Беларуская Служба

Каралеўскі замак на Вавелі адкрые свае таямніцы

24.03.2023 11:03
Каралеўскі замак у Кракаве адкрые для турыстаў унікальны падземны маршрут.
Аўдыё
  • Каралеўскі замак на Вавелі адкрые свае таямніцы
 ,
Вавельскі замак, КракаўDzidekLasek/pixabay.com/CC0 Public Domain

Каралеўскі замак на Вавелі з'яўляецца адным з самых вядомых еўрапейскіх помнікаў архітэктуры і адной з дзвюх найважнейшых каралеўскіх рэзідэнцый у Польшчы. Гэты знакавы кракаўскі аб’ект архітэктуры быў унесены ў першы ў свеце спіс абʼектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Нягледзячы на заслужаны прэстыж, якім карыстаецца музейная ўстанова пастаянна рыхтуе новыя прапановы для наведвальнікаў. Неўзабаве ў замкавым комплексе будзе адкрыты новы падземны маршрут.

Каралеўскі замак на Вавелі ў Кракаве рыхтуе для новы ўнікальны турыстычны маршрут. Неўзабаве з гісторыяй славутай каралеўскай рэзідэнцыі можна будзе знаёміцца з перспектывы ейных падвалаў, кажа дырэктар Вавельскага замка прафесар Анджэй Бэтлей (Andrzej Betlej):

- Я спадзяюся, што ў канцы гэтага года мы запросім нашых гасцей у прасторы, якія ніколі раней не былі даступныя. Гаворка ідзе пра тэрыторыю пад усходняй часткай комплекса каралеўскай рэзідэнцыі на Вавелі. Прастора падвалаў велізарная. Мы плануем паказаць у ёй не толькі захаваныя арыгінальныя сцены сучаснай – рэнесанснай рэзідэнцыі, але таксама фрагменты ранейшага гатычнага замка. Будуць прадстаўлены архітэктурныя дэталі знойдзеныя і захаваныя падчас больш чым стогадовых інтэнсіўных кансерватарскіх работаў на тэрыторыі каралеўскай рэзідэнцыі на Вавелі.

Музейшчыкі пакажуць фрагменты гістарычнай малой архітэктуры з выкарыстаннем анастылоза. Анастылоз – гэта метад рэстаўрацыі, які зводзіцца да ўсталявання архітэктурных дэталяў на іх першапачатковых месцах, без штучнага дапаўнення адсутных частак помніка.

- У гэтай частцы трасы таксама можна будзе пабачыць, сказам так, сэрца сярэднявечнай рэзідэнцыі – найстарэйшы захаваны гатычны калодзеж. З Лапідарыя, у якім гісторыю замка «расказваюць» камяні, мы зможам прайсці да часткі экспазіцыі вавельскага арсенала – Зброевай палаты.

Падваламі Вавельскага замка будуць праходзіць розныя тэматычныя трасы. Адна будзе паказваць гісторыю архітэктурных зменаў, якія на працягу стагоддзяў адбыліся ў замку на Вавелі. Другая, не менш цікавая траса, будзе навязваць да геалогіі вавельскага ўзвышша:

- Гэта наступная частка падвалаў Вавеля. З боку Віслы можна будзе паглядзець найстарэйшыя захаваныя ўмацаванні, якія адносяцца да рамнскіх, а нават дарамснскіх часоў. Згаданая частка экспазіцыі будзе закранаць ісціну Вавеля – то бок яго горную пароду. Мы будзем расказваць пра геалагічныя перамены згаданага месца. Усё гэта будзе спалучанае з найбольш вядомай часткай падземнай трасы на Вавелі, то бок Цмочай ямай – пячорай, якая размяшчаецца ля падножжа Вавельскага ўзгорка.

Вавель – надзвычай натхняльнае месца, пераконвае дырэктар Анджэй Бэтлей:

- Тое, што бачаць нашыя турысты, то бок каралеўскую рэзідэнцыю з пачатку XVI стагоддзя, рэнесансавы аркадны ўнутраны двор – гэта толькі частка таго, што прапануе Вавель. Варта нагадаць, што акрамя «Падземнага Вавеля», які складаецца з Лапідарыя, тэрыторыі паміж умацаваннямі, геалагічнай выставы і зброевай палаты, на ўзгорку ёсць яшчэ некалькі іншых археалагічных запаведнікаў. Гэта, напрыклад, «Зніклы Вавель» з рэканструкцыяй Ратонды святых Фелікса і Адаўкта з X стагоддзя – гэта найстарэйшае збудаванне на Вавельскім ўзгорку. Асобным запаведнікам з’яўляецца прастора касцёла святога Герэона. Аднак, гэтая новая траса дасць турыстам магчымасць уявіць сабе маштаб пераўтварэнняў, якія на працягу стагоддзяў адбываліся на Вавелі. Больш за тое, гэта будзе надзвычай прывабная траса. Мы будзем пускаць гасцей у месцы, якіх раней яны не маглі наведваць.

Новы маршрут, гэта таксама вялікі адукацыйны патэнцыял, які дазволіць турыстам зразумець, што цяперашняя форма Вавельскага замка, гэта толькі апошні элемент багатай, бо больш за тысячагадовай гісторыі Вавельскага ўзгорка:

- Трэба памятаць, што на пачатку мінулага стагоддзя Вавель выглядаў зусім інакш, чым цяпер. Гэта быў вялікі ўчастак, на якім праходзілі буйныя кансерварскія работы. Калі комплекс прыстасоўвалі пад музей, былі зробленыя шмат адкрыццяў. У тым ліку былі выяўленыя шматлікія элементы з XІX стагоддзя, калі Вавель служыў, як цытадэль для аўстрыйскіх акупантаў. Многія выяўленыя тады элементы збіраліся ў рамках лапідарыя. Гэтая калекцыя папоўнілася таксама ў ходзе работ, праведзеных пасля Другой сусветнай вайны. Усе згаданыя артэфакты, сабраныя разам і паказаныя ў новай аранжыроўцы, дазволяць нам зразумець, што Вавель – гэта не толькі музей і каралеўская рэзідэнцыя.

Адна з цікавых калекцый, гэта вавельскія цаглінкі са сцяны, якая вяла да Гербавай брамы. Згаданыя цаглінкі нагадвалі пра фундатараў будаўніцтва і рэканструкцыі Вавельскага замка. Пры дапамозе мультымедыйных інструментаў музейшчыкі раскажуць турыстам пра асобы, якія прычыніліся да адбудовы і рэстаўрацыі замка на Вавелі:

- Адкрыццё новага маршрута для наведвальнікаў запланаванае на кастрычнік 2023 года, таму інвестыцыйны праект – вельмі інтэнсіўны. Мы хацелі б, каб турысты маглі наведваць замкавыя падвалы ўжо на пачатку новага акадэмічнага года.

- заявіў дырэктар Вавельскага замка прафесар Анджэй Бэтлей.

Між тым, з 30 сакавіка Вавельскі замак запрашае на выставу «Экспрэсія. Скульптура львоўскага ракако», на якой будуць прэзентаваныя творы Івана Георгія Пінзеля (Johann Georg Pinsl) – пачынальніка Львоўскай школы скульптараў. Выставу можна будзе глядзець на Вавелі да 22 кастрычніка.

PR1/кя/аз

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу

Замак у Тучне – адна з найпрыгажэй распаложаных рэзідэнцый у Польшчы

17.03.2023 10:45
Рэзідэнцыя роду Ведэляў у Тучне, як амаль кожны гістарычны будынак, мае сваю трагічную легенду.