Беларуская Служба

Музей Войска Польскага запрашае ў новую сядзібу ў варшаўскай Цытадэлі

18.08.2023 10:00
Пасля 123 гадоў з часу заснавання музейная ўстанова нарэшце мае сваю ўласную сядзібу.
Аўдыё
  • Музей Войска Польскага запрашае ў новую сядзібу ў варшаўскай Цытадэлі
T Renault FT
Tанк Renault FTPAP/Albert Zawada

13 жніўня 2023 года ў варшаўскай Цытадэлі адбылося ўрачыстае адкрыццё новай сядзібы Музея Войска Польскага. Нагадваем, да гэтай пары згаданая ўстанова размяшчалася ў цэнтры сталіцы побач з Нацыянальным музеем. Інаўгурацыйная выстава комплексна паказвае гісторыю польскага войска з улікам найважнейшых асобаў у гісторыі Польшчы. Аднак гэта не канчатковы варыянт экспазіцыі, таму што музей плануе далейшае развіццё і пашырэнне ў бліжэйшыя гады.

Дырэктар Музэя Войска Польскага Павел Журкоўскі(Paweł Żurkowski) паясняе, што новая сядзіба дае большыя выставачныя магчымасці, чым старая:

- Гэта збольшага той жа гістарычны прамежак, як у старой сядзібе на Алеях Уяздоўскіх. Мэта выставы паказаць польскую вайсковую гісторыю і традыцыю; будаваць этас польскага войска. Я думаю, што зараз гэта асабліва важнае. У будучыні мы плануем пашырыць экспазіцыю да чатырох выставачных модуляў.

Прэс-сакратар установы Тамаш Шуманьскі(Tomasz Szumański) запэўнівае, што адкрыццё выставы рыхтавалася з размахам:

- Гэта больш за тры тысячы найбольш выдатных экспанатаў з нашай калекцыі, якія паказваюць тысячу гадоў польскага войска, дарэчы выстава праходзіць пад загалоўкам: «1 000 гадоў славы польскай зброі». Можна будзе пабачыць артэфакты з часоў Мешка І, з часоў серэднявечча, рэнесансу, далей XVII i XVIII стагоддзі. Наш аповед закончым 1945 годам і ўзяццем Берліна.

Новая экспазіцыя – гэта не толькі ваенныя экспанаты. Выстава грунтуецца таксама на артэфактах і рэканструкцыях фрагментаў найважнейшых польскіх помнікаў:

- На нашай выставе не будзе мультымедыйных прыладаў. Можна будзе пабачыць арыгінальныя экспанаты ў вітрынах, дыярамы, а таксама архітэктуру, то бок фрагменты будынкаў важных для польскай гісторыі. Такім чынам, апрача вайсковай справы і гісторыі можна будзе шмат чаго даведацца і пра польскую архітэктуру. Сардэчна запрашаем, думаю, што наш музей здзівіць многіх.

Прэзентаваныя на выставе дыярамы, прадстаўляюць найбольш важныя моманты польскай гісторыі, напрыклад, момант, калі кароль Уладзіслаў Ягайла атрымлівае два мячы ад тэўтонскіх герольдаў перад Грунвальдскай бітвай. Дыярамы былі спраектаваныя і зроблены вельмі старанна», – падкрэслівае Тамаш Шуманьскі:

- Можна дэталёва прыглядзецца, як выглядалі мундзіры і зброя з дадзенай эпохі. Самае цікавае, што падчас падрыхтоўкі выставы мы выкарысталі сучасную тэхналогію. Менавіта коні, на якіх сядзяць манекены, а таксама іх твары і рукі былі надрукаваны ў сістэме 3-D. Каб адлюстраваць рэалістычнасць гэтых твараў, адсканаваныя былі рэальныя людзі. Дзякуючы гэтаму мы маем уражанне, што гэта, сапраўдны, жывы чалавек.

На выставе можна пабачыць, напрыклад, найстарэйшы танк Войска Польскага – Renault FT. Танк трапіў у Музей Войска Польскага ў лютым 2013 года. Ён прыехаў у Польшчу з Афганістана, дзе яго знайшлі польскія жаўнеры – машына стаяла на пастаменце перад казармамі ў Кабуле. У 2012 годзе ўрад Кабула перадаў яго Польшчы, варта адзначыць, што раней у калекцыях польскіх музеяў такой тэхнікі не было.

Гісторыя танка вельмі цікавая. Ён быў выпрадукаваны ў 1917 годзе ў Францыі. Танкі гэтага тыпу трапілі ў Польшчу разам з 1-м танкавым палком арміі генерала Юзэфа Галера. Паводле інфармацыі, атрыманай польскімі дыпламатамі ў 2012 годзе, знойдзены ў Афганістане танк, верагодна, удзельнічаў у польска-бальшавіцкай вайне 1920 года, затым быў захоплены расіянамі і апынуўся ў Афганістане ў 1923 годзе ў якасці падарунка ад саветаў для эміра.

На выставе прадстаўлены больш за 3 тысячы найбольш каштоўных экспанатаў з фондаў Музея Войска Польскага, якія налічваюць больш за 300 тысяч артэфактаў. Будынак, які быў адкрыты для наведвальнікаў – гэта так званы паўднёвы павільён. Аднак Музей Войска Польскага ў Цытадэлі плануе развівацца ў бліжэйшыя гады. У канчатковым выніку новая сядзіба будзе размяшчацца ў двух павільёнах – паўднёвым і паўночным, які будзе прысвечаны найноўшай гісторыі польскага войска.

Плануецца, што пасля завяршэння інвестыцый на пастаяннай выставе Музея Войска Польскага будзе паказана больш за 30 тысяч экспанатаў, звязаных з гісторыяй Войска Польскага. Наведванне Музея Войска Польскага – гэта выдатная магчымасць акунуцца ў найважнейшыя моманты польскай ваеннай гісторыі і адчуць дух тых, хто змагаўся за свабоду Польшчы.

Музей Войска Польскага быў заснаваны ўказам маршала Юзэфа Пілсудскага ад 22 красавіка 1920 года. Ад пачатку ўстанова дзяліла памяшканне з Нацыянальным музеем і ад пачатку меркавалася, што гэта толькі часовая сітуацыя і, што ў будучыні Музей Войска Польскага павінен мець сваю асобную сядзібу. Гэта стала магчымым толькі цяпер – пасля 123 гадоў.

Будаўніцтва новай сядзібы музея ў Варшаўскай цытадэлі пачалося ў сакавіку 2018 года. Побач з ім быў створаны Музей гісторыі Польшчы, адкрыццё якога запланавана на верасень 2023 года.

На тэрыторыі варшаўскай Цытадэлі знаходзіцца таксама Катынскі музей і філіял Музея незалежнасці – Музей X-га павільёна. Агулам на тэрыторыі Цытадэлі плануецца адзін з найбуйнейшых музейных комплексаў у Еўропе.

IAR/аз

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу

Сёлета Катынскі музей адзначае сваё 30-годдзе

21.07.2023 14:01
Катынскі музей быў створаны дзякуючы намаганням колаў, звязаных з Катынскімі сем'ямі і ініцыятыве Музея Войска Польскага ў Варшаве.