Беларуская Служба

Польскі бестсэллер па-беларуску: Раман Шчэпана Твардаха «Кароль» – пра каханне і гвалт на фоне прадчування вайны

31.03.2023 16:13
Адзін з польскіх бестселераў апошніх гадоў – раман Шчэпана Твардаха «Кароль» у беларускім перакладзе Міколы Раманоўскага выйшаў у выдавецтве «Янушкевіч».
Аўдыё
  • Раман Шчэпана Твардаха «Кароль» – пра каханне і гвалт на фоне прадчування вайны.
            .
Раман Шчэпана Твардаха «Кароль» – пра каханне і гвалт на фоне прадчування вайны.Фота з адкрытых крыніц

Адзін з польскіх бестселераў апошніх гадоў – раман Шчэпана Твардаха «Кароль» у беларускім перакладзе Міколы Раманоўскага выйшаў у выдавецтве «Янушкевіч».

Прыгожыя машыны, жанчыны, халодная гарэлка і гарачая кроў. Бокс, раёны галечы і раскошныя бардэлі, бруд раёна Воля і шыкоўныя вуліцы ў цэнтры горада. Габрэі і палякі. Этнічны, сацыяльны, рэлігійны і палітычны плавільны кацёл Варшавы 1937 года. І над усімі падзеламі правілы гангстарскага свету, дзе сіла – самая каштоўная валюта. Раман Шчэпана Твардаха «Кароль» – пра каханне і гвалт на фоне прадчування вайны.

Андрэй Янушкевіч паспяхова займаўся выдавецкай дзейнасцю ў Беларусі з 2014 году. За гэты час ён выдаў больш за 150 кніг. Гэта і мастацкая, і гістарычная навуковая, і дзіцячая беларуская літаратура, а таксама пераклады сусветнай літаратуры на беларускую мову.

Аднак у сувязі з пераследам выдавец быў вымушаны пераехаць у Польшчу. Тут таксама ён аднавіў дзейнасць выдавецтва «Янушкевіч», якое ў Польшчы пачало афіцыйна працаваць 20 студзеня.

Выдавец Андрэй Янушкевіч адзначае, што польская проза цяпер прадстаўленая моцнымі аўтарамі:

– Я лічу, што Шчэпан Твардах – унікальны аўтар з цікавым стылем, пытанні, якія ён падымае, універсальна вечныя. І ён іх класна кладзе на гістарычны грунт. Гэтая проза будзе цікавая чытачу любой краіны свету.Поспех, які Шчэпан Твардах мае ўжо дзесяць гадоў, таксама факт, які нельга абмінуць. Але перадусім гэта цікавы, вобразны стыль. Я люблю апошнім часам кнігі, якія спалучаюць высокую прозу, інтэлектуальнасць і ў той жа час, тэксты, даступныя масаваму чытачу. І разам з тым гэтыя творы не назавеш белетрыстыкаю. У Германіі, напрыклад, такім аўтарам я лічу Даніеля Кельмана.

Выдавец Андрэй Янушкевіч мяркуе, што кніга «Кароль» вельмі яскрава перадае атмасферу міжваеннай Варшавы, чытач можа «перасяліцца ў той час».

Паводле рамана «Кароль» у Польшчы быў зняты аднайменны серыял, які атрымаў выдатныя ацэнкі ад крытыкаў і стаў адным з самых паспяховых тэлевізійных праектаў.

вх