Беларуская Служба

Следам за Кракавам у сталіцы Літвы праходзіць выстаўка віленскіх мастакоў 1918-1948 гг., у каталогах якой ёсць і беларусы

07.12.2023 15:54
Выстаўка «Wilno, Vilnius, Vilne. 1918-1948 гг. Адзін горад — шмат гісторый» да пачатку лютага адкрыта ў Нацыянальнай мастацкай галерэі сталіцы Літвы.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Г.Янкявічуце пра Вільню.
 .
Ілюстрацыйнае фота.https://www.lndm.lt/vilnius-wilno-vilne-1918-1948-vienas-miestas-daug-pasakojimu/

У сталіцы Літвы, у Нацыянальнай мастацкай галерэі на пр. Канстытуцыі (Канстытуціёс), да лютага адкрыта польска-літоўская выстаўка, якая спярша экспанавалася ў Кракаве — «Wilno, Vilnius, Vilne. 1918-1948 гг. Адзін горад — шмат гісторый» (Wilno, Vilnius, Vilne 1918-1948. Jedno miasto wiele opowieści / Wilno, Vilnius, Vilne 1918-1948. Vienas miestas — daug pasakojimų). На ёй прадстаўлены работы польскіх, літоўскіх, яўрэйскіх мастакоў, якія працавалі ў Вільні ад часу аднаўлення незалежнасці Літвы і Польшчы да пераходу горада з рук у рукі — з літоўскіх у польскія і наадварот, а ўрэшце — у нямецкія і савецкія.

На выстаўцы прадстаўлены творы віленскіх мастакоў, якія захоўваюцца ў Польшчы і Літве — Фердынанда Рушчыца, Яна Булгака, Людоміра Сляндзіньскага, Браніслава Яманта, Міхала Роўбы, Ежы Хопэна, Уладаса Дрэмы, Юозаса Мікенаса, Адамаса Варнаса і інш. Яны звязаны з польскай і літоўскай культурнымі традыцыямі, але некаторыя паходзяць з тэрыторыі сучаснай Беларусі (Рушчыц, Булгак, Дрэма і інш.).

Як у складаных геапалітычных умовах 1918-1948 гг. працавалі мастакі? Што яны напісалі? Пра гэта расказвае выстаўка, а таксама выдадзены па яе матэрыялах каталог. Дакладней, выйшлі тры каталогі — адзін у Кракаве, на польскай і англійскай мовах, і яшчэ два — у Вільні, на літоўскай і англійскай мовах асобнымі выданнямі. Каталогі шырэйшыя паводле зместу за выстаўку. І ў іх знайшлося месца і для беларускіх мастакоў, — адзначае куратар экспазіцыі з літоўскага боку мастацтвазнавец Гедрэ Янкявічуце.

Гедрэ Янкявічуце (Giedrė Jankevičiūtė), вядучы навуковы супрацоўнік аддзела мастацтвазнаўства і візуальнай культуры Інстытута даследаванняў культуры Літвы, прафесар Віленскай акадэміі мастацтваў: — У аддзеле выстаўкі, прысвечаным мастацтву авангарду, ёсць адна сценка, якую мы так і называем — яўрэйская сценка, на якой паказаны творы яўрэйскіх мастакоў. Чаму гэтых твораў няшмат? Справа ў тым, што ў  1920-я гг. віленскія яўрэйскія мастакі мелі больш шчыльныя сувязі не з віленскімі калегамі, а з берлінскімі мастакамі. Віленскія яўрэйскія мастакі працавалі пераважна для сваіх, для яўрэйскай абшчыны, і ў агульным мастацкім жыцці горада не ўдзельнічалі.

Але ў 1930-я гг. маладыя яўрэйскія мастакі, выпускнікі мастацкага факультэта віленскага ўніверсітэта, маючы многа кантактаў з іншымі мастакамі, сталі ўдзельнікамі агульнага мастацкага жыцця Вільні.

Тое самае я магу сказаць і пра беларускіх мастакоў. Дарэчы, я не ведала раней, што Юзаф Горыд — беларус і лічыў сябе беларусам. У яго быў і беларускі бок творчасці, і вялікія заказы з боку горада, нават дзяржаўнага ўзроўню. Ён працаваў як мастак-манументаліст, графічны дызайнер. Ён афармляў беларускія выданні. Аднак у яго была і вялікая вага ў мастацкім жыцці Вільні. Як бачым, нацыянальныя групы не былі такімі ўжо і замкнёнымі.

У каталогах змешчаны нарысы і рэпрадукцыі твораў Язэпа Драздовіча, Язэпа Горыда. Пра Драздовіча напісала артыкул літоўскі мастацтвазнавец Яланта Шыркайце. На выстаўцы і ў каталогу, здаецца, не хапае больш беларускіх персаналій, напрыклад, беларуса Пятра Сергіевіча, які працаваў тут і пры паляках і пасля вяртання Вільні ў склад Літвы.

Гедрэ Янкявічуце тлумачыць, чаму не ўсе мастакі “трапілі” на выстаўку.

Гедрэ Янкявічуце: — Не хапае многіх імён, калі прыгледзецца...

А Сергіевіч быў даволі важнай фігурай. Аднак паводле свайго ўплыву яго немагчыма параўнаць ні з Людомірам Сляндзіньскім, ні з Ежы Хопэнам, ні з Тыманам Несялоўскім. Да нашага расказу Сергіевіч неяк не падышоў. Мы паказваем вобраз горада. У яго ж такіх работ няма. Ён не належаў да авангардыстаў. Так, мы маглі б выставіць яго аўтапартрэт у зале, прысвечаным асобам мастакоў. Аднак ён не адлюстроўваў штодзённасць Вільні. І таму ў іншых залах не было б што паказаць з яго іншых прац. Таму ў наш расказ ён проста не змясціўся.

Аднак наш праект будзе працягвацца. І Сергіевічам будуць займацца мастацтвазнаўцы: пісаць пра яго, шукаць яго працы ў музеях, прыватных калекцыях, — і яны з’явяцца перад гледачом, і пра яго можна будзе яшчэ гаварыць і гаварыць.

Арганізатары выставак: віленскія Нацыянальная мастацкая галерэя, Нацыянальны мастацкі музей Літвы і Нацыянальны музей у Кракаве (у апошнім гэта экспазіцыя была адкрыта 23 мая — 3 верасня 2023 г.).

З польскага боку праект курыруе Анджэй Шчэрскі, цяперашні дырэктар Нацыянальнага музея ў Кракаве.

Чаму выстаўка “закрываецца” 1948 годам? Гедрэ Янкявічуце падкрэслівае асаблівасць гэтай даты як сімвалічнага канца даваеннага віленскага мадэрнізму і не толькі.

Гедрэ Янкявічуце: — Змены адбываюцца пасля прыходу немцаў у 1941 годзе, калі прыходзяць немцы. Тады яўрэйскіх мастакоў знявольваюць у гета, і іх альбо забіваюць, альбо яны паміраюць самі.

З другога боку, яшчэ ў 1940-1941 гг. да кагорты віленскіх мастакоў далучаюцца літоўскія, якія прыехалі з Каўнаса.

Увесну 1945 года пачынаецца ад’езд польскіх мастакоў з Вільні — г. зв. рэпатрыяцыя ў Польшчу, якая заканчваецца прыкладна ў 1947 годзе.

У 1948 г. узмацняецца савецкая цэнзура, статус закона атрымлівае план рэканструкцыі Вільні. У той жа час узмацняюцца праследаванні яўрэяў (у рамках агульнасаюзнай антысеміцкай кампаніі. — Рэд.). Таксама ўзмацняецца антырэлігійная дзейнасць — зачыняюцца кляштары і многія касцёлы Вільні, уключаючы кафедральны касцёл.

Такім чынам, у 1948 годзе сітуацыя істотна мяняецца. Гэта сапраўды канец польскай Вільні.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Продкі першага віленскага фатографа паходзілі са Слуцка

16.11.2023 14:50
Першы пасол Літвы ў Польшчы з 1991 года Дайнюс Юнявічус у Варшаве прэзентаваў кнігу пра першага фатографа Вільні Абдона Корзана.

Даследчыца: Лісты з Варшаўскага гета ў пачатку нямецкай акупацыі даходзілі нават у Японію

30.11.2023 14:52
Мартына Русіняк-Карват з Інстытута палітычных даследаванняў Польскай акадэміі навук вывучае лёсы яўрэяў у даваеннай Польшчы і падчас Другой сусветнай вайны.