Статуэткі былі ўручаныя ў чатырох намінацыях: Войцеху Нядзёлцы ў катэгорыі «Адкрыццё года», Марціну Пастушку – «Асоба года» і 16-му Міжнароднаму конкурсу скрыпачоў імя Генрыка Вяняўскага ў Познані – «Падзея года». Ганаровую ўзнагароду атрымала Ірэна Сантар.
«Ад усяго сэрца дзякуй за гэтую ўзнагароду. Для мяне важна, што я атрымала гэтую сямейную прэмію – бо паколькі гэта ўзнагарода польскай музычнай супольнасці, то гэта сямейная ўзнагарода. Напэўна, гэта самае вялікае шчасце, што са мной здарылася. Ніякая іншая ўзнагарода не была такой важнай, як атрыманая ад музыкаў», – сказала Ірэна Сантар.
Дырэктар конкурсу Караліна Казмерчак сказала, што хоча верыць, «што гэтая ўзнагарода прызначана для ўсіх прадзюсараў, інжынераў, гукарэжысёраў і ўсіх тых людзей, якія кожны дзень працуюць, каб даць вам лепшыя падзеі і эмоцыі». «Гэтую ўзнагароду я ўспрымаю як матывацыю праз тры гады даць яшчэ больш эмоцый і ўражанняў», – дадала яна.
Падчас імпрэзы была таксама ўшанаваная музыка кампазітараў Вітольда Лютаслаўскага, Кшыштафа Пэндарэцкага і Генрыка Мікалая Гурэцкага, якія адсвяткавалі б свае юбілеі ў 2023 годзе.
Прэмія «Карыфей польскай музыкі» уручаецца музычнай супольнасцю з 2011 года яе найбольш выбітным прадстаўнікам. Гэта адзнака для людзей, калектываў артыстаў і інстытутаў, якія працуюць у галіне польскай музыкі розных жанраў.
ав