Варшаўская галерэя «Кардэгарда» запрашае на выставы «Памяць. 1943», якая адбываецца ў рамках адзначэння 80-й гадавіны Паўстання ў Варшаўскім гета. На выставе, між іншым, паказаныя артэфакты, выяўленыя падчас археалагічных раскопак, праведзеных на былой тэрыторыі гета ў Варшаве. Згаданыя прадметы з'яўляюцца ўнікальным сведчаннем паўсядзённага жыцця габрэйскіх жыхароў тагачаснай Варшавы.
Паўстанне ў Варшаўскім гета было найбуйнейшым узброеным зрывам габрэйскага насельніцтва падчас Другой сусветнай вайны, нагадвае віцэ-міністр культуры і нацыянальнай спадчыны Яраслаў Сэлін(Jarosław Sellin). Паводле яго, выстава ў галерэі «Кардэгарда» ўшаноўвае памяць ахвяраў:
- Немцы нясуць поўную адказнасць за знішчэнне Польшчы і смерць амаль 6 мільёнаў ейных жыхароў, у тым ліку 3 мільёнаў польскіх габрэяў. Памяць аб нямецкіх злачынствах, учыненых на тэрыторыі Польшчы супраць польскіх грамадзян – гэта не толькі, абавязак, але і элементам нашай ідэнтычнасці. Халакост, па-ранейшаму, застаецца крывацечнай ранай і неймаверна жахлівым злачынствам, якога мы не забудзем. Паўстанне ў Варшаўскім гета, як і пачатае годам пазней Варшаўскае паўстанне, было адчайнай, гераічнай, трагічнай барацьбой жыхароў акупаванага горада, сталіцы Польшчы, за свабоду і годнасць.
Згаданая памяць асабліва важная ў цяперашні час, калі ў выніку жорсткасці і імперскай палітыкі Расіі ў нашыя дзверы зноў пастукалася вайна, падкрэсліў намеснік міністра культуры:
- Зараз мы глядзім на гісторыю, схаваную ў бункерах. Мы робім гэта насуперак сухому сказу, запісанаму ў справаздачы нямецкага камандзіра Юргена Штропа, які 16 траўня 1943 года пісаў: «Былы габрэйскі жылы квартал у Варшаве перастаў існаваць».
Выстава «Памяць. 1943» складаецца з дзвюх частак. Унутры галерэі «Кардэгарда» прадстаўлены, між іншым, дакумент, які апісвае трагедыю Варшаўскага гета ў выглядзе тэксту і лічбаў, ілюстраваных шматлікімі фотаздымкамі ваеннага перыяду. Гаворка ідзе пра «Справаздачу Юргена Штропа», які будзе адным з найважнейшых экспанатаў, будаванага Музея Варшаўскага гета.
Нагадваем, групенфюрар СС Юрген Штроп быў адным з камандзіраў акцыі падаўлення паўстання ў Варшаўскім гета. У 1947 годзе амерыканскі трыбунал у Дахау прысудзіў Штропа да смяротнага пакарання за расстрэлы закладнікаў у Грэцыі. Пасля перадачы польскім уладам ізноў быў прысуджаны да смяротнага пакарання. Штроп быў павешаны ў Варшаве 6 сакавіка 1952 года.
Знаходзячыся ў камеры смяротнікаў, Юрген Штроп шмат чаго распавёў сваім сукамернікам пра падаўленне паўстання. Ягоныя «паказанні» сталі вядомымі дзякуючы кнізе Казімежа Мачарскага «Гутаркі з катам». Мачарскі – жаўнер Арміі Краёвай – нейкі час знаходзіўся разам са Штропам у адной камеры. На падставе апавяданняў немца ён напісаў сваю кнігу.
Справаздача Юргена Шроопа – гэта жахлівае сведчанне злачынства, учыненага немцамі, кажа віцэ-старшыня Інстытута нацыянальнай памяці Караль Палеёўскі(Karol Polejowski):
- Справаздача нямецкага камандзіра Юргена Шроопа – гэта жахлівае сведчанне злачынства, учыненага немцамі, і ў той жа час доказ вялікага гераізму жменькі людзей прысуджаных да паразы – паўстанцаў, якія вырашылі змагацца за свой гонар. Справаздача падсумоўвае тое, што Немцы зрабілі тут, у Варшаве, вясной 1943 года і, адначасова, сведчыць пра гераізм тых, хто не пагадзіўся з таталітарызмам, не пагадзіўся сысці без супраціўленьня.
На выставе ў галерэі паказаныя таксама артэфакты, знойдзеныя падчас раскопак на тэрыторыі былога Варшаўскага гета, якія ў 2022 годзе правялі археолагі Інстытута нацыянальнай памяці.
Амбасадар Ізраіля ў Польшчы Якаў Ліўнэ (Jaakow Liwne) падкрэслівае значэнне гэтай працы:
- Тое, што адбылося ў гета, было важным для людзей з Польшчы, Ізраіля і ўсяго свету. Гэта было важнае, таму што паўстанне ў Варшаўскім гета стала сімвалам – сімвал для людзей і сімвал людзей, якія змагаліся не толькі за сваё жыццё, але і за свой гонар. Варшаўскае гета – гэта не было адзінае месца, дзе габрэі змагаліся супраць нацызму, супраць немцаў і супраць лёсу падчас Другой сусветнай вайны.
Дырэктар будучага Музэя Варшаўскага гета Альбэрт Станкоўскі (Albert Stankowski) падкрэсліў, што выстава ўшаноўвае памяць пра гераічнае паўстанне вязняў гета супраць нямецкіх нацысцкіх катаў:
- У выніку сутыкнення з нацысцкім варварствам, і гета і яго жыхары перасталі існаваць. Забітыя на вуліцах, у бункерах, вывезеныя ў лагеры… Аднак памяць пра іх засталася ў сведчаннях відавочцаў гэтага знішчэння, а таксама ў нямецкіх крыніцах.
Варшаўскае гета – гэта важны раздзел у гісторыі Халакоста, які зʼяўляецца сімвалам неймавернай жорсткасці і пакут, канстатуе дырэктар Нацыянальнага цэнтра культуры Рафал Віснеўскі(Rafał Wiśniewski):
- Смутак і памяць аб Халакосце не мінаюць, яны пераносяцца наступнымі пакаленнямі. Памяць азначае адказнасць перад мінулым, сучасным і будучым. Мужнасць глядзець у вочы праўдзе і жахлівасці злачынства зʼяўляюцца элементамі агульнай жалобы, вялікай жалобы народаў і жалобы па памерлых. Гэтая выстава незвычайная тым, што яна складаецца з бясцэнных экспанатаў: «Справаздачы Штропа», а таксама ўпершыню паказаных прадметаў, якія належалі жыхарам гета.
- кажа дырэктар Нацыянальнага цэнтра культуры Рафал Віснеўскі.
Другую, вонкавую частку выставы, якая складаецца з плакатаў з інфаграфікай, аўтарства Кубы Мазуркевіча, можна паглядзець насупраць галерэі «Кардэгарда». Яна расказвае пра будаўніцтва сцяны вакол гета, яго стварэнне, а таксама пра тое, што адбывалася ў ім у 1940-1943 гадах.
На плакатах размешчаны QР-коды, якія адсылаюць да больш падрабязнай інфармацыі на сайце Музея Варшаўскага гета.
У рамках адзначэння 80-годдзя Паўстання ў Варшаўскім гета на працягу года запланаваныя больш за 170 міжнародных мерапрыемстваў. Гэта выставы, канцэрты, тэатральныя пастаноўкі, навуковыя і адукацыйныя сесіі, майстар-класы, вэбінары і дыскусіі.
Выставу «Памяць. 1943« у варшаўскай галерэі «Кардэгарда» можна глядзець да 7 траўня бягучага года. Экспазіцыю падрыхтавалі Музей Варшаўскага гета і Нацыянальны цэнтр культуры.
Анна Задрожна/IAR