Беларуская Служба

Польскі гісторык: З Літвы і Беларусі пасля паўстання 1863-1864 гг. у Сібір ссылалі цэлыя засценкі

26.01.2023 15:57
Паводле польскага гісторыка Веслава Цабана, у Сібір было саслана каля 38 тыс. удзельнікаў Студзеньскага паўстання.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". В.Цабан пра паўстанне 1863 г.
  -     ,    ,       . , , .      .
Летась у Санкт-Пецярбургу выйшла кніга «Участники Январского восстания, сосланные в Западную Сибирь, в восприятии российской администрации и жителей Сибири. Мемуары, письма, публицистика». Сярод складальнікаў зборніка — Веслаў Цабан. https://www.facebook.com/photo?fbid=546708584159914&set=a.295464749284300

22 студзеня Польшча адзначыла 160-годдзе пачатку Студзеньскага паўстання, а 1 лютага будзе адзначацца гадавіна яго пачатку ў Літве і Беларусі. 

Студзеньскае паўстанне ў 1863-1864 гг. ахапіла як землі Польшчы, так і Літвы, Беларусі і Украіны (Валыні). Перш за ўсё частка мясцовых палякаў, а таксама літоўцаў паўстала супраць Расійскай імперыі, якая захапіла гэтыя землі ў канцы XVIII ст. Польскі гісторык Веслаў Цабан напамінае дэталі патрыятычнага подзвігу.

Веслаў Цабан: — Студзеньскае паўстанне ахапіла (не толькі Польшчу. — Рэд.), але таксама Літву і Беларусь, часткова Украіну, але там яно было слабым.

Але ўвогуле паўстанне было заўчаснае, не ў свой час. Ні ў Каралеўстве Польскім, ні на «забраных землях» (тэрыторыях, далучаных у 1772—1795 гг. да Расійскай імперыі — сучасных Літвы, Беларусі, часткова Украіны і Латвіі. — Рэд.) паўстанне не было належным чынам падрыхтавана.

Да паўстання таксама далучыліся тыя людзі, якія былі сасланы ў Сібір пасля падаўлення Лістападаўскага паўстання (1830-1831 гг. — Рэд.). Але яны падкрэслівалі таксама, што яшчэ рана ўзнімаць паўстанне. Яны гаварылі пра тое, што спачатку трэба ўмацаваць пазіцыі (польскага. — Рэд.) народа, і толькі пасля гэтага, у зручны момант, уступіць ва ўзброены канфлікт (з Расіяй. — Рэд.). Тады б вынік паўстання, праўдападобна, быў іншы.

А так, паўстанне заўчасна ўзнялося, як мне здаецца.

Студзеньскае паўстанне выклікала жорсткія рэпрэсіі ў адносінах да яго ўдзельнікаў з боку ўлад Расіі. Пра наступствы на літоўска-беларускіх землях расказвае Веслаў Цабан.

Веслаў Цабан: — Больш за ўсё пацярпелі пазіцыі польскага элемента на літоўска-беларускіх землях. Прычым незваротна.

Дарэчы, ужо пасля Лістападаўскага паўстання польскі элемент апынуўся ў складанай сітуацыі. Але пасля Студзеньскага паўстання шляхецкія маёнткі перажывалі крызіс, былі пастаўлены на мяжу выжывання.

Калі ж гаварыць пра вынікі Студзеньскага паўстання для Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, то ў гэтым кантэксце мала што змянілася.

А вось імідж Расіі пасля падаўлення паўстання змяніўся. Раней іміджу Расіі быў нанесены ўдар паражэннем у Крымскай вайне (1853-1856 гг. — Рэд.). Аднак пасля падаўлення Студзеньскага паўстання пазіцыя Расіі ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе ўзмацнілася.

Веслаў Цабан з жалем канстатуе, што паўстанне 1863-1864 гг. не было падтрымана тымі краінамі Захаду, ад якіх палякі чакалі дапамогі.

Веслаў Цабан: — Без падтрымкі Захаду шансаў на (перамогу. — Рэд.) паўстання не было.

Трэба сказаць сабе праўду: Захад рабіў выгляд, што падтрымлівае паўстанне. Тут размова ідзе аб урадах краін Захаду.

Калі ж гаварыць пра насельніцтва (краін Захаду. Рэд.), то тут усё інакш. Але, як вы ведаеце, апошняе слова ў прыняцці рашэнняў за ўрадам, а не за насельніцтвам.

А без падтрымкі Англіі і Францыі паўстанне не магло (перамагчы. — Рэд.). Пры гэтым палякі не маглі разлічваць на падтрымку з боку Аўстрыі ці Прусіі, бо яны ігралі, так бы мовіць, на той жа ноце, што і Расія. Бо калі б палякі вызваліліся ад расійскага панавання, то, вядома ж, звярнулі б увагу на землі, захопленыя Аўстрыяй і Прусіяй. Таму не ў інтарэсах Аўстрыі і Прусіі было падтрымліваць гэта паўстанне. Гэта несумненна.

Але палякі сапраўды чакалі дапамогі ад урадаў Англіі і Францыі. Аднак гэта дапамога не прыйшла. Імператар Францыі Напалеон III у кантэксце інтрыг з Аўстрыяй рабіў выгляд, што збіраецца аказаць дапамогу палякам. Але на гэтым усё і скончылася.

Расійскі МЗС у гэтым хутка зарыентаваўся і спрабаваў выйграць час, разумеючы, што ніякага ўмяшання з боку Захаду не будзе. А тое, што будуць пастаўкі зброі, а яны былі, то гэта яшчэ нічога: самой зброі яшчэ мала, трэба, каб салдаты былі падрыхтаваны (ёю карыстацца. — Рэд.).

У Лістападаўскім паўстанні, дарэчы, салдаты былі падрыхтаваны. У Студзеньскім жа паўстанні ўдзельнічалі пераважна добраахвотнікі. А добраахвотнікі становяцца баяздольнымі толькі пасля адпаведнага навучання. Такі салдат мог карыстацца галоўным чынам французскай зброяй толькі пасля навучання. А калі яго не навучыць, то ён зможа ваяваць толькі касой. А касой у 1863 г. нямногае можна было зрабіць.

Адна толькі заходняя зброя не многім дапаможа, калі не будуць падрыхтаваны салдаты для яе абслугоўвання. Гэта трэба разумець.

На жаль, паўстанне пацярпела паражэнне. А адным з сімвалам гэтай трагедыі стала пакаранне смерцю на Лукішскай плошчы ў Вільні аднаго з правадыроў паўстання Вінцэнты Канстанты Каліноўскага. Многія паўстанцы былі сасланы ў Сібір. Пачалася ўзмоцненая русіфікацыя.

Летась у Санкт-Пецярбургу, у выдавецтве “Алетейя”, выйшаў чарговы том “Польско-сибирской библиотеки” — кніга «Участники Январского восстания, сосланные в Западную Сибирь, в восприятии российской администрации и жителей Сибири. Мемуары, письма, публицистика». Сярод складальнікаў зборніка — Веслаў Цабан. Кніга ўбачыла свет дзякуючы падтрымцы польскай Нацыянальнай праграмы развіцця гуманітарных навук.

У выданні вельмі шмат унікальных сведчанняў аб знаходжанні ссыльных палякаў, у т.л. выхадцаў з Літвы і Беларусі, у Сібіры.

Веслаў Цабан: У Сібір было саслана каля 38 тыс. паўстанцаў. Гэта вельмі многа!

У перыяд паміж Лістападаўскім і Студзеньскім паўстаннем, г. зн. у 1830-1850-я гг., таксама ссылалі ў Сібір. Але раней ссылалі непараўнальна менш.

Ранейшыя ссыльныя ў асноўным паходзілі са шляхты. Гэтым яны адрозніваліся ад ссыльных удзельнікаў Студзеньскага паўстання, бо апошнія складаліся не толькі са шляхты, але і з мяшчан, сялян, асабліва многа было дробнай шляхты з “забраных зямель”, г.зн. з літоўска-беларускіх. Адсюль у Сібір ссылалі цэлыя засценкі.

Рускі жывапісец  Васіль Верашчагін сведчыў, што “палякаў у Заходняй Сібіры было такое мноства, што нейкі жартаўнік назваў гэтыя губерні польскім каралеўствам”.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

М. Каламайская-Саід: З амаль 200 рымска-каталіцкіх кляштараў, скасаваных пасля паўстання 1830–1831 гг., захавалася 10%

24.03.2022 15:46
Мастацтвазнавец Марыя Каламайская-Саід уклала, а Інстытут Polonika падрыхтаваў і выдаў двухтомны альбом Rosyjskie plany klasztorów skasowanych w roku 1832.