Большасць складаюць кароткаметражныя мастацкія фільмы з усяго свету.
На мінулым тыдні завяршыўся прыём заявак на Кракаўскі кінафестываль. Арганізатары мерапрыемства адзначылі, што заяўлена рэкордная колькасць – больш за 2,5 тысячы фільмаў, у тым ліку 1343 кароткаметражных гульнявых фільмаў з усяго свету, 550 поўнаметражных дакументальных, 400 кароткаметражных дакументальных і 256 кароткаметражныя анімацыі.
Большасць стужак паступала з Польшчы, Францыі, Германіі, Іспаніі і Ірана. «Мы заўважылі прыкметны рост заявак польскай вытворчасці, мы ганарымся тым, што мясцовыя творцы жадаюць правесці прэм'еры сваіх дакументальных і кароткаметражных фільмаў у Кракаве», – чытаем у рэлізе кінафестывалю.
Таксама прадстаўлены асобныя заяўкі з такіх краін, як Танзанія, Алжыр, Кіпр, Косава і Маўрытанія.
Адборачная група разам з дырэктарам фестывалю Кшыштафам Гератам абярэ да сярэдзіны красавіка пастаноўкі, якія будуць прадстаўлены ў чатырох раўназначных конкурсах, у трох міжнародных: дакументальным, кароткаметражным і DocFilmMusic, а таксама ў польскім конкурсе.
Фільмы таксама будуць прадстаўлены ў рамках спецыяльных кінасекцыяў. Адной з іх у гэтым годзе стане «У цэнтры ўвагі Румынія», агляд найноўшых кінематографаў гэтага рэгіёна.
64-ы Кракаўскі кінафестываль пройдзе ў кінатэатрах Кракава з 26 траўня па 2 чэрвеня. Фестываль уваходзіць у спіс кінамерапрыемстваў, якія вылучаюць стужкі на прэмію «Оскар» у катэгорыях кароткаметражнае (ігравое, анімацыйнае, дакументальнае) і поўнаметражнае дакументальнае кіно, а таксама рэкамендуюць на Еўрапейскую кінапрэмію ў гэтых жа намінацыях.
ав