102 гады таму нарадзіўся сусветна вядомы польскі пісьменнік-фантаст Станіслаў Лем. Пра Лема як літаратара і яго творы мы расказвалі ў нашым эфіры не раз. А сёння аповед пойдзе пра пісьменніка як чалавека: яго прызвычаенні, схільнасці, таямніцы і стыль жыцця.
Творчасць Станіслава Лема вядомая далёка па-за межамі Польшчы – на яго кнігах выхавалася не адно пакаленне чытачоў. Літаратурныя працы Лема былі і застаюцца вельмі папулярнымі, у тым ліку і ў Беларусі. Сёння, у чарговую гадавіну яго дня нараджэння, ёсць нагода расказаць пра славутага пісьменніка яшчэ раз.
Нарадзіўся Лем 12 верасня 1921 года ў Львове. Тады горад уваходзіў у склад Польшчы. Акрамя палякаў і ўкраінцаў Львоў насялялі прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей, у тым ліку яўрэі. І менавіта ў яўрэйскай сям’і прыйшоў на свет будучы славуты літаратар. Прычым у сям’і заможнай, бо яго бацька быў вядомым у горадзе ўрачом-оталарынголагам. Станіслаў атрымаў добрую сярэднюю адукацыю і ў 1940 годзе, ужо ў савецкім Львове, паступіў на медыцынскі факультэт Львоўскага ўніверсітэту. Паводле біёграфаў Лема, будучы пісьменнік пайшоў вучыцца на медыцыну, каб пазбегнуць службы ў Чырвонай арміі. Акрамя таго, бацька-лекар хацеў, каб сын пайшоў па яго слядах.
Stanisław Lem
Вучоба была перапыненая нападзеннем Германіі на Савецкі Саюз. Паводле часткі гісторыкаў, дзякуючы падробленым дакументам Лему ўдалося не трапіць у яўрэйскае гета – ён жыў на гэтак званым арыйскім баку і працаваў зваршчыкам. У сваю чаргу гісторык і біёграф Лема прафесар Агнешка Гаеўска гаворыць, што будучы пісьменнік усё ж такі правёў у гета некалькі месяцаў. Пасля вайны ён пра гэта не гаварыў. Паводле слоў гісторыка, на гэта былі свае прычыны. Па-першае, ён хацеў скрыць сваё яўрэйскае паходжанне. А па-другое, час вайны для Лема – гэта глыбокая псіхалагічная траўма, і таму ён хацеў забыць пра тое, што адбывалася ў Львове падчас нямецкай акупацыі. Гісторык гаворыць, што Лем быў у групе яўрэйскіх мужчын, якіх немцы прымусілі выносіць целы забітых саветамі людзей з гарадской турмы. Пасля гэтага немцы яўрэяў забівалі. Лему ўдалося выжыць толькі таму, што працаваў у падвале – там стаяў настолькі невыносны смурод ад трупаў, што гітлераўцы туды не заходзілі. Але адначасова будучы літаратар утрымліваў кантакты з польскім падполлем і перадаваў партызанам зброю і боепрыпасы. Калі Львоў быў вызвалены ў 1944 годзе, Лем вярнуўся на вучобу.
У 1946 годзе сям’я Лемаў пераехала ў Кракаў у рамках рэпатрыяцыі. Тут ён працягнуў вучобу на медыцыне. На апошнім курсе Станіслаў нават праходзіў практыку ў радзільным аддзяленні адной з бальніц. Паводле сведчанняў, будучы славуты пісьменнік прыняў нават каля 20 родаў. Аднак урачом ён так і не стаў, бо кінуў вучобу на апошнім курсе: проста прафесія лекара была не для яго, а на медыцыну ён паступіў толькі таму, што так хацеў бацька.
Stanisław Lem
Пісаць творы Лем пачаў, будучы яшчэ студэнтам медыцыны. Гэта былі апавяданні на ваенную тэму, але ўтрымлівалі пэўныя элементы фантастыкі. І вось у Кракаве, у другой палове 1940-х гадоў, пачынаецца кар’ера Станіслава Лема як пісьменніка, якая прывядзе яго на вяршыню сусветнай фантастыкі.
Творчасць Станіслава Лема вядомая многім, і асабліва прыхільнікам фантастыкі, але мала хто ведае яго як звычайнага чалавека. Напрыклад, пісьменнік быў вялізным аматарам марцыпанаў і халвы. А яшчэ любіў апесьсінавую скурку ў шакаладзе і курагу. І ўвогуле без слодычаў працаваць ён не мог! Паводле сучаснікаў, у рабочым кабінеце, які быў найбольш любімым у доме месцам фантаста, заўсёды стаялі каробкі з ласункамі. Ад слодычаў ён нават не адмаўляўся ў пажылым узросце, калі есці салодкае забаранілі медыкі з-за цукроўкі.
Алкаголь Лем любіў таксама салодкі – перавагу аддаваў рознага роду лікёрам. А яшчэ любіў джын. Дарэчы, тэма джыну часта з'яўляецца ў перапісцы Лема са Славамірам Мрожэкам, які таксама быў вялікім аматарам гэтага алкагольнага напітку.
Фантаст таксама нямала курыў, але выключна ментолавыя цыгарэты. Аднак у палове 1980-х гадоў курэнне кінуў у сувязі з пагаршэннем стану здароўя. Пісьменнік любіў катацца на лыжах у польскіх Татрах і рабіў гэта да моманту, пакуль дазваляла здароўе і ўзрост. У Станіслава Лема была таксама алергія на пылок траваў, і таму ён у чэрвені зʼязджаў з Кракава ў Закапанэ, дзе травы яшчэ не цвілі. Спыняўся літаратар у доме адпачынку пісьменнікаў «Асторыя», і менавіта ў гэтым пансіянаце паўсталі яго найбольш вядомыя творы.
Stanisław Lem
Станіслаў Лем быў паліглотам: ведаў лаціну, нямецкую, французскую, англійскую, украінскую і рускую мовы. Да канца жыцця працаваў, але пісаў тэксты на машынцы - яго так і не пераканалі да камп'ютара.
Любіў таксама аўтамабілі – цягам жыцця ён памяняў больш за 10 аўто! Гэта сур’ёзная лічба, тым больш, калі ўзяць пад увагу часы ўсеагульнага дэфіцыту ў ПНР. Паводле сучаснікаў, пісьменнік любіў хуткую язду.
Памёр Станіслаў Лем ва ўзросце 84 гадоў у сакавіку 2006 года з-за кардыялагічных праблем.
Прозвішчам пісьменніка названы адзін з астэроідаў, а ў Кракаве, Гдыні, Аполі ды іншых польскіх гарадах існуюць вуліцы, названыя ў яго гонар.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл