Беларуская Служба

Польшча адэкватна адрэагуе на беларуска-расійскія вучэнні «Захад-2025»

28.04.2025 10:11
Намеснік міністра нацыянальнай абароны Цэзары Томчык расказаў, што значыць адэкватным чынам.
 . .
Польскія салдаты. Ілюстрацыя.Фота: X/@Zelazna_Dywizja/St. kpr. Sławomir Kozioł

Намеснік міністра нацыянальнай абароны Цэзары Томчык заявіў, што Польшча адкажа «адэкватным чынам» на вучэнні «Захад-2025», арганізаваныя Расіяй і Беларуссю, якія павінны адбыцца ў верасні. Ён дадаў, што ў Польшчы пройдуць «вялікія манеўры» — як польскія, так і натаўскія.

У інтэрв'ю RMF24 Томчыку задалі пытанне пра тое, ці могуць будучыя беларуска-расійскія вучэнні «Захад-2025» уяўляць пагрозу для Польшчы. Намеснік міністра запярэчыў, дадаўшы, што «мы адрэагуем на гэтыя вучэнні ў Беларусі як польская армія, так і як НАТА».

«Польшча адрэагуе на вучэнні «Захад-2025», якія пройдуць у Беларусі (...), адэкватным чынам з польскага боку. У Польшчы будуць праведзены буйныя польскія і натаўскія вучэнні, буйныя манеўры. Давайце таксама ўспомнім, што ў мінулым годзе мы сталі сведкамі найбуйнейшых у гісторыі вучэнняў НАТА, у якіх удзельнічала каля 100 тысяч салдат. НАТА мацнейшае за Расію», — сказаў Цэзары Томчык.

Беларуска-расійскія вучэнні «Захад» праводзяцца кожныя чатыры гады з 2009 года. Апошнія вучэнні «Захад-2021», у якіх прынялі ўдзел больш за 200 тысяч салдат, сталі найбуйнейшымі манеўрамі на заходнім кірунку з часоў распаду СССР і аказаліся часткай падрыхтоўкі да ўварвання ва Украіну. На пытанне, ці ёсць у нас «якія-небудзь трывожныя сігналы» адносна сёлетніх вучэнняў, Томчык адказаў, што «сігналы, якія тычацца Расіі і Беларусі, заўсёды выклікаюць трывогу».

Намесніка кіраўніка Міністэрства нацыянальнай абароны таксама спыталі пра пераўзбраенне Польшчы і Еўропы, у тым ліку пра вытворчасць боепрыпасаў. Томчык паведаміў, што вытворчыя лініі боепрыпасаў у Польшчы — гэта пытанне некалькіх месяцаў.

«Мы ўжо сёння вырабляем боепрыпасы, але ў нас няма ўсяго, мы залежныя ў многіх аспектах», — прызнаў ён.

РАР/ав