Беларуская Служба

Гісторык: Эканоміка ўплывае на развіццё грамадскіх рухаў

27.07.2023 22:36
Пра значэнне эканамічнага фактару ў лёсе Беларусі разважае праф. Вячаслаў Швед.
 .
Ілюстрацыйнае фота.Pixabay.com

Да 1996 г. у Рэспубліцы Беларусь Дзень незалежнасці адзначаўся 27 ліпеняу гадавіну прыняцця Вярхоўным Саветам БССР Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР, з якой пачаўся шлях Беларусі да сапраўднай дзяржаўнай незалежнасці. Можна спрачацца, што з’яўляецца асновай незалежнасці — мова, культура ці эканоміка. Аднак відавочна, што толькі разам, ва ўзаемасувязі, яны здатны стварыць стабільную аснову існавання і функцыянавання дзяржавы.

25 жніўня 1991 г. Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР была нададзена сіла канстытуцыйнага закона. У выніку Беларусь стала незалежнай дзяржавай у поўным сэнсе гэтага слова, хаця да снежня 1991 г. яшчэ ўваходзіла ў склад СССР, а назву Рэспубліка Беларусь атрымала толькі 19 верасня 1991 г.

Шлях да незалежнасці быў няпросты, але ў пэўным сэнсе імклівы. Аднак адразу ж урад Беларусі на чале з Вячаславам Кебічам, а з 1994 г. прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка праводзілі мэтанакіраваную палітыку па эканамічнай інтэграцыі з Расіяй. Гэта палітыка вяла і да палітычнай залежнасці РБ ад РФ, і да захавання рускага моўна-культурнага панавання ў Беларусі.

Адной з праблем у развіцці беларускага нацыянальнага руху і дзяржаўнасці з’яўляецца тое, што рычагі эканомікі краіны знаходзіліся і знаходзяцца не ў руках нацыянальна свядомых беларусаў, а ў руках прадстаўнікоў іншых нацый. Адпаведна, і рэсурсы краіны працуюць не на яе незалежнасць, не на Беларусь як такую.

Пра значэнне эканамічнага фактару ў лёсе Беларусі разважае даследчык эканамічнай гісторыі краіны праф. Вячаслаў Швед, які жыве ў Польшчы і працуе ў Варшаўскім універсітэце. Вучоны напамінае, у якіх умовах знаходзілася гаспадарка Беларусі на мяжы ХІХ і ХХ стст., калі нараджаўся беларускі нацыянальны рух.

Вячаслаў Швед: — На падставе вывучэння гістарычных крыніц можна сцвярджаць, напрыклад, што ў ХІХ ст. на аднаго купца хрысціяніна 1-4 гільдый прыпадала тры купцы яўрэі.

Менавіта гандлёвы капітал стаў часткай працэсу накаплення першапачатковага капіталу новым класам — буржуазіяй.

І так купцы, асабліва першай гільдыі, якія займаліся міжнародным гандлем, станавіліся прамыслоўцамі і адкрывалі свае фабрыкі, заводы. Але прамысловасць у Беларусі была слабая.

Развіццё прамысловасці не прама, але ўскосна прывяло да з’яўлення пралетарыята. Адсюль пачаўся рабочы рух і ідэя сацыялізму. Пачалі ўзнікаць партыі.

Такім чынам, развіццё гандлю мела ўплыў і на развіццё грамадскага руху — рабочага, сялянскага.

Праф. Вячаслаў Швед раіць усім, хто хоча зразумець сутнасць грамадска-палітычных працэсаў у Беларусі, уважліва вывучаць уплыў на іх эканамічных фактараў.

У сувязі з гэтым узнікае пытанне, дык што з’яўляецца базісам, а што надбудовай у структуры грамадства.

Вячаслаў Швед раіць не ігнараваць законы эканамічнага жыцця.

Вячаслаў Швед: — Эканоміка вызначае палітыку. Пра гэта гаварылі яшчэ класікі марксізму. І таму сацыяльныя, палітычныя і культурныя рухі ў Беларусі, у т.л. рабочы, сялянскі, нацыянальныя руху знаходзіліся пад уплывам працэсаў у галіне гандлю. Бо з развіццём эканомікі развівалася і культура, у т.л. мова і літаратура.

Вячаслаў Швед прапануе азнаёміцца з навуковай манаграфіяй “Гісторыя рознічнага гандлю ў Беларусі”, якая выйшла нядаўна ў Празе, і адным з аўтараў якой ён з’яўляецца. Кніга дазваляе зразумець пачаткі тых працэсаў, якія вызначалі эканамічнае развіццё Беларусі са старажытнасці і да нашых дзён.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Даследчык з Варшаўскага ўніверсітэта стаў сааўтарам кнігі пра гісторыю гандлю ў Беларусі

13.07.2023 15:15
У пражскім выдавецтве “Вясна” выйшаў першы том навуковай манаграфіі “Гісторыя рознічнага гандлю ў Беларусі”, адным з аўтараў якой з'яўляецца праф. Вячаслаў Швед, які працуе ў Варшаўскім універсітэце.