Беларуская Служба

Інстытут нацыянальнай памяці выпусціў гульню пра дыверсійныя акцыі Арміі Краёвай

06.04.2023 08:01
Гульня прызначана для вучняў апошніх класаў базавай школы і вучняў сярэдняй школы, а таксама дарослых.
Здымак мае ілюстрацыйны характарPexels/pixabay.com/CC0 Public Domain

«Ад імя Рэспублікі Польшча. Дзеянні Упраўлення дыверсіямі Арміі Краёвай у акупаванай Варшаве» – гэта найноўшая гульня Інстытута нацыянальнай памяці, прысвечаная найбольш вядомым акцыям узброеных атрадаў Польскай падпольнай дзяржавы ў акупаванай Польшчы. Нагадваем, асобную дывізію Арміі Краёвай, прызначаную для вядзення баявых і дыверсійных дзеянняў – Кэдыў (поль. Kedyw), заснаваў камандуючы Арміяй Краёвай палкоўнік Стэфан «Грот» Равэцкі 22 студзеня 1943 года.

Гульню выпусціла варшаўскае аддзяленне Інстытута нацыянальнай памяці з нагоды 80-годдзя стварэння Кэдыва. Аўтар гульні Анджэй Крыньскі(Andrzej Kryński) паясняе, што ў гульню можна гуляць на смартфонах:

- У гульні мы расказваем пра такія вядомыя акцыі, як акцыя: «пад Арсеналам», «Кучэра», «Гофман», «Браўн», а таксама акцыю «Гураль» – мэтай якой было пераняць каля 100 мільёнаў тагачасных злотых на дзейнасць Польскай падпольнай дзяржавы.

Анджэй Крыньскі паясняе, што гульня мае форму складанай гістарычнай віктарыны:

- Акцыя гульні не з’яўляецца асабліва працяглай, але перад пачаткам мы раім пазнаёміцца з кароткай гісторыяй згаданых узброеных акцыяў. Праўда, не на ўсе пытанні мы знойдзем адказ у згаданых тэкстах. Часам, каб адказаць на нейкае пытанне, трэба будзе пашукаць у інтэрнэце, прагледзець мапы, нешта палічыць або зламаць код…

Анджэй Крыньскі дадае, што ў гульні выкарыстоўваюцца фатаграфіі і ілюстрацыі, якія дакументуюць дзейнасць Кедыва:

- Мы ілюстравалі гульню здымкамі з розных дзяржаўных архіваў. На іх мы зможам паглядзець удзельнікаў згаданых дыверсійных акцыяў і месцы, у якіх яны адбыліся.

Гульня прызначана для вучняў апошніх класаў базавай школы і вучняў сярэдняй школы, а таксама дарослых. Пагуляць у яе можна на смартфонах з аперацыйнай сістэмай Android або iOS пасля загрузкі бясплатнага прыкладання ActionTrack. Больш падрабязную інфармацыю можна знайсці на старонцы: warszawa.ipn.gov.pl.

IAR/аз

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка