Беларуская Служба

На 100-годдзе Збігнева Герберта ў Варшаве ўзнік мурал

24.01.2024 07:08
На мурале адлюстраваны выбітны паэт, драматург і эсэіст і фрагмент яго верша «Пасыл пана Кагіта».
Аўдыё
  • На 100-годдзе Збігнева Герберта ў Варшаве ўзнік мурал
   .
Мурал з выявай З.ГербертаFot. Good Looking Studio / Michał Dziurkowski

Нацыянальны цэнтр культуры (NCK) адзначае сёлетняе стагоддзе з дня нараджэння Збігнева Герберта муралам у цэнтры Варшавы на вуліцы Тамка, 47. На мурале адлюстраваны выбітны паэт, драматург і эсэіст і фрагмент яго верша «Пасыл пана Кагіта».

«Мы хацелі паказаць Збігнева Герберта такім нетрадыцыйным спосабам. Мы заклікаем вас цягнуцца да яго творчасці і паэзіі праз візуальнае мастацтва, таму што гэта чалавек, які сваім жыццём паказаў, што можна быць прыстойным, і што слова мае сваю сілу», – сказаў дырэктар NCK Рафал Віснеўскі.

Словы на мурале абвяшчаюць: «...будзь адважным, калі розум падводзіць, будзь адважным у рэшце рэшт толькі гэта мае значэнне». Рэалізацыя ўяўляе сабой жывапісную інтэрпрэтацыю фатаграфіі Збігнева Герберта 1963 года, зробленай рэпарцёрам Цэнтральнага фотаагенцтва Цэзары Марэкам Лангда. Аўтар муралу – Магдалена Качаноўска.

Постаць Збігнева Герберта Нацыянальны цэнтр культуры згадвае таксама ў манаграфіі «Герберт у лістах. Разнабаковы (аўта)партрэт», дзе спасылаецца на багатую перапіску Герберта, якая з’яўляецца крыніцай інфармацыі пра яго жыццё, а таксама ў календары на 2024 год, навеяным падарожжамі паэта па Еўропе.

У 2020 годзе NCK разам з Трэцяй праграмай Польскага радыё таксама выпусцілі альбом, у якім Скубас, Мэля Катэлюк, Войцех Ваглеўскі і іншыя вядомыя артысты інтэрпрэтуюць вершы Збігнева Герберта. Альбом з’яўляецца запісам канцэрту, які адбыўся ў Студыі Агнешкі Асецкай з нагоды 20-годдзя смерці Збігнева Герберта.

ав

Больш на гэтую тэму: Агляд падзей культуры