Беларуская Служба

Ёлачныя ўпрыгажэнні – маленькія творы мастацтва

23.12.2022 17:01
У Музеі ёлачных упрыгажэнняў у Новай Дэмбе можна паназіраць за працэсам стварэння гэтых маленькіх цацак.
Аўдыё
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.ChepeNicoli/pixabay.com/CC0 Public Domain

Ёлачныя ўпрыгажэнні – гэта маленькія творы мастацтва. Як вырабляюцца найпрыгажэйшыя ёлачныя цацкі, можна пабачыць у Музеі ёлачных упрыгажэнняў у Новай Дэмбе ў Падкарпацкім ваяводстве.

Заснаваны ў 2012 годзе прыватны, першы ў свеце Музей ёлачных упрыгажэнняў з'яўляецца вынікам калекцыянерскага хобі Януша Біліньскага, уладальніка кампаніі «Біліньскі». Кампанія на працягу многіх гадоў займаецца вытворчасцю ёлачных упрыгажэнняў, якія з самага пачатку вырабляюцца ўручную і ў адпаведнасці са шматгадовымі традыцыямі. Першапачаткова гаспадар збіраў ёлачныя цацкі ў прыватнай калекцыі, але вырашыў паказаць іх прыгажосць і ўнікальнасць большай аўдыторыі. Такім чынам узнік музей, і сёння кожны жадаючы можа палюбавацца гэтымі маленькімі творамі мастацтва.

Першыя шкляныя ёлачныя ўпрыгажэнні былі выраблены ў Германіі ў першай палове XІX стагоддзя. Іх стварыў Ганс Грайнер, які, паводле легенды, вельмі хацеў упрыгожыць сваю ёлку, але не мог дазволіць сабе на тагачасныя ўпрыгажэнні, такія як арэхі ці яблыкі, таму сам выдзьмуў сабе іх шкляныя імітацыі. Шкляныя цацкі хутка сталі вельмі папулярнымі, таксама ў іншых краінах Еўропы і ў ЗША. У Польшчы шкляныя ёлачныя ўпрыгажэнні зʼявіліся ў канцы XIX стагоддзя. Першапачаткова па форме яны нагадвалі садавіну або арэхі. Толькі пазней пачалі вырабляць анёлы, жывёлы, шышкі і снегавікі.

Музей ёлачных упрыгажэнняў знаходзіцца ў сучаснай фабрыцы гэтых далікатных твораў мастацтва. Ён падзелены на шэсць сектараў, якія размешчаны ў адной вялікай прасторы.

Першая частка – гэта 5 пакояў, цэнтральным пунктам якіх зʼяўляецца ўпрыгожаная ёлка. Дрэвы аздобленыя тэматычна, паводле розных стыляў. Амерыканскі стыль адрозніваецца яркімі каляровымі акцэнтамі. Ангельскі стыль – багаццем дэталяў. У сваю чаргу, французскі або скандынаўскі стылі сціплыя, амаль аднатонныя і элегантныя, а часам нават мінімалістычныя. Тут можна паглядзець таксама ёлку, упрыгожаную ў старапольскім стылі.

Убачыўшы ўпрыгожаныя ў розных стылях ёлкі, мы пераходзім да другой часткі – выставы музейных экспанатаў, размешчаных у шкляных вітрынах і на паліцах. Экспанаты-цацкі падзеленыя па тэмах. Ёсць паліцы, поўныя шкляных Дзядоў Марозаў, снегавікоў, матылькоў, птушак, а нават яйкаў у стылі Фабержэ. Ёсць таксама прыгожыя шарыкі з кветкавымі матывамі і зімовымі краявідамі. Асаблівую групу складаюць упрыгажэнні ў форме гістарычных будынкаў з Падкарпацця, такіх як замак у Красічыне ці палац у Ланьцуце.

У Новай Дэмбе можна не толькі назіраць за працэсам стварэння і ўпрыгожвання ёлачных цацак. Паказ выдзімання ёлачных цацак – бадай самы цікавы пункт візіту ў Музеі ёлачных цацак. Традыцыйныя ўпрыгажэнні вырабляюцца са шкляных трубак рознага дыяметра, якія пастаўляюцца са шклозавода. З адной трубкі можна зрабіць каля дзясятка цацак. Так ствараюцца простыя формы, а больш складаныя ўзнікаюць з дапамогай адпаведных гіпсавых формаў. Увесь гэты працэс ва ўмелых руках здаецца гульнёй, але да такога майстэрства трэба прайсці некалькі гадоў падрыхтоўкі. Патрэбныя таксама: цярпенне, засяроджанасць, дакладнасць і акуратнасць. Калі фігурка астыне, яна трапляе ў наступную залу, дзе яе ўпрыгожваюць.

Наведвальнікі музея таксама могуць скарыстацца ўнікальнай магчымасцю самастойна паспрабаваць упрыгожваць шкляныя цацкі і забраць вынікі сваёй працы дадому.

У сваю чаргу, калі нехта не ўпэўнены ў сваіх мастацкіх здольнасцях, ён заўсёды можа зрабіць пакупкі ў краме, якая знаходзіцца побач з музеем.

Вырабы з Новай Дэмбы трапляюць на рынкі ўсяго свету, у тым ліку ў Японію, Германію, ЗША, Францыю, Англію і Канаду. Кожны дзень у Новай Дэмбе вырабляецца 3 000 цацак, а ў год нават 3 мільёны.

Музей ёлачных упрыгажэнняў у Новай Дэмбе – гэта фантастычнае, казачнае і пазітыўнае месца як для дзяцей, так і для дарослых. У музеі можна правесці шмат гадзін, а галоўнае, наведваць яго можна не толькі ў снежні, але і на працягу ўсяго года. Пабываўшы ў музеі ў Новай Дэмбе, кожны з нас інакш паглядзіць на цацкі на сваёй ёлцы.

аз

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу