Беларуская Служба

Батлейка – спрадвечная традыцыя, якая адраджаецца ў Польшчы

30.12.2022 15:21
Традыцыйныя, перасоўныя, жывыя – амаль у кожным польскім горадзе ў калядным перыядзе можна паглядзець батлейку.
Аўдыё
  • Батлейка – спрадвечная традыцыя, якая адраджаецца ў Польшчы
Жывая батлейка ў варшаўскіх раёне БяляныPAP/Albert Zawada

Батлейка – гэта адна з самых старажытных калядных традыцый. Першую батлейку збудаваў святы Францішак Асізскі ў 1233 годзе. У калядную ноч на лясной паляне ў італьянскай вёсцы Грэчыо ён паставіў асветленыя факеламі яслі, каб разам з манахамі маліцца, спяваць песні і весяліцца з нагоды Калядаў. Францысканцы распаўсюдзілі батлейкі ў XIII стагоддзі.

Зараз у Польшчы традыцыя батлеек становіцца нанава асабліва папулярнай. У сучасных батлейках выступаюць не толькі героі Бібліі – Марыя з Езусам, святы Юзаф, каралі і пастухі, але таксама гістарычныя асобы ці асобы, звязаныя з жыццём дадзенага горада. Батлейкі навязваюць да гумарыстычных, патрыятычных і жанравых сцэнак.

Сярод польскіх батлеек найбольш вядомыя кракаўскія, якія ўяўляюць сабой фантастычныя сцэны, звязаныя з малапольскім горадам; спасылаюцца на элементы архітэктуры Кракава. З 1937 года на Кракаўскім рынку ля помніка Адаму Міцкевічу ладзіцца выстава батлеек у спалучэнні з конкурсам на найпрыгажэйшую.

Перасоўныя батлейка ў кракаўскім касцёле бернардзінцаў/ PAP/Łukasz Gągulski Перасоўныя батлейка ў кракаўскім касцёле бернардзінцаў/ PAP/Łukasz Gągulski

Жыхары Кракава і турысты кожны год наведваюць таксама жывую батлейку, размешчаную перад базілікай кракаўскіх францысканцаў на вуліцу Францысканскай. Там можна ўбачыць – Святую сям'ю, поні, асла, ламу і казла. Кракаўская батлейка карыстаецца вялікая папулярнасцю, асабліва сярод семʼяў з дзецьмі:

- Вельмі прыгожая батлейка з сапраўднай жывёлай. Мне падабалася таксама тая другая – з жывымі акторамі. Здаецца, гэта сапраўдная сям’я – бацька, маці і дзіця.

Жывую батлейку ладзіць таксама Кракаўскі заапарк. Для наведвальнікаў падрыхтаваны канцэрт найпрыгажэйшых польскіх калядных песень.

Батлейка ў горадзе Аполе/ PAP/Krzysztof Świderski Батлейка ў горадзе Аполе/ PAP/Krzysztof Świderski

У іншым малапольскім горадзе – Тарнаве батлейка пабудаваная ў садзе ля кляштара бернардзінцаў. Сцэнаграфію штогод ладзяць браты, а жывёла прыязджае з вёскі ля Тарнава. У сёлетняй батлейцы ёсць куры, трусы, асёл, а таксама больш арыгінальныя «акторы»:

- Здаецца – гэта альпака, але я да канца не ўпэўнены. Ёсць карова, козы, гусі, куры, трусы... Гэта ўжо таксама традыцыя. Мы прыязджаем, першы за ўсё, каб дзеці паглядзелі.

Жывую батлейку ў Тарнаўскім кляштары бернардынцаў можна будзе глядзець штодня з 9.00 да 19.00 да 6 студзеня ўключна.

У сваю чаргу непадалёкі гарадок Тухаў можа пахваліцца адной з самых арыгінальных батлеек у Малапольшчы. Тут можна пабачыць дыназаўраў, самалёты, паветраныя шары, а таксама найважнейшых польскіх каралёў і Адама з Евай. Батлейка ў Тухаве – гэта адна з найбуйнейшых перасоўных батлеек у рэгіёне. Дзіцятку тут пакланяюцца некалькі сотняў фігур. Мясцовая батлейка на працягу многіх гадоў прыцягвае пілігрымаў, якія наведваюць санктуарый:

- Ёсць Езус, Марыя, кан’юшня, але і шмат нечаканых фігураў, напрыклад, дыназаўры.

- Яна цудоўная, усё тут рухаецца. Мы тут ужо паўгадзіны, а дачка надалей не хоча вяртацца дадому.

Батлейка ў Тухаве была створана ў 1975 годзе. У цэнтральнай частцы батлейкі – кан’юшня ў Бэтлееме, дзе Марыя, Юзаф і тры каралі схіляюцца над Дзіцяткам Езусам. Ушаноўваюць народжанага Збаўцу таксама польскія каралі, рыцары, шляхта і жыхары розных куткоў Польшчы ў рэгіянальнай вопратцы. Завяршае працэсію фігура кардынала Стэфана Вышыньскага і святога Папы Яна Паўла ІІ. Батлейка працуе круглы год, але найбольш людзей наведвае яе менавіта ў калядным перыядзе.

Адной з найбуйнейшых батлеек у Польшчы могуць палюбавацца вернікі ў базіліцы айцоў францысканаў у Катавіцах-Панеўніках. Батлейка ў Панеўніках традыцыйна адкрываецца падчас урачыстай імшы апоўначы і нязменна выклікае захапленне вернікаў:

- Яна вельмі прыгожая, такая каляровая. Дамінуе матыў блакітнага святла, якое нагадвае неба. Гэта мяне найбольш падабаецца.

- Я глядзела батлейку не першы раз. Уражае сам памер, паколькі яна займае ўвесь алтар. Былі дададзеныя новыя элементы. Францысканцы трымаюць якасць. Перш за ўсё, памер робіць уражанне.

Акрамя таго, у катавіцкай базіліцы можна ўбачыць выставу батлеек з усяго свету.

Выстава «Калядных батлеек з розных краін свету» ў Рыбніку/ PAP/Zbigniew Meissner Выстава «Калядных батлеек з розных краін свету» ў Рыбніку/ PAP/Zbigniew Meissner

Жыхары горада Познань могуць палюбавацца адной з буйнейшых батлеек у Еўропе, якая размяшчаецца ў францысканскім касцёле на Бэрнардынскай плошчы. Батлейка мае 14 метраў вышыні і 27 метраў глыбіні. У ёй знаходзіцца 400 фігураў, некаторыя з іх памерам дарослага чалавека, кажа айцец Амброжы Окрай:

- Па-першае неба зробленае з 800 метраў блакітнай тканіны. Галоўнае месца займае Божае дзіця. Яно пераконвае нас не баяцца. Хоць гэта вельмі важная падзея, што я да цябе прыйшоў, але я прыйшоў у такой постаці, каб ты не баяўся наладзіць са мной кантакт.

Францысканцы будуюць батлейку ў Познані ўжо чвэрць стагоддзя. Паглядзець яе можна да 2 лютага.
Тры батлейкі змогуць убачыць вернікі, якія прыедуць на Ясную Гару ў Чэнстахове. Традыцыйную батлейку пілігрымы знойдуць перад базілікай, меншую – у самой базіліцы, а перасоўную батлейку – у равах вакол кляштара. «Гэта адна з самых вялікіх батлеек у Польшчы, у ёй каля 500 фігурак», – кажа ксёндз Браніслаў Крашэўскі:

- Гэта перасоўныя фігуры. Кожная з іх прадстаўляе розныя штодзённыя заняткі. Дзіцятка Езус нараджаецца ў цішыні, але ў гэтым часе людзі маюць свае заняткі. Гэта адлюстроўваюць фігуры батлейкі. Усяго тут каля 500 фігураў. Апошнія з іх – каля 60 былі купленыя ў Італіі з мэтай пашырэння батлейкі.

Батлейкі на Яснай Гары можна глядзець з першага дня Калядаў.

Жывая батлейка ў варшаўскіх раёне Бяляны/PAP/Albert Zawada Жывая батлейка ў варшаўскіх раёне Бяляны/PAP/Albert Zawada

У сваю чаргу горад Беласток абвясціў конкурс на самыя прыгожыя і цікавыя самаробныя батлейкі. Іх можна прынесці ў Выставачны цэнтр Беластоцкай архідыяцэзіі 2 і 3 студзеня 2023 года. Гэта мерапрыемства для ўсёй сямʼі і людзей любога ўзросту. Асноўная мэта конкурсу – папулярызацыя традыцый, звязаных з Калядамі.

Традыцыйную батлейку з фігурамі Святой сям’і і жывёлай з пачатку снежня можна паглядзець у цэнтры Беластока. Штогод драўляную батлейку на плошчы Касцюшкі ўсталёўвае таварыства падтрымкі сям’і «Дарога». У сваю чаргу экуменічная батлейка ў другі раз была пастаўлена ў найбуйнейшым шпіталі рэгіёна – Універсітэцкім клінічным шпіталі ў Беластоку.

IAR/аз

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу

Ёлачныя ўпрыгажэнні – маленькія творы мастацтва

23.12.2022 17:01
У Музеі ёлачных упрыгажэнняў у Новай Дэмбе можна паназіраць за працэсам стварэння гэтых маленькіх цацак.