Беларуская Служба

Аляксандр Фядута: Я ўпэўніўся — Бог існуе

04.06.2026 06:02
Пасля вызвалення палітолаг і літаратуразнаўца Аляксандр Фядута разважае пра гады за кратамі, падтрымку беларусаў, веру, навуку і любоў да роднай Гародні.  
Аўдыё
  • Аляксандр Фядута: Я ўпэўніўся — Бог існуе
Аляксандр ФядутаПавел Залескі/Беларуская служба Польскага радыё

 Пра тое, як няволя змяняе чалавека і чаму нават у самыя цяжкія часы важна не губляць надзеі, — у гэтай размове. 

— Саша, найперш, як вы сябе адчуваеце? Як ваша здароўе?

— Жывы, і гэта галоўнае. Гэта па-першае. Па-другое, на волі адчуваеш сябе заўсёды лепш, чым у калоніі. Таму я лічу, што ў мяне ўсё добра.

— А як сустрэла свабода? Што адразу кінулася ў вочы?

— Па-першае, нам усім у турмах і калоніях казалі, што нас ніхто не чакае. І вось мы прыехалі спачатку ў Чарнігаў, пасля — у Варшаву, нехта даехаў да Вільні, і ўсюды высветлілася, што нас чакаюць, што пра нас памятаюць усе гэтыя гады, нас любяць і чакаюць. І гэта было настолькі кранальна, што я дагэтуль, калі ўспамінаю першыя дні на волі, адчуваю, як на вочы наварочваюцца слёзы. Я ўдзячны ўсім беларускім валанцёрам ва Украіне, у Варшаве, у Вільні за тое, што яны пра нас памяталі. І яшчэ больш удзячны тым, хто памятаў пра нас у Беларусі. Няхай яны не могуць цяпер нас абняць, але я ведаю, што яны пра нас памятаюць. Я дагэтуль атрымліваю лісты падтрымкі — і гэта вельмі ўзрушвае.

— Калі вы кажаце пра «кранальнасць», гэта тлумачыцца канкрэтнымі словамі?

— Я пражыў ужо даволі доўгае жыццё і ведаў, што беларус насамрэч — чалавек, які жыве ва ўласным фальварку, якіх бы памераў ён ні быў. Нехта лепш уладкаваўся ў гэтым жыцці, нехта — горш, але таго калгаснага жыцця, да якога нас прызвычайвалі ўсе гэтыя гады, насамрэч не было. Людзі жылі кожны сам па сабе. А цяпер яшчэ высвятляецца, што яны здольныя на спачуванне, здольныя адчуць боль іншага, і галоўнае — здольныя дапамагчы. Гэта цуд.

Вось спатрэбілася дапамога таму ж Аляксандру Мілінкевічу — і тыдня не прайшло, як яму сабралі грошы на лячэнне. Чалавек апынуўся ў выключна складаным становішчы ў сувязі са станам здароўя. І людзі, якія з павагай ставіліся да яго чалавечай і палітычнай дзейнасці, якія ацанілі ягоную годнасць, кінуліся дапамагаць хто як мог. У каго былі грошы — дапамагалі грашыма, у каго не было — распаўсюджвалі інфармацыю. І гэта вельмі і вельмі дорага каштуе. Дзякуй Богу, што ў беларусаў прачнулася гэтае важнае пачуццё.

— Вы ў даволі сталым узросце трапілі за краты. Ці змяніліся за гэты час вашы погляды на жыццё?

— У чалавека на працягу жыцця змяняецца ў тым ліку і светапогляд. Праўда, палітычны светапогляд у мяне не змяніўся, але стаўленне да людзей — так. Я памятаю, як упершыню да мяне ў калонію прыехала жонка і спытала, з кім я жыву ў камеры. А я ёй адказаў, што ў нас не камера, а спальнае памяшканне. Тады яна запыталася пра тых, хто побач. А я сказаў, што вельмі прыстойныя людзі, адзін з іх, маўляў, асуджаны паводле артыкула за забойства. І мая жонка ледзь не страціла прытомнасць.

Але забойцы, аказваецца, таксама бываюць розныя. Са мной сядзелі не кілеры. Проста высветлілася, што ў многіх з іх ёсць уласная трагедыя. І вось там ты перастаеш распавядаць пра сваю трагедыю, а пачынаеш разумець трагедыю іншых людзей. На мой погляд, гэта галоўнае, што змянілася.

І ўрэшце я магу сказаць шчыра: я ўпэўніўся — Бог ёсць. За гэты час я шмат чаго перадумаў, і мая вера ўмацавалася.

— Што гэта значыць — Бог ёсць?

— Як бы ты ні называў тую сілу, якая з’яўляецца лёсавызначальнай, але ў той момант, калі ты робіш тое, што патрэбна, нехта звонку дапамагае. А калі ты робіш памылкі, на тваім баку няма таго гульца, які можа дапамагчы.

Я ведаю гэта па занятках навукай. Калі ты займаешся тым, чым трэба, то Бог, як кажуць, карту падкідвае. А цяпер я магу сказаць, што тое самае адбываецца і ў жыцці. Ты прымаеш рашэнне сам, але калі гэта слушнае рашэнне — Бог дапамагае ісці сваім шляхам.

— З папярэдніх інтэрв’ю я зразумеў, што палітычнай дзейнасцю вы займацца не будзеце, а больш схіляецеся да літаратурнай і навуковай дзейнасці. Ужо ёсць нейкія канкрэтныя планы?

— Я спадзяюся, што буду займацца навукай і што цяпер ужо не я буду інвеставаць у яе, а навука будзе карміць мяне. Гэта будзе ўпершыню за шэсцьдзесят гадоў майго жыцця.

Цяпер вядуцца перамовы з шэрагам навуковых устаноў Польшчы наконт майго працаўладкавання. Мне прасцей, бо я ўсё ж доктар габілітаваны з дыпломам Ягелонскага ўніверсітэта. Нікому не кажыце пра гэта, але я стаў доктарам габілітаваным ва ўніверсітэце, дзе Скарына быў толькі бакалаўрам. І я ганаруся гэтым.

— І ў якім канкрэтным кірунку плануеце працаваць?

— Літаратуразнаўства, гісторыя літаратуры, гісторыя грамадскай думкі, біяграфістыка людзей, якія адышлі яшчэ ў ХІХ стагоддзі, але заслугоўваюць таго, каб пра іх памяталі.

Напярэдадні майго арышту я выдаў кнігу пра Францішка Малеўскага, блізкага сябра Адама Міцкевіча. Спадзяюся, што ў гэтым кірунку і буду працаваць.

— Калі вы выйшлі з турмы, гэты сучасны свет вас не напалохаў?

— Я паразмаўляў са штучным інтэлектам і выявіў, што ў сваіх прафесійных пытаннях я пакуль застаюся асобай больш кампетэнтнай, чым ён. На мае пытанні ён адказваў спасылкамі на мае ж працы. Таму пакуль што ён мяне не заменіць.

— Як у вас адбываецца працэс адаптацыі на волі?

— Увесь гэты час я ведаў, што пра мяне памятаюць мая жонка і мае сябры з васемнаццаці краін свету. Перш за ўсё — сябры па навуцы.

Калі я выйшаў і пачаў чытаць іх працы па маёй тэме — па рамантызме, па віленскім рамантызме — і ўбачыў спасылкі на мае даследаванні, я зразумеў, што ўсё адбываецца так, як і павінна адбывацца.

І галоўнае — я не спыняў працу ў калоніі. Нават калі не мог нешта пісаць, бо не меў патрэбных манаграфій, я прадумваў гэтыя тэксты. І вось цяпер я выйшаў, і ў мяне ўжо ёсць чатыры навуковыя артыкулы, прынятыя да друку ў вядомых навуковых часопісах Польшчы, Сербіі і Латвіі. Для мяне гэта вялікі гонар.

— У турме пра што найбольш думалася? Чаго найбольш не хапала?

— Пра жонку. Бо ад мяне не залежала нічога, і я гэта разумеў. А ад яе залежалі маё жыццё, стан майго здароўя і галоўнае — тое, каб я захаваўся працаздольным.

Тое, што яна зрабіла, я ацэньваю як сапраўдны чалавечы і жаночы подзвіг. Наогул, я лічу, што беларускія жанчыны значна мацнейшыя за нас, мужчын. Таму за ўсіх тых маці, дочак, жонак, сясцёр, валанцёрак, проста добрых жанчын, якія цяпер на волі, у выгнанні ці за кратамі, я малюся настолькі шчыра, наколькі толькі можа быць шчырым маё сэрца.

Дзяўчаты, я малюся за вас кожны дзень. Жывіце і будзьце здаровымі, бо без вас мы не ўтрымаемся, і без вас не ўтрымаецца наша Радзіма.

— А Гродна там не снілася?

— Вось гэтая паўза, якая зараз цягнецца... Я не ведаю, што адказаць. Бо ведаю, колькі гарадзенцаў звязваліся з Марынай.

Пасля першай маёй «ходкі» я напісаў кнігу ўспамінаў пра Гродна — «Мой маленькі Парыж». А цяпер не ведаю, што сказаць, бо ўсю тую любоў да роднага горада я ўжо ўклаў у тую кнігу.

Цяпер са мной засталася толькі тая атмасфера, якую я дагэтуль нашу ў сваіх грудзях. Я дыхаю Гародняй і ніколі ёй не здраджваў. Я быў і застаюся гарадзенцам.

Гарадзенцы, я вас люблю!

размаўляў Павел Залескі

слухайце аўдыёфайл