Беларуская Служба

Пасол Польшчы ў Беларусі: Мэта знешняй палітыкі РП — каб Беларусь была незалежнай, дэмакратычнай дзяржавай

10.11.2022 16:01
3-5 лістапада 2022 г. Беластоку прайшла міжнародная навуковая канферэнцыя «Палякі ў Беларусі».
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". А.Міхальскі пра адносіны Беларусі і Польшчы.
    .
На граніцы Польшчы і Беларусі.https://twitter.com/Straz_Graniczna

3-5 лістапада 2022 г. у Беластоку прайшла ўжо шостая па ліку міжнародная навуковая канферэнцыя “Палякі ў Беларусі ад Студзеньскага паўстання да XXI стагоддзя”. Першыя чатыры канферэнцыі “Палякі ў Беларусі ад Студзеньскага паўстання да XXI стагоддзя” па традыцыі адбываліся ў Гродне пад эгідай Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў гэтым беларускім горадзе, дзе пражывае значная колькасць палякаў — карэннага насельніцтва гэтай тэрыторыі. Адпаведна, тагачасны генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Гродне Ярослаў Ксёнжак з'яўляўся адным з натхняльнікаў форуму. У арганізацыі навуковага мерапрыемства прымалі ўдзел Цэнтр усходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта на чале з яго дырэктарам Янам Маліцкім, Саюз палякаў Беларусі на чале з яго першым, а цяпер ганаровым старшынёй Тадэвушам Гавіным, МЗС Рэспублікі Польшча і іншыя арганізацыі, якія падтрымліваюць палякаў у Беларусі. Усе гэтыя асобы і ўстановы па-ранейшаму з'яўляюцца арганізатарамі канферэнцыі. 

З-за рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі ў дачыненні да Саюза палякаў Беларусі і з-за пагаршэння міждзяржаўных адносін паміж Рэспублікай Польшча і Рэспублікай Беларусь, летась канферэнцыя адбылася ў сталіцы Літвы Вільні, якая гістарычна з'яўляецца адным з культурных цэнтраў і месцам кампактнага пражывання як літоўцаў, так і палякаў і беларусаў.

А сёлета форум быў перанесены ў польскі Беласток, які з'яўляецца таксама адным з цэнтрам беларускага жыцця ў Польшчы. Так што па сутнасці канферэнцыя захавала свой міжнародны фармат. І нягледзячы на ​​розныя перашкоды ў ёй змаглі прыняць удзел як вучоныя з Польшчы, так і з Беларусі.

Сёлета асноўная ўвага ўдзельнікаў канферэнцыі была прысвечана лёсам Каталіцкай царквы ў Беларусі, якая з'яўляецца таксама адным з цэнтраў польскай культуры і ідэнтычнасці. Такім чынам, размова ў вучонай супольнасці, якая сабралася ў Беластоку, ішла як аб паляках як нацыі, аб іх адносінах з беларусамі, так і аб узаемадзеянні двух народаў унутры Каталіцкай царквы.

Сімвалічнае было і месца правядзення канферэнцыі — нядаўна заснаваны Музей памяці Сібіры, значная частка экспазіцыі якога прысвечана дэпартацыі палякаў з заходнебеларускіх зямель у Сібір, асабліва, трагічным падзеям 1940-1941 гг. і пасляваеннага часу, калі грамадзяне паўночна-ўсходніх ваяводстваў даваеннай Рэспублікі Польшча, анексаваных СССР, гвалтоўна вывозіліся ў лагеры на поўначы РСФСР або ў стэпах Казахскай ССР, адкуль вярнуліся далёка не ўсе. А многія вярталіся ўжо не ў родныя мясціны, а з'яжджалі ў ПНР.

Усе гэтыя праблемы сталі зноў актуальныя ў нашыя дні, калі ў турмах рэжыму Лукашэнкі, які не хавае сваіх сімпатый да савецкага рэпрэсіўнага рэжыму, сядзяць члены Саюза палякаў Беларусі, калі мінскія ўлады зноў пачынаюць зачыняць каталіцкія храмы, як, напрыклад, касцёл св. Сымона і Алены на пл. Незалежнасці ў Мінску, які з'яўляўся важным цэнтрам беларускай і польскай культуры і ідэнтычнасці, а не толькі рэлігійным цэнтрам.

Адпаведна, падчас канферэнцыі “Палякі ў Беларусі” не магла не зайсці гаворка пра сучаснасць, а не толькі пра гісторыю. У адзін з дзён форуму адбыліся дэбаты па тэме “Палітыка Польшчы ў адносінах да меншасцей у Беларусі: паміж магчымасцямі і запатрабаваннямі”. У ёй сярод іншых прыняў удзел пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Артур Міхальскі, з чыім меркаваннем па шэрагу аспектаў праблемы прапануем азнаёміцца.

Артур Міхальскі, пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь: — Коратка кажучы, запатрабаванні, натуральна, велізарныя, але магчымасці вельмі абмежаваныя. І гэтыя магчымасці абмежаваны не абставінамі, звязанымі з нейкімі палітычнымі ўяўленнямі ў Польшчы, а палітычнай сітуацыяй у Беларусі і асобай Лукашэнкі.

У той жа час, сочачы за польскай палітыкай у дачыненні да Беларусі, мне здаецца (хоць я, мабыць, з'яўляюся ў пэўнай ступені аптымістам), што стратэгічнай мэтай польскай знешняй палітыкі заўсёды было тое, каб наш сусед, Беларусь, была незалежнай, дэмакратычнай дзяржавай, у якой польскай меншасці былі б гарантаваны ўсе правы і каб яна з'яўлялася інтэгральнай часткай беларускага грамадства.

Артур Міхальскі адказаў на пытанне, ці ёсць магчымасць дамовіцца з Лукашэнкам і ці ёсць увогуле сэнс у перагаворах з ім.

Артур Міхальскі: — Я дастаткова скептычны. Аднак гэта не азначае, што адмаўляю магчымасць кантактаў. Бо ў гэтым заключаецца наша работа.

Раней ужо былі кантакты і спробы пошуку не скажу, што формы паразумення, якое ў прынцыпе немагчымае, але нейкага прыняцця пэўных фактаў.

Але цяпер, здаецца, ужо ўсе ад гэтага вылечыліся. Гэта немагчыма.

Мы павінны ўлічваць тое, як разважае польская меншасць, згуртаваная вакол Саюза палякаў Беларусі, г.зн. найбольш актыўныя асобы, як яны глядзяць на тое, што адбываецца.

Польская дзяржава не можа абстрагавацца ад таго, як разважаюць тыя людзі, якія вельмі шмат зрабілі, шмат у чым пацярпелі і па-ранейшаму пакутуюць, — і польская палітыка ў дачыненні да польскай меншасці ў Беларусі павінна лічыцца з гэтай думкай.

Артур Міхальскі лічыць, што цяпер трэба працягваць рабіць усё магчымае, каб дапамагчы палякам, увогуле людзям у Беларусі.

Артур Міхальскі: — Калі ёсць нейкія магчымасці абароны справядлівых спраў, у т.л. у афіцыйных перагаворах, то трэба гэта рабіць.

Але цяпер, калі столькі людзей сядзіць у турмах, склаліся нязносныя ўмовы.

Яшчэ адной цяжкасцю, якая ўзнікае ў адносінах Польшчы і Беларусі, з'яўляецца тое, што Беларусь занадта залежная ад Расіі, — канстатуе Артур Міхальскі.

Артур Міхальскі: — Усё, што паслядоўна робіць з 1994 г. гэты чалавек (Аляксандр Лукашэнка, які заняў у гэты час пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. — Рэд.), аслабляла ідэнтычнасць беларусаў.

Яго погляды на мінулае грунтуюцца на яго гістарычнай адукацыі і на тым, які ў ёй быў вобраз Польшчы.

Артур Міхальскі звярнуў увагу на іншае бачанне гісторыі, прадстаўленае ў Музеі памяці Сібіры — месцы правядзення канферэнцыі “Палякі ў Беларусі”.

Артур Міхальскі: — Тут прадстаўлена тое бачанне (гісторыі. — Рэд.), якое заключана ў вялізным болі, пакуце, перажытай усімі палякамі ва Усходняй Еўропе. Гэта бачанне цалкам чужое, варожае мысленню гэтага чалавека (Аляксандра Лукашэнкі. — Рэд.).

І паміж гэтымі двума ўяўленнямі (пра гісторыю. — Рэд.) немагчыма знайсці кампраміс.

І таму, вядома, калі ёсць такая магчымасць, то трэба размаўляць (з афіцыйным Мінскам. — Рэд.), але трэба ўлічваць, што гэта нельга рабіць любой цаной.

Віктар Корбут

Беласток  Варшава

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Пасол РП у Беларусі: Мы хочам жыць разам у незалежных дэмакратычных дзяржавах

18.11.2021 10:03
3-5 лістапада ў Вільні прайшла міжнародная навуковая канферэнцыя “Палякі ў Беларусі ад Студзеньскага паўстання да XXI ст.”.