У апошнія месяцы мінулага году ў выдавецтве «Янушкевіч» выйшла кніга польскага пісьменніка Станіслава Ігнацыя Віткевіча «Ненасытнасць» (у арыгінале – «Nienasycenie»). На беларускую мову яе пераклала Алена Пятровіч. У Прасторы польскай культуры адбылася прэзентацыя беларускага перакладу кнігі.
«Ненасытнасць» лічыцца найлепшым раманам Станіслава Ігнацыя Віткевіча. Антыўтапічная фантазія, напісаная ў 20-я гады XX стагоддзя, апісвае працэс сталення галоўнага героя на фоне рэвалюцыйнага кітайскага ўварвання ў Еўропу і распаўсюджання новай веры. Сімвалам гэтай веры з’яўляецца таблетка, прыняцце якой дазваляе змяніць светапогляд, а таксама падавіць індывідуальнасць і знішчыць асобу як такую, апісвае кнігу выдавецтва «Янушкевіч».
Кніга актыўна пісалася Віткевічам у 1927, а надрукаваная была ў 1930 годзе.
Алена Пятровіч расказвае, у якім палітычным кантэксце праходзіць акцыя «Ненасытнасці»:
-«Жывая» Польшча жыве ў міжваенны перыяд. А ў рамане Віткевіча была бальшавіцкая рэвалюцыя, але перамаглі ў ёй белыя. Далей камуністычная жоўтая сцяна (названа непаліткарэктна) ідзе з усходу і кітайцы заваёўваюць гэтую частку Еўропы. На захадзе – фашысцкія ўрады. Фашызм і камунізм ва ўспрыняцці Віткевіча не моцна адрозніваецца. Польшча застаецца апошнім перадмур’ем сутыкнення гэтых цывілізацый.
Алена Пятровіч гаворыць, што для яе «Ненасытнасць» – гэта кніга пра вызваленне. Раман насычаны эротыкай, філасофіяй, палітыкай і мастацтвам – праз пагружэнне ў іх персанажы імкнуцца спатоліць сваю прагу жыцця і заглушыць метафізічны жах існавання.
-Кніга не толькі пра вар’яцтва, але пра вызваленне. Вызваленне адбываецца пры дапамозе герояў, якіх ён сустракае на сваім шляху. У вялікай ступені – праз фізічныя рэчы, сексуальныя. У той час у міжваеннай Польшчы яны маглі падавацца кантраверсійнымі.
Гэта другі твор Віткевіча, які Алена Пятровіч пераклала на беларускую мову. Першым была мадэрнісцкая драма «Шаўцы».
-Будучы студэнткаю я ў першую чаргу зацікавілася кантраверсійнасцю аўтара, якая пранізвае ўсю яго творчасць, яго правакатыўнасць. Такога не было ў нашай літаратуры, а мне б хацелася, каб было. Пісаць я не магу, таму села за пераклад п’есы «Шаўцы». Потым я патрапіла на сустрэчы даследчыкаў Віткевіча, дзе былі перакладчыкі з прыкладна васьмі краін. Гэта былі сур’ёзныя людзі з добрым даробкам твораў Віткевіча, кожны з іх пераклаў «Ненасытнасць» на сваю мову. І перада мною таксама паставілася такая задача, – расказвала Алена Пятровіч.
Станіслаў Ігнацы Віткевіч быў не толькі пісменнікам-драматругам, але і мастаком, ілюстратарам і фатографам, філосафам, тэарэтыкам мастацтва і крытыкам. Ён нарадзіўся 24 лютага 1885 года ў Варшаве, а скончыў жыццё самагубствам – даведаўшыся пра ўзброены напад Чырвонай Арміі на Польшчу – 18 верасня 1939 года ў вёсцы Азёры на Палессі (сёння Украіна). Ён адзін з найбольш часта перакладаемых польскіх аўтараў – яго тэксты перакладзены больш чым на 30 моваў ва ўсіх краінах Еўропы, ЗША, Паўднёвай Амерыцы і Японіі. Гэта польскі аўтар, творы якога найбольш часта ставяцца на замежных сцэнах.
ав
Поўная прэзентацыя перакладу ў Прасторы польскай культуры - тут.
слухайце аўдыё