Беларуская Служба

У холе Цэнтральнага чыгуначнага вакзалу Варшавы паказана біяграфія святароў, расстраляных у Катыні

18.04.2023 08:09
Выстава мае назву «Куды цябе пашлюць, туды і пойдзеш...»
Аўдыё
  • У холе Цэнтральнага чыгуначнага вакзалу Варшавы паказана біяграфія святароў, расстраляных у Катыні
.
.scottwebb/pixabay.com/CC0

У холе Цэнтральнага чыгуначнага вакзалу Варшавы працуе выстава «Куды цябе пашлюць, туды і пойдзеш...», на якой прадстаўлены біяграфіі дзесяці вайсковых капеланаў розных канфесій, афіцэраў Войска Польскага, забітых у катынскім расстрэле ў 1940 годзе.

13 красавіка ў Польшчы адзначаюць Нацыянальны дзень памяці ахвяр катынскага расстрэлу, гэта была 80-я гадавіна адкрыцця масавых пахаванняў польскіх афіцэраў і раскрыцця гэтага злачынства. Старшыня праўлення Польскай чыгункі Кшыштаф Маміньскі адзначыў, што выстава ўшаноўвае памяць вайсковых капеланаў, якія суправаджалі жаўнераў да канца і былі забітыя на Усходзе:

-Апошні шлях больш за 30 вайсковых капеланаў, дасведчаных і клерыкаў, вёў у лагеры для палонных і ў магілы смерці. Яны былі з імі да канца. Загінулі, паколькі давалі сілу, веру і надзею. Давайце памятаць пра ахвяр катынскага расстрэлу. Памятайма пра катынскіх капеланаў, якія пайшлі туды, куды іх выслалі. Былі з імі да канца.

Вядомыя 33 імёны забітых у Катыні капеланаў. Сярод іх 24 каталіцкія святары, два семінарысты, адзін грэка-каталіцкі святар, па адным пастары Евангелічна-Аўгсбургскай Царквы і Евангелічна-Рэфармаванай Царквы, тры праваслаўныя святары і адзін рабін.

17 снежня 2009 году 23 катынскія капеланы былі вылучаны кандыдатамі ў працэс беатыфікацыі мучанікаў Усходу часоў Другой сусветнай вайны, каб прадстаўляць усіх палякаў, дэпартаваных з лагераў у Казельску, Старабельску, Асташкаве і забітых у 1940 годзе ў СССР.

Выстава была створана па ініцыятыве Таварыства капеланаў «Памяць Катыні», а ў яе рэалізацыі дапамог Ваенна-выдавецкі інстытут. Экспазіцыя будзе працаваць да канца красавіка.

ав

Больш на гэтую тэму: Агляд падзей культуры