Беларуская Служба

Ян Нагурскі – першы ў свеце пілот-палярнік, якога слава спаткала толькі на схіле жыцця

10.02.2023 08:08
Агулам у жніўні і верасні 1914 года Ян Нагурскі пераадолеў больш за 1100 кіламетраў, праляцеўшы над Арктыкай.
Аўдыё
  • Ян Нагурскі – першы ў свеце пілот-палярнік, якога слава спаткала толькі на схіле жыцця
:    1959
Крыніца: Яна Нагурскі ў 1959 годзе Foto: PAP/Piotr Barącz

135 гадоў таму – 8 лютага 1888 года – нарадзіўся Ян Нагурскі, лётчык, інжынер, першы ў свеце палярны лётчык і першы выканаўца паветранай акрабатыкі – пятлі – на гідрасамалёце. Свае арктычныя палёты ён апісаў у кнізе «Першыя над Арктыкай». Яшчэ пры жыцці Нагурскі спазнаў поўнае забыццё і наноў здабытую славу.

У 1914 годзе паляк Ян Нагурскі, будучы афіцэрам расійскага імператарскага флоту і лётчыкам, распачаў паветраны пошук экспедыцыі загінуўшага даследчыка палярных рэгіёнаў Георгія Сядова. Разам з механікам Яўгенам Кузняцовым яны дабраліся да астравоў Новай Зямлі. Там у палярных умовах сабралі прывезены ў скрынях французскі гідрасамалёт Farman MF11.

Стартаваўшы з астравоў Новая Земля, 21 жніўня 1914 г. Нагурскі здзейсніў сваю першую паветраную экспедыцыю над Арктыкай. Больш за 400 кіламетраў былі пераадоленыя за 4 гадзіны 20 хвілін. У наступныя дні ён ажыццявіў чарговыя разведвальныя палёты над Баранцавым морам у напрамку архіпелага Зямля Франца-Іосіфа.

Падчас адной з такіх экспедыцый Ян Нагурскі заўважыў сляды прысутнасці чалавека на Выспе Панкрацьева, пакінутыя падчас адной з экспедыцый. Пра гэты вопыт ён згадваў у перадачы Польскага радыё ў 1960 годзе:

-Паверхня лёду – «фантастычная» для палёту, бо струмень снегу і паветра кідае машыну ў розныя бакі. Рухавік працаваў добра і мяне гэта супакойвала, бо ўсведамляў, што менавіта ад працы рухавіка залежыць наша быць альбо не быць. Прылятаючы над Востравам Панкрыцьева бачылі маржоў, белых мядзведзяў і раптам заўважылі малую драўляную хацінку. Значыць тут павінны сядаць.

На наступны дзень разам з механікам Ян Нагурскі сапраўды прызямліўся на востраве. Перайшоўшы небяспечныя разломы і ледзяныя расколіны, яна дабраліся да той хаціны:

-Усё зачынена, але мы ўвайшлі туды. Бачу стол, а на ёй на бляшаную тубу. У ёй мы знайшлі нататкі Георгія Сядова. З іх вынікае, што ёг зімаваў у гэтым дамку з 1912 на 1913 год. Таксама там была інфармацыя аб тым, як праходзіла экспедыцыя, хто ў ёй удзельнічаў і як загінуў. Нататкі ўтрымлівалі таксама навуковую інфармацыю аб яго даследаваннях.

Таксама там была інфармацыя аб тым, куды падзеўся шуканы палярнік і яго група. Пазней Нагурскі даведаўся, што Сядоў памёр падчас астатняй часткі экспедыцыі і быў пахаваны на Востраве Рудольфа, які ўваходзіць у архіпелаг Зямля Франца-Іосіфа.

Агулам у жніўні і верасні 1914 года Ян Нагурскі пераадолеў больш за 1100 кіламетраў, праляцеўшы над Арктыкай. Авіятар правёў у паветры больш за 11 гадзін 30 хвілін. Такая былая першая ў гісторыі чалавецтва авіяэкспедыцыя на крайнюю поўнач. І яе здзейсніў паляк.

Гісторыя Яна Нагурскага ўражвае не толькі адважнасцю палярнікаў і смеласцю іх наватарскай думкі але пазнейшым забыццём асобы авіятара.

Калі Ян Нагурскі вярнуўся з Арктыкі, ішла Першая сусветная вайна. Яму даручылі патруляваць Балтыйскае мора. У 1916 годзе самалёт Нагурскага быў збіты немцамі, але лётчык цудам застаўся жывы. Аднак яго ацаленне не зафіксавана ў афіцыйных нататках. Нягледзячы на тое, што ён працягваў службу ў марской авіяцыі, якую пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі пераняла Чырвоная Армія, у дакументах палярнік Ян Нагурскі значыўся як загінулы рускі лётчык.

У 1919 годзе вярнуўся ў Польшчу, але ў Войска Польскае не быў прыняты з прычыны ранейшай службы ў Чырвонай Арміі. Палярнік працаваў інжынерам, але па-ранейшаму цікавіўся даследаваннем Арктыкі. Сярод супольнасці палярнікаў пра подзвігНагурскага памяталі, але лічылася, што ён даўно загінуў. Аднак заслужаная слава вярнулася да палярніка, а дапамог забаўны выпадак.

Пасля Другой сусветнай вайны, у 1955 годзе Ян Нагурскі быў сярод прысутных на сустрэчы з аўтарам кніг пра Арктыку навукоўцам Чэславам Цэнткевічам. Пісьменнік распавядаў пра заслугі Нагурскага, але казаў пра яго як пра загінулага рускага лётчыка. А што было далей у 1960 годзе Польскаму радыё распавёў сам Нагурскі:

-Я не вытрымаў, устаў і гучна заявіў, аб тым, што я не адчувае сябе, а ні мёртвым, а ні рускім. Усе здзівіліся, я таксама перапужаўся. На момант здавалася, што мяне ўспрынялі за нейкага дзівака. Прафесар пасля доўгай размовы са мной пераканаўся, што я – той самы Нагурскі, які ў 1914 годзе лятаў над Арктыкай.

Пасля гэтай сустрэчы пра заслугі Яна Нагурскага шырока даведаліся як у Польшчы, так і ў тагачасным СССР. Перажытае ён апісаў у кнігах «Першы над Арктыкай» і «Над палаючай Балтыкай». У 1936 годзе на Зямлі Франца-Іосіфа імем нібы загінулага Нагурскага была названа метэаралагічная станцыя.

Ян Нагурскі памёр у 1976 годзе ва ўзросце 88 гадоў, аточаны пашанай і заслужанай славай, як першы ў свеце пілот-палярнік.

Слухайце аўдыё!

эж

 

Больш на гэтую тэму: Машына часу