Беларуская Служба

Інстытут «Polonika» будзе займацца рэстаўрацыяй польскіх помнікаў у Італіі і Францыі

03.04.2024 10:21
У мінулыя гады спецыялісты Інстытута «Polonika» аднавілі надмагільныя пліты на могілках Манмарансі.
.
..

Эксперты з Нацыянальнага інстытута польскай культурнай спадчыны за мяжой «Polonika» засяродзяцца, між іншым, на жывапісе ў найстарэйшай польскай парафіі за мяжой – касцёле святога Станіслава ў Рыме. Гэта месца, дзе з 16-га стагоддзя збіраліся палякі, якія прыязджалі ці жылі ў Рыме.

Кіраўнік праграмы «Ахова польскай спадчыны за мяжой» Інстытута «Polonika» Пётр Лугоўскі тлумачыць, што ў гэтым храме будуць адноўлены тры карціны, прысвечаныя пакутніцкай смерці святога Станіслава: «Пакутніцтва святога Станіслава», «Уваскрасенне Пятровіна» і «Слава святога Станіслава ў нябёсах». Роспісы выканаў Філіпа Брачы з нагоды 500-годдзя кананізацыі святога.

«Карціны будуць ачышчаны, шчыліны ў фарбе трэба будзе запоўніць адпаведным пластом шпаклёўкі, падрэтушаваць, пакрыць лакам — тыповая кансервацыя жывапісу з, магчыма, дадаткамі па баках пасля іх новага нацягвання на палатно», — тлумачыць Пётр Лугоўскі.

Сёлета эксперты «Polonika» таксама працягнуць працу на могілках Шампо ў Манмарансі пад Парыжам, якія называюць Пантэонам польскай эміграцыі. Тут знаходзяцца магілы многіх выбітных палякаў – палітыкаў, грамадскіх дзеячаў, навукоўцаў, дзеячаў культуры.

Сёлета будзе адрамантаваны надмагільны помнік Казіміру Швыкоўскаму, кажа Пётр Лугоўскі. Казімір Швыкоўскі быў лекарам, таксама ўдзельнічаў у Лістападаўскім паўстанні, за што быў узнагароджаны медалём «Virtuti Militari», а ў 1870 годзе ўдзельнічаў у паходзе пад Мец, за што атрымаў ордэн Ганаровага легіёна. На яго надмагіллі ёсць бронзавы медальён з бюстам Швыкоўскага з гэтымі дзвюма пазнакамі, які ў мінулым годзе прайшоў кансервацыю і ў гэтым годзе работы працягнуцца.

Пётр Лугоўскі дадае, што будзе адноўлены і надмагільны помнік Аляксандру Арлоўскаму. Ён быў жаўнерам, капітанам артылерыі, узнагароджаны Польскім ганаровым ордэнам.

У гэтым годзе таксама працягнуцца работы ў капліцы Ярашыньскіх, якая была пабудавана ў 1890 годзе пасля смерці Мікалая Ярашыньскага, кавалера ордэна Ганаровага легіёна.

У мінулыя гады спецыялісты Інстытута «Polonika» аднавілі надмагільныя пліты на могілках Манмарансі, сярод іншых: Браніслава Пілсудскага, Алены і Альфрэда Падарэўскіх, Адама Міцкевіча, Цыпрыяна Каміля Норвіда, Юльяна Урсына Нямцэвіча і яго сябра генерала Ота Князевіча.

ав/IAR

Больш на гэтую тэму: Агляд падзей культуры