Мы паразмаўлялі са стваральніцай праекту «Шрыфтавы архіў» Алай Пігальскай, акадэмічнай даследчыцай, якая займаецца візуальнай культурай, у прыватнасці тым, як ствараюцца шрыфты.
Яна гаворыць, што на першы погляд шрыфты – вельмі сціплая форма, але ў ёй закадавана вельмі шмат культурнага і гістарычнага зместу пра стан грамадства, у якім ствараецца і выкарыстоўваецца гэты шрыфт. Апроч культурнага і гістарычнага зместу ў шрыфце выкарыстоўваецца інфармацыя пра дамоўленасць паміж некалькімі ўстановамі (фінансавымі, выдавецкімі і чытацкімі).
У пэўны момант даследчыца вырашыла выйсці за межы акадэмічнай працы і зрабіць гэты змест бачным чытачам. Яшчэ адным імпульсам стала адчуванне страты глебы пад нагамі пасля 2020 году, калі шмат хто з’ехаў за мяжу, расказвае Ала Пігальская:
-Мне здавалася, што беларуская мова, спадчына могуць ствараць гэтую глебу, каб адчуваць гарызантальныя сувязі. Рэжымная праганда ганіць 90-ыя, а я падумала, што для выдавецтваў гэта залатыя гады. Абмежаванні савецкага часу сталі неактуальныя. Гэта даволі ліберальны час для Беларусі, калі шмат паявілася камерцыйных праектаў, дзяржаўныя выдавецтвы змянілі сваё аблічча. Першая палова 90-х, з аднаго боку, гэта час неакрэсленасці, бо няма крытэраў, на якія маглі б апірацца мастакі і выдавецтвы, а з іншага – час свабоды. Ты робіш тое, што лічыш патрэбным для сябе і грамадства. Для кожнай кнігі малююцца адмысловыя надпісы для вокладкі, тытульнага аркуша, а не так як у савецкія часы. У СССР для ўсёй краіны было створана толькі 40 гарнітур! Уся вялікая краіна чытала вельмі аднастайныя шрыфты. Калі мастакі атрымалі свабоду, то з’явіліся вельмі цікавыя формы.
Афармленні кніг у 90-ыя атрымала аблічча свабоды. Было шмат гістарычных адсылак. Многія шрыфты адсылалі да скорапісу ВКЛ, гістарычных прататыпаў прамысловай рэвалюцыі, эксперыментаў, эмацыйных надпісаў. Ала Пігальская кажа, што на гэты пласт трэба паглядзець як на спадчыну:
-Сацыяльныя сеткі – гэта добрая магчымасць паказаць, што гэта таксама спадчына. Спадчына становіцца спадчынай праз факт масавай свядомасці. «Ева» Суціна да 2020 году была важным мастацкім творам, а пасля 2020 «Ева» стала нашай беларускай спадчынай.
Шрыфт – гэта форма, якую мы пачынаем бачыць, калі нам пра яе распавялі. На старонках праекту Šryftavy archiŭ/Шрыфтавы архіў Ала Пігальская дадае вербальны складнік, дзякуючы чаму шрыфт становіцца «зразумелым». У праекце ёсць таксама гістарычныя дыскурсы.
Поўная размова з даследчыцай – у далучаным гукавым файле.
ав
слухайце аўдыё