Беларуская Служба

У 141-ю гадавіну з дня нараджэння Аляксандры Пілсудскай у Варшаве адчынілася выстава

12.12.2023 17:40
Гэта гісторыя пра моцную, непакорлівую і адважную жанчыну, у той жа час клапатлівую і чуллівую.
.
.PAP/Andrzej Lange

У 141-ю гадавіну з дня нараджэння Аляксандры Пілсудскай на агароджы каралеўскага парку «Лазенкі» ў Варшаве адкрылася выстава, прысвечаная жонцы маршала Юзэфа Пілсудскага, незалежніцкай і грамадскай дзяячцы. Выстава «Мой выбар. Аляксандра Пілсудская» таксама з'яўляецца кульмінацыяй Года Аляксандры Пілсудскай, устаноўленага Сеймам Польшчы.

Намеснік дырэктара Каралеўскага музею ў Лазенках Радаслаў Калузняк выказаў надзею, што выстава наблізіць гэтую выдатную асобу:

-Аляксандра Пілсудская жыла ў пэўным сэнсе ў цяні свайго мужа, маршала Юзафа Пілсудскага. Гэтая выстава адкрываецца адначасова ў Музеі Юзафа Пілсудскага ў Сулеюўку. Спадзяюся, выстава наблізіць яе постаць тым, хто Аляксандру Пілсудскаю да гэтага часу не ведалі.

У Сулеюўку ў 1921 годзе Аляксандра Пілсудская набыла невялікае лецішча і пазней стварыла першы сапраўдны дом для сваёй сям’і, сказаў дырэктар гэтай установы Роберт Анджэйчык:

-Для нашага музею гэта вельмі важны год, паколькі нас не было б у Сулеюўку, калі б не Аляксандра Пілсудская. Калі б не 1921 год, не пакупка ўчастка з драўляным будынкам. Калі б не захаванне матэрыяльнай спадчыны Юзафа Пілсудскага, але і памяці пра яго, аб чым клапацілася Аляксандра Пілсудская.

Выстава «Мой выбар. Аляксандра Пілсудская» – гэта гісторыя пра моцную, непакорлівую і адважную жанчыну, у той жа час клапатлівую і чуллівую. Яна складаецца з больш чым дваццаці дошак, на якіх у сучаснай мастацкай форме прадстаўлены выявы Аляксандры ў розныя перыяды яе жыцця, а таксама яе выказванні. Іх суправаджаюць гістарычныя дошкі з абмеркаваннем важнейшых пытанняў яе жыцця, ілюстраваныя багатай іканаграфіяй.

ав

Больш на гэтую тэму: Агляд падзей культуры