так, былі складаныя сітуацыі, калі мы не маглі перадаць сродкі, не маглі паехаць у Гродна, Ваўкавыск, каб там працаваць.

Аднак мы па-ранейшаму працуем, у т.л. разам з СПБ. Сітуацыя прымусіла выпрацаваць пэўныя метады. І мы спраўляемся. Хаця хацелася б, каб сітуацыя вярнулася да ранейшай.

Бо СПБ вырас на нашых вачах ва ўзорную арганізацыю палякаў за мяжой, якая прапануе разумныя рашэнні і ажыццяўляе іх з сэнсам. А мы знаходзімся побач з СПБ і працягваем руку тады, калі ёсць патрэба ў нашай падтрымцы.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Пасол Польшчы ў Беларусі: Мэта знешняй палітыкі РП — каб Беларусь была незалежнай, дэмакратычнай дзяржавай

10.11.2022 16:01
3-5 лістапада 2022 г. Беластоку прайшла міжнародная навуковая канферэнцыя «Палякі ў Беларусі».

Дыпламат: Каталіцкая царква ў Беларусі традыцыйна звязана з палякамі

17.11.2022 16:01
Былы генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Гродне Ярослаў Ксёнжак разважае пра лёс палякаў і Каталіцкай царквы ў Беларусі ўчора і сёння.