Беларуская Служба

Музеі карыкатуры запрашае пагуляць з Козлікам Матолэкам (ФОТА)

13.01.2023 16:01
Комікс, героем якога з’яўляецца добразычліва наіўны казёл, увайшоў у канон польскай дзіцячай літаратуры.
Аўдыё
  • Музеі карыкатуры запрашае пагуляць з Козлікам Матолэкам
  -  a a
Козлік Матолэк - ілюстрацыя Мар’янa ВалентыновічaFair use, https://en.wikipedia.org/w/index.php?curid=6921104

Музеі карыкатуры ў Варшаве запрашае на выставу «Скачы з Козлікам Матолэкам» («Fikaj z Koziołkiem Matołkiem»). Яна падрыхтаваная з нагоды 90-годдзя героя цыкла коміксаў для дзяцей, аўтарамі якіх з’яўляюцца пісьменнік Корнэль Макушынскі і мастак Мар’ян Валентыновіч.

Козлік Матолэк – літаратурны герой серыі кніжак, аўтарам тэксту якіх быў Корнэль Макушынскі, а каляровых малюнкаў – Мар'ян Валентыновіч. Гэта былі адны з першых у Польшчы апавяданняў для дзяцей у малюнках, якія выйшлі ў 1932 годзе.

З ініцыятывай стварыць кніжку для самых маленькіх выступіў выдавец Ян Гебэтнэр, які пераканаў да гэтай ідэі Марыяна Валентыновіча, а потым абодва паехалі ў гарадок Отвацк да Корнэля Макушыньскага ўгаварыць яго да супрацоўніцтва.

Хто прыдумаў героя кнігі, невядома. Па словах Марʼяна Валентыновіча, гэта ён прапанаваў слова «козлік», а назва «Матолэк» і горад «Пацанаў» былі ідэяй Корнэля Макушынскага. Такім чынам мы ведаем, што Козлік Матолэк нарадзіўся ў Отвацку.

Выставa «Скачы з Козлікам Матолэкам»/ PAP/Marcin Obara Выставa «Скачы з Козлікам Матолэкам»/ PAP/Marcin Obara

Гісторыя Козліка Матолэка лічыцца папярэднікам польскіх коміксаў. Хоць з моманту выдання першай кніжкі мінула столькі гадоў, а і апісаныя ў іх прыгоды тытульнага героя не абавязкова адпавядаюць сучаснай рэчаіснасці, то Козлік Матолэк па-ранейшаму вельмі папулярны сярод дзяцей у Польшчы, а сам комікс увайшоў у канон польскай дзіцячай літаратуры.

У цыкл кніжак уваходзяць: 120 прыгод Козліка Матолэка, Другая кніга прыгод Козліка Матолэка, Трэцяя кніга прыгод Козліка Матолэка і Чацвёртая кніга прыгод Козліка Матолэка. Сюжэт серыі зводзіцца з большага да кругасветнай вандроўкі нянадта разумнага героя ў пошуках легендарнага гарадка Пацанава – адзінага месца ў свеце, дзе нібыта падкоўваюць коз.
Прыгоды, вядома, незвычайныя і зусім неверагодныя, а сам казёл – сімпатычны і даверлівы, вясёлы і нязграбны, няспрытны і добразычліва наіўны.

Герой комікса адразу заваяваў сімпатыю чытачоў і стаў адным з самых пазнавальных герояў польскай дзіцячай літаратуры.

Дырэктар Музея карыкатуры Павел Плоскі(Paweł Płoski) паясняе, што экспазіцыя адрасавана, перш за ўсё, самым маленькім наведвальнікам, у прыватнасці дзецям ва ўзросце ад 4 да 10 гадоў:

- Гэта не выстава для традыцыйнага прагляду – гэта выстава для гульні. Гэта насамрэч гульнявая пляцоўка. З кнігі пра прыгоды Козліка Матолэка мы ўзялі розныя заняткі. Гэтыя задачы і гульні, натхнёныя прыгодамі героя апавяданняў Макушынскага і Валентыновіча павінны станоўча асацыявацца з Козлікам Матолэкам.

Спецыяліст па коміксах Міхал Жэчнік(Michał Rzecznik) паясніў, у чым заключаецца незвычайны характар выставы, наведвальнікі якой павінны выканаць асноўную задачу, то бок дабрацца да Пацанава:

- Пры ўваходзе ў музей дзеці атрымліваюць мапу, дзякуючы якой могуць перамяшчацца па выставе ў напрамку наведвання. Выстава складаецца з некалькіх рухомых элементаў і некалькіх нерухомых элементаў. Усё гэта стварае гульнявую пляцоўку, якая пазначаная на мапе свету, якую атрымалі дзеці. Вядома, маршрут вядзе да Пацанава. Там дзетак падкуюць і яны выходзяць з пакоя на маленькіх падкоўках.

Падарожжа ў Пацанаў – гэта доўгі і складаны маршрут. Каб перабрацца з кантынента на кантынент, наведвальнікам трэба будзе «пераадолець» акіяны, нагадаў дырэктар музея Павел Плоскі (Paweł Płoski):

- Спосабам на перасячэнне акіяна з’яўляецца цёмнасіні прасавальны каток, які нагадвае марскія хвалі. Дзіця павінна праслізнуцца ў яго і там перакуліцца, каб дабрацца на другі бераг. Гэта таксама сенсарная гульня, якая дае дзецям шмат радасці.

Наведвальнікі атрымаюць таксама іншыя заданні для выканання. Ім трэба будзе сціскацца, скакаць, слізгацца, поўзаць, цягнуць нешта, прымацоўваць і г.д. Паколькі наратыў выставы-гульні заснаваны на сюжэце комікса, то і на экспазіцыі выкарыстоўваюцца копіі арыгінальных малюнкаў з даваенных выданняў «Прыгодаў Козліка Матолэка».

Выставa «Скачы з Козлікам Матолэкам»/ PAP/Marcin Obara Выставa «Скачы з Козлікам Матолэкам»/ PAP/Marcin Obara

Дарэчы, у 2010 годзе ў гарадку Пацанава, які размяшчаецца ў Свентакшыскім ваяводстве, узнік Еўрапейскі цэнтр казкі ім. Козліка Матолэка. Установа праводзіць культурную дзейнасць, накіраваную на дзяцей, бацькоў і людзей, якія працуюць з дзецьмі.

У 1969–1971 гадах у Варшаўскай студыі фільмавых мініяцюраў быў створаны мультсерыял пад загалоўкам: « Дзіўныя прыгоды Козліка Матолэка».

Музычную афарбоўку мультсерыяла, аўтарства Адама Маркевіча, ведаюць амаль усе дарослыя палякі.
Выставу «Скачы з Козлікам Матолэкам» можна паглядзець да 19 сакавіка. На ейны час музей працуе штодзённа за выключэннем панядзелкаў. Па аўторках для арганізаваных груп уваход свабодны. Білеты можна набыць на месцы – у касе музея або праз інтэрнэт, выбраўшы канкрэтны дзень і час наведвання.

Медыйным патронам выставы з’яўляецца Польскае радыё дзецям.

IAR/аз

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу

«Гномы ёсць у свеце» – турыстычная сцежка ў Сувалках(ФОТА)

14.10.2022 12:01
Шпацыр па турыстычнай сцежцы імя Маріі Канапніцкай – гэта магчымасць пазнаёміцца з самымі цікавымі месцамі ў Сувалках.