Беларуская Служба

Нацыянальны музей у Варшаве запрашае на выставу піянера рэпартажнай фатаграфіі Бруна Барбі

22.12.2023 16:01
У 1960-1980 гады фотажурналіст Бруна Барбі падарожнічаў па ПНР, чаго вынікам стала кніга пад загалоўкам: «Польшча».
Аўдыё
  • Нацыянальны музей у Варшаве запрашае на выставу піянера рэпартажнай фатаграфіі Бруна Барбі
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Robert Lischka/pixabay.com/CC0 Public Domain

Нацыянальны музеі ў Варшаве запрашае на ўнікальную, часовую выставу пад загалоўкам: «Бруна Барбі. Заўсёды ў руху«. На ёй можна паглядзець больш за 100 фатаграфій славутага майстра фотажурналістыкі.

Бруна Барбі з'яўляецца піянерам каляровай рэпартажнай фатаграфіі. Падчас працяглай, бо 40-гадовай карʼеру, фотажурналіст асвятляў найважнейшыя падзеі, якія адбываліся па ўсім свеце, уключаючы войны, канфлікты, важныя палітычныя і сацыяльныя падзеі ў Нігерыі, Вʼетнаме,  Камбоджы, Паўночнай Ірландыі і Іраку. Ён таксама стварыў шэраг праектаў аб жыцці людзей у Кітаі, Марока, Бразіліі, Турцыі, Нігерыі і Італіі.

Бруна Барбі апублікаваў таксама больш за 30 кніг, а яго працы сталі часткай больш за 80 выставаў па ўсім свеце.

На выставе «Бруна Барбі. Заўсёды ў руху», якую зараз можна паглядзець у Нацыянальны музеі ў Варшаве, прадстаўленыя, у тым ліку, яго здымкі з Мексікі, Бразіліі, Егіпта, Вʼетнама, Індыі, Японіі, Італіі, Кітая, Францыі, Марока, Польшчы і Украіны.

Французскі падарожнік, рэпарцёр, фатограф захапляўся эстэтыкай старых майстроў жывапісу, што адлюстроўвалася і ягоных здымках, падкрэслівае куратар выставы Вераніка Кабыліньска(Weronika Kobylińska):

- Колер дазволіў яму перайсці да жывапіснай, піктарыяльнай эстэтыкі. Дазволіў прымяніць крыху ўніверсальны падыход да рэчаіснасці, у якім гаворка ідзе не толькі пра дакументаванне канкрэтнай падзеі, але таксама зварот да традыцыі жывапісу. Тут можам паглядзець шмат кадраў, якія адсылаюць да традыцыі trompe-l ʼoeil, гэта значыць ілюзіяністычнага жывапісу, у якім пераплятаюцца элементы рэальныя і намаляваныя на фоне.

Ён фіксаваў важнейшыя гістарычныя падзеі на пяці кантынентах, чуйна назіраючы за жыццём розных грамадстваў. У кар’еры Бруна Барбі ёсць і польскі эпізод. У 1960-1980 гады фотажурналіст падарожнічаў па ПНР.

«Першы кантакт Бруна з Польшчай адбыўся ў 1967 годзе падчас візіту ў Варшаву генерала Шарля дэ Голя – першага дзяржаўнага дзеяча з Захаду, які прыехаў у Польшчу і, між іншым, выступіў з прамовай перад больш чым паўмільёнам чалавек, рэзка крытыкуючы камуністычную сістэму(…)

Падчас візіту генерала Бруна працаваў фотакарэспандэнтам. Вярнуўся ў Польшчу праз шмат гадоў, падчас першага паломніцтва Яна Паўла ІІ у краіну. Папа тады сказаў: «Няма справядлівай Еўропы без свабоднай Польшчы». Мы былі ў захапленні ад таго, што адбывалася ў вашай краіне ў той час», – успамінала жонка Бруна Барбі Кэралайн Тьено Барбі.

Падчас сваіх экскурсіяў па Польшчы фатограф з увагай назіраў за жыццём не толькі буйных польскіх гарадоў, кажа Вераніка Кабыліньска:

- Ён ездзіў па Польшчы аўтадомам разам са сваёй сямʼёй. Дзякуючы гэтаму ён таксама мог убачыць тое, чаго не хапае ў асноўным ракурсе – жыццё меншых гарадоў, асобных меншасцяў і суполак. Ён фатаграфаваў жыццё цыганоў у Польшчы, габрэйскія могілкі і г.д. Падсумоўваючы, Барбі цікавіўся рознымі аспектамі, якія неабавязкова былі звязаныя з рухам «Салідарнасць». У гэтым часе заходнія фатографы, якія прыязджалі ў Польшчу, звычайна мелі вельмі канкрэтныя мэты і засяроджваліся выключна на іх.

Аўтадом быў таксама добры спосабам на тое, каб пазбегнуць сачэння з боку Службаў бяспекі, якія вельмі дэталёва прыглядаліся да замежнікаў, якія пасяляліся ў гатэлях. Вынікам яго падарожжаў па Польшчу стала кніга «Польшча».

Бруна Барбі пабываў у Гданьску і на суднаверфі; ахвотна фатаграфаваў людзей і падзеі, звязаныя з рухам «Салідарнасць», а таксама моладзь, якая ўдзельнічала ў пілігрымках. У тым ліку ён з’яўляецца аўтарам фотаздымкаў з Вялікага тыдня ў Кальварыі Зэбжыдоўскай.

Барбі таксама наведаў Украіну, якая, як і Польшча, хутка дабілася незалежнасці ад Савецкага Саюза. Ён таксама фатаграфаваў пратэсты ў Францыі ў 1968 годзе. Нагадваем, Барбі тады адмовіўся ад фотаасвятляльніка і вырашыў па-іншаму адлюстраваць дынаміку пратэстаў, выкарыстоўваючы наяўнае святло. Гэта надавала яго здымкам асабліва змрочную атмасферу.

Бруна Барбі нарадзіўся ў 1941 годзе ў французскай сямʼі ў Марока. Яго бацька быў дыпламатам. З дзяцінства выхоўваўся ў павазе да мультыкультуралізму і часта падарожнічаў. Вывучаў фатаграфію і графіку ў Вене.

З 1964 года Бруна Барбі пачаў супрацу з сусветным агенцтвам Magnum Photos. У 1978 і 1979 гадах ён займаў пасаду віцэ-прэзідэнта Magnum па Еўропе, а з 1992 па 1995 год – прэзідэнта Magnum International. Ён таксама супрацоўнічаў з найважнейшымі інфармацыйнымі выданнямі, такімі як: «Life», «New York Times», «Time», «Stern», «London Sunday Times» і «Camera». Бруно Барбі быў лаўрэатам шматлікіх прэстыжных узнагародаў у галіне фотажурналістыкі. Памёр у 2020 годзе ва ўзросце 79 гадоў у Францыі.

Хоць Барбі фатаграфаваў ваенныя інтэрвенцыі, але заўсёды падкрэсліваў, што яго намерам было не толькі фіксаваць канфлікты. Фатограф не імкнуўся дэманстраваць гвалт, хоць гэта не заўсёды ўдавалася. Ён даваў візуальныя доказы ўчыненых злачынстваў; паказваў людзей, якія ўдзельнічалі ў канфліктах.

Тым не менш, як падкрэсліваюць куратары выставы «перш за ўсё Бруна Барбі хацеў захаваць памяць пра людзей, якіх СМІ нармальна ігнаруюць, то бок звычайных людзей – усіх тых, хто найбольш пацярпеў у выніку палітычных рашэнняў».

Рух быў характэрны фатографу. Ён сам часта казаў: «Я рэдка стаю на месцы. Я пастаянна хаджу. Я заўсёды ў руху». Гэтыя словы сталі дэвізам выставы працаў Бруна Барбі, якая цяпер прэзентуецца ў Варшаве, а раней у амаль у ідэнтычнай форме паказвалася таксама ў Парыжы.

Выстава «Бруна Барбі. Заўсёды ў руху« будзе працаваць у Нацыянальным музеі ў Варшаве да 3 сакавіка 2024 года.

аз

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу

Палац Браніцкіх – адзін з найцікавейшых помнікаў архітэктуры Беласточчыны(ФОТА)

24.11.2023 16:01
Палац Браніцкіх – гэта захапляльны прыклад магнацкай рэзідэнцыі з XVІІІ стагоддзя.

Барчэва – вармінскі гарадок, які называюць польскай Венецыяй (ФОТА)

01.12.2023 15:01
У гарадку нарадзіўся вядомы польскі кампазітар Фелікс Нававейскі, аўтар музыкі да вядомай патрыятычнай песні «Рота».