Сёння мы запрашаем у Красносельц (Krasnosielc) – невялікі гарадок на паўночным усходзе Польшчы.Першая згадка пра Красносельц, які раней называўся Седлец(Siedlec), або Шэдлеч( villam Szedlecz), паходзiць з 1374 года, але, паводле дакументаў, вёска была заснаваная неўзабаве пасля нашэсця літоўцаў з 1368 года.
Красносельц / Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Развіццю вёскі на працягу многіх стагоддзяў спрыяла размяшчэнне на стыку буйных лясоў і сельскагаспадарчых угоддзяў. Для большасці жыхароў, асабліва блізкасць буйнога лесу была вялікай каштоўнасцю. Мясцовае насельніцтва атрымлівала даходы ад продажу воску, мёду, дзёгцю і попелу. Пушча карміла як людзей так і хатнюю жывёлу.
Апрача таго, мясцовыя жыхары не мелі праблем са збытам сваёй вытворчасці, паколькі побач з вёскай праходзілі важныя гандлёвых шляхі, у тым ліку «старая ваенная дарога», то бок шлях з Варшавы ў Кралявец.
Красносельц - пахавальная капліца на могілках /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Сярод многіх уласнікаў найбольшы ўплыў на развіццё вёскі мела сям'я Красіньскіх, у тым ліку гаворка ідзе пра змену назвы на Красносельц і атрыманне гарадскіх правоў.
Блажэй Красіньскі фінансаваў будаўніцтва мясцовай святыні Святых Апосталаў Пятра і Паўла. Касцёў захавалася да нашых дзён, хоць не на сваім першапачатковым месцы. Каля 1800 года драўляная святыня была перанесеная ў непадалёкую вёску Дранжджэва(Drążdżewo), а ў 2007 годзе – у музей Мазавецкай вёскі ў Серпц(Sierpc).
Красносельц - мураваная каплічка /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
У Красносельцы на месцы, дзе знаходзіліся першы касцёл і могілкі, была пабудавана мураваная каплічка.
Побач з ёй знаходзіцца таксама другая прыдарожная капішчка са статуяй св. Яна Непамуцкага з канца XVІІІ стагоддзя. Абʼект мае вялікую мастацкую каштоўнасць. Гэта ўзор народнай творчасці. Фігура св. Яна Непамуцкага паказвала падарожнікам зручнае месца для пераправы праз раку Ожыц (Orzyc).
Красносельц - капішчка са статуяй св. Яна Непамуцкага з канца XVІІІ стагоддзя /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Перыяд, калі ўладальнікам Красносельца быў Казімір Красіньскі, бясспрэчна можна назваць лепшым часам у гісторыі мястэчка. Дзякуючы дынамічнаму развіццю ў 1781 годзе кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі надаў вёсцы важнае права арганізаваць чатыры кірмашы ў год і штотыднёвыя базары. Праз пяць гадоў іх колькасць была павялічана да васьмі.
Красносельц - касцёл імя святога Яна з Кент /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Казімір Красіньскі і яго трэцяя жонка Анна засталіся ў памяці жыхароў Красносельца дзякуючы будаўніцтву мураванага касцёла імя святога Яна з Кент. Касцельны комплекс са званіцай, пахавальнай капліцай і брамай – зараз з’яўляецца найважнейшым і найпрыгажэйшым помнікам у гміне. Касцёл у стылі класіцызму быў пабудаваны па праекце Гіларыя Шпілёўскага(Hilary Szpilowski). Варта звярнуць увагу на фасад касцёла, на якім змешчаны: Слепаўрон і Сякера – гербы Красіньскіх і Асаліньскіх.
Красносельц - касцёл імя святога Яна з Кент /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Шпілёўскі таксама спраектаваў амбон і купель. Інтэрʼер касцёла ўпрыгожаны, між іншым, карцінамі, аўтарства выдатнага мастака канца XVІІІ стагоддзя Францішка Смуглевіча(Franciszek Smuglewicz).
Красносельц - касцёл імя святога Яна з Кент /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
У 1870 годзе памёр без нашчадкаў апошні ўладальнік Красносельца з роду Красіньскіх – Караль Красіньскі. Варта падкрэсліць, што Караль Красіньскі падтрымліваў добрыя адносіны з вядомым пісьменнікам эпохі польскага рамантызму Зыгмунтам Красіньскім, які часта гасцяваў на Красносельшчыне.
Падчас паўстання 1863-1864 гадоў Красносельц быў сведкам шматлікіх баёў і сутычак, а пасля падаўлення народнага зрыву, страціў свае гарадскія правы.
Красносельц - мурал, прысвечаны славутым братам Уорнерам /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
У канцы XIX стагоддзя многія жыхары гарадка эмігравалі з Мазовіі за акіян, у тым ліку шавец Веніямін – бацька братоў Уорнераў, пазнейшых заснавальнікаў кампаніі Warner Bros.
Дарэчы ў 202З годзе з нагоды 100-годдзя з дня заснавання кампаніі Warner Bros., побач з мясцовым Домам культуры быў адкрыты мурал, прысвечаны славутым братам, трох з якіх – Гары, Альберт і Сэмюэль – нарадзілася менавіта ў Красносельцы.
Імя Братоў Уорнераў носіць таксама невялікі парк, размешчаны на рынкавай плошчы гарадка.
Красносельц - парк iмя Братоў Варнераў /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
У парку знаходзіцца таксама помнік Тадэвушу Касцюшку, заснаваны ў 1934 годзе за сродкі Красносельскага таварыства. На помніку змешчаны надпіс: «Героям Рацлавіцаў, землякі».
Красносельц - помнік Тадэвушу Касцюшку /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Перамежак XIX-XX стагоддзяў быў цяжкім перыядам у гісторыі мястэчка, якое пустошылі шматлікія пажары і эпідэміі.
Красносельц - сінагогa /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
У пачатку ХХ стагоддзя красносельскія габрэі, якія тады складалі больш за 60 працэнтаў насельніцтва, дачакаліся буйной мураванай сінагогі па праекце Генрыка Штыфельмана. Будынак сінагогі захаваўся да нашага часу як сведак трагічнага лёсы мясцовых габрэяў. У верасні 1939 года, то бок адразу пасля ўводу ў мястэчка, немцы сабралі і забілі ў сінагозе каля 50 мясцовых габрэяў. Целы забітых былі пахаваныя ў брацкай магіле каля сінагогі.
Красносельц - помнік ахвярам разні габрэяў /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Бясспрэчным багаццем гміны і самога Красносельца зʼяўляюцца навакольныя лясы. Першымі, хто заўважыў выдатныя прыродныя каштоўнасці гэтых зямель і пачаў іх ахоўваць, былі Красіньскія. Гмінны запаведнік «Звяжынец», які знаходзіцца пад аховай больш за 100 гадоў, зʼяўляецца адной з найстарэйшых тэрыторыяў такога тыпу ў Польшчы.
Красносельц - адукацыйная дарожка /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Апошнім часам мясцовыя ўлады зрабілі стаўку таксама на водны турызм – стварылі прыемную зону адпачынку і прыстань для байдарак ля моста на рацэ Ожыц.
Варта таксама ўспомніць пра тое, што Красносельц – гэта мазавецкі цэнтр мастацкага кавальства. Тут дзейнічаюць тры кузні, у якіх, з пакалення на пакаленне, перадаюцца веды аб нялёгкім кавальскім рамястве.
Красносельц - мазавецкі цэнтр мастацкага кавальства /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Браты Уорнер – не адзіныя вядомыя асобы, з якімі звязаны Красносельц. Варта ўспомніць, што ў студзені 1931 года ў суседняй вёсцы Амэлін (Amelin) адбылася аварыйная пасадка самалёта, які пілатавала знакамітая жанчына-пілот, брытанка Эмі Джонсан (анг. Amy Johnson), пра што да сённяшняга дня нагадвае памятная статуэтка. Эмі Джонсан была першай у свеце жанчынай, якая здзейсніла адзіночны пералёт з Англіі ў Аўстралію; удзельнічала ў першым у свеце аднадзённым пералёце з Лондана ў Маскву і ў авіягонцы за прыз МакРобертсана.
Анна Задрожна