1-2 чэрвеня 2023 г. у Варшаве прайшла міжнародная навуковая канферэнцыя “Мова, літаратура і культура Беларусі ў Польшчы і свеце”, арганізаваная кафедрай беларусістыкі факультэта прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўніверсітэта. Адным з удзельнікаў навуковага форуму была вядомы польскі беларусіст і ўкраініст, кіраўнік кафедры міжкультурных даследаванняў факультэта прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўніверсітэта праф. Яанна Гэтка.
Праф. Гэтка падзялілася сваім бачаннем месца і ролі беларускай мовы ў працэсе фарміравання сучаснай беларускай нацыі, у прыватнасці, у кантэксце тых сацыякультурных працэсаў, штуршком да якіх паслужылі падзеі 2020 года ў Беларусі і вайна, пачатая ў 2022 годзе Расіяй пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі — г.зв. “русским миром” супраць Украіны.
Аднак усё пачалося намнога раней, — напамінае польская вучоная.
Яанна Гэтка: — У 1994 г., з прыходам да ўлады ў Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, ён прапанаваў свой контрпраект беларускай ідэнтычнасці, які апісваецца ў навуковай літаратуры як неасавецкі, заходнерускі, русафільскі. Гэты праект Лукашэнка адрасаваў рускамоўным беларусам, супрацьпастаўляючы яго ранейшай спробе фарміравання беларускай нацыі.
Гэтая беларуская ідэнтычнасць, у версіі Лукашэнкі, бярэ вытокі ад г. зв. cтаражытнарускай супольнасці, абапіраецца на прынцыпы фарміравання г. зв. заходнерускай супольнасці, якая адасабляецца ад культур Захаду.
Такім чынам, беларусы былі пастаўлены перад выбарам: Усход або Захад. Няма нічога пасярэдзіне.
Дыскурс беларускай ідэнтычнасці на працягу доўгага часу характарызуецца раздваеннем. Стаяў выбар паміж апазіцыяй Лукашэнку, якая атаясамлівалася з трохі празмернай беларусізацыяй, калі грамадства не было гатова да гэтага, і русіфікацыяй, якую ажыццяўляў урад.
Дзеянні Лукашэнкі ў чарговы раз даказалі, што ідэнтычнасць — гэта не пастаянная катэгорыя. Гэта працэс. Ідэнтычнасць можа мяняцца ў залежнасці ад сучаснага ёй рэжыму. І жыхары сучаснай Беларусі неаднаразова былі і застаюцца сведкамі гэтага.
Яанна Гэтка падкрэслівае, што даныя навукі сведчаць аб тым, што насельніцтва Беларусі ніколі добраахвотна не мяняла сваёй ідэнтычнасці. Гэта заўсёды адбывалася пад уплывам знешніх сіл.
Яанна Гэтка: — Пад ціскам беларусы не раз страчвалі сваю этнічную ідэнтычнасць. Спачатку праз паланізацыю, потым праз русіфікацыю — у царскія часы, саветызацыю, за якімі наступіў працэс раздваення ідэнтычнасці.
З другога боку, адбывалася страта рэлігійнай ідэнтычнасці ў выніку каталіцызацыі, праваславізацыі, а потым атэізацыі.
Дзяржаўная ідэнтычнасць ускладнена ў выніку частых змен палітычных граніц.
Даследчыца звярнула ўвагу на тое, што сёння фарміруе ідэнтычнасць жыхароў Беларусі.
Яанна Гэтка: — Калі гаварыць пра лукашэнкаўскі канцэпт ідэнтычнасці, то яна грунтуецца на сувязях, якія створаны дзяржавай. Такім чынам, гэтай г. зв. ідэнтычнасцю з’яўляюцца пашпарт, прапіска.
Але і гэта не ўсё. Каб быць “добрым грамадзянінам”, трэба быць паслухмяным, не ўдзельнічаць у абмеркаванні рашэнняў улад, хадзіць на “выбары”, каб забяспечваць яўку, а пасля не праяўляць грамадска-палітычнай актыўнасці.
Гэта г. зв. ідэнтычнасць грунтуецца на савецкай ідэнтычнасці і сама па сабе слабая. Яна лёгка паддаецца дэфармацыі, страчваецца, а ў дадатак — выключае з соцыуму тую яго частку, якая не прымае гэтай ідэнтычнасці, выкарыстоўваючы для гэтага разбудаваны апарат рэпрэсій. І гэта толькі паглыбляе тыя падзелы, якія існуюць у грамадстве.
У выніку, у краіне, дзе 85% жыхароў ідэнтыфікуюць сябе як этнічныя беларусы, у выніку, адсутнасць адзінай нацыянальнай ідэі робіць немагчымым вызначэнне па многіх фундаментальных пытаннях — палітычных, сацыяльных, культурна-сімвалічных. Гэта таксама ускладняе ўнутрыбеларускі дыялог паміж прадстаўнікамі грамадства.
Яанна Гэтка адзначае падзеі 2020 года і іх наступствы як той маркер, які выразна падкрэсліў падзел унутры беларускага соцыуму.
Яанна Гэтка: — Сітуацыя 2020 года знакавая ў тым плане, што Лукашэнка праект будучыні сваёй краіны абмяркоўваў не з апазіцыяй, не з людзьмі, з прадстаўнікамі свайго народа, а з Расіяй, Масквой, Пуціным падчас чарговых перагавораў і паездак туды.
Польскі беларусіст звяртае ўвагу на моўную ідэнтычнасць жыхароў Беларусі ў сувязі з іх культурнымі і палітычнымі арыентацыямі.
Яанна Гэтка: — Паводле ўсеагульнага перапісу насельніцтва 2019 г. беларускую мову назвалі роднай больш за 5 млн грамадзян Рэспублікі Беларусь, а рускую — каля 4 млн.
Але калі паглядзім статыстыку выкарыстання моў дома, то па-беларуску гавораць 2,5 млн грамадзян, а дзве трэці насельніцтва гаворыць па-руску. Такім чынам, руская мова з’яўляецца мовай паўсядзённых зносін большай часткі беларусаў і мае большы ўплыў на свядомасць і культуру, чым магло б здавацца.
У сувязі з вышэйсказаным Яанна Гэтка падкрэслівае важнасць мовы як фактару, які ўплывае на фарміраванне нацыі.
Яанна Гэтка: — У Цэнтральна-Усходняй Еўропе народы фарміраваліся ва ўмовах адсутнасці сваіх дзяржаў — вакол сваіх моў. Менавіта мова з’яўлялася тым фактарам, які ўплываў на адчуванне народам сваёй ідэнтычнасці і адметнасці.
І нават дагэтуль у дзяржавах, нацыях, якім не пагражае страта ідэнтычнасці, як, напрыклад, у палякаў, мова застаецца моцным элементам, які адрознівае іх ад іншых народаў.
Аднак рэжым Лукашэнкі не выкарыстоўвае беларускую мову як матэрыял для фарміравання беларускай нацыі. Яанна Гэтка тлумачыць, якую мэту ставяць перад сабой улады сучаснай Беларусі.
Яанна Гэтка: — Палітыка рэжыму Лукашэнкі абрасла міфамі і стэрэатыпамі. Але на самай справе яна служыць апраўданню права Лукашэнкі на ўладу, а не фарміраванню беларускай ідэнтычнасці на аснове беларускай мовы.
Але пералом наступае летам-восенню 2020 года, калі абуджаецца, нараджаецца грамадскі рух за свабодныя выбары. Спачатку гэты рух не меў нацыянальных рыс, не быў арыентаваны на нацыянальную ідэнтычнасць. Гэта быў рух грамадства, якое было раней выключана з палітычных працэсаў і змагалася за сваю суб’ектнасць. І гэтыя выключаныя з грамадска-палітычных працэсаў грамадзяне паставілі пад пытанне ролю Лукашэнкі, сталі яго высмейваць — пачалі рабіць тое, чаго раней не было ў грамадскім дыскурсе. Лукашэнку пачалі высмейваць як вышэйшага гаранта суб’ектнасці беларусаў.
Не Лукашэнка, а самі беларусы павінны былі стаць суб’ектам у палітычным дыскурсе. Такім чынам, была прадэманстравана ідэнтычнасць, якая ішла знізу. Беларусы паверылі ва ўласныя сілы, сэнс уласных ініцыятыў, адкінулі іерархічную патрыярхальна-патэрналісцкую структуру адносін паміж уладай і грамадствам, заснаванай на сіле.
У той жа час новая структура грамадства выклікала патрэбу пераасэнсавання мадэлі ідэнтычнасці. У выніку, пачала фарміравацца новая, грамадзянская ідэнтычнасць беларусаў, якая засноўвалася на грамадскай салідарнасці. Гэта ідэнтычнасць была інклюзіўная, бо не выключала, не адкідала тую частку грамадства, якая была настроена на працяг супрацоўніцтва з Расіяй.
Віктар Корбут
Слухайце аўдыё