Амаль 95% (94,2%) польскіх рэспандэнтаў падтрымліваюць абавязковае медыцынскае і псіхалагічнае тэставанне для паляўнічых, вынікае з апытання IBRiS, праведзенага па замове газеты «Rzeczpospolita».
На наступным тыдні Сейм разгледзіць грамадзянскі законапраект «Увага! Паляванне», але ёсць шмат прыкмет таго, што ён зноў праваліцца.
Абавязковыя медыцынскія агляды для паляўнічых ужо ўводзіліся падчас кіравання ўрада «Права і Справядлівасці» ў 2018 годзе. Аднак вясной 2023 года, калі паляўнічыя павінны былі пачаць падаваць абноўленыя медыцынскія даведкі, Сейм адмяніў згаданы абавязак, што, паводле выдання, было звязана з набліжэннем выбараў. Усё ж нават пасля змены ўрада ў 2023 годзе папраўкі так і не былі прынятыя.
Законапраект па гэтым пытанні ў 2024 годзе прадставіла партыя «Польшча 2050», але ён быў адхілены галасамі правых — ПіС і «Канфедэрацыі», хоць ключавое значэнне меў супраціў кааліцыйнай Польскай сялянскай партыі. Ці цяпер Польская сялянская партыя таксама будзе галасаваць супраць законапраекта «Увага! Паляванне»?
Паводле дэпутата Яраслава Ржэпы, яго фракцыя не цалкам супраць медыцынскіх аглядаў для паляўнічых.
— Мы можам падтрымаць абавязковае перыядычнае тэставанне, калі яно распаўсюджваецца на ўсіх уладальнікаў зброі, а не толькі на паляўнічых. Мы не хочам, каб да паляўнічых ставіліся непрапарцыйна, — кажа прадстаўнік партыі газеце «Rzeczpospolita».
Аднак у цяперашні час у Сейме такога законапраекта няма.
Палякі хочуць зменаў у дачыненні да паляўнічых, між іншым, таму што ў апошнія гады адбыліся гучныя няшчасныя выпадкі, калі ўдзельнікі паляванняў стралялі ў выпадковых людзей.
*Апытанне IBRIS для выдання «Rzeczpospolita» было праведзена 20-21 лістапада 2026 года з выкарыстаннем метаду CATI на выбарцы з 1069 чалавек.
PAP/аз