Беларуская Служба

У Музеі свісткоў у Гвіздалах можна пабачыць адзін са свісткоў, выкананых для трагічнага парахода «Тытанік» (ФОТА)

26.04.2024 16:30
Лагатып музея стварыў вядомы польскі графік, карыкатурыст гісторык і сцэнограф Шыман Кабыліньскі.
Аўдыё
  • Музей свісткоў свісткоў у Гвіздалах
Музей свісткоў свісткоў у ГвіздалахФота апублікаванае з дазволу Музея свісткоў у Гвіздалах

Свісток можа мець рознае прызначэнне і форму. Ён можа быць цацкай, прыладай працы, а таксама паўнапраўным музычным інструментам. Ён можа абвяшчаць аб прыемных рэчах - напрыклад, аб заканчэнні працы, а можа быць і папераджальным сігналам. Сёння мы запрашаем шаноўнае спадарства ў незвычайны музей, у якім можна пазнаёміцца з прыкладамі свісткоў з усяго свету і іх функцыямі.

Гвіздалы (Gwizdały) – гэта невялікая вёска ля гарадка Лохаў (Łochów) на трасе Вышкаў-Вэнграў (Wyszków- Węgrów). Менавіта тут размяшчаецца Музей свісткоў – адзіная такая музейная ўстанова ў Польшчы, а нават верагодна ў Еўропе.

Пра пачаткі калекцыі расказвае куратар музея мастак па кераміцы Раман Кузеляк(Roman Kuzeylak):

- 25 гадоў таму лекар з Варшавы Вітальд Тхужэўскі прыехаў у мясцовую школу з канкрэтнай прапановай перадачы згаданай адукацыйнай установе сваёй незвычайнай калекцыі, якая тады складалася з некалькіх дзясяткаў свісткоў. Тагачасная дырэктар школы Ірэна Бучыньска пагадзілася на гэтую прапанову, пры падтрымцы школьнікаў. З таго ўсё і пачалося.

Ідэю калекцыянаваць свісткі ахвотна падтрымала школьная супольнасць. Вынікам згаданая энтузіязму быў невялікім мясцовы скандал, нагадвае спадар Раман:

- Дзеці былі шчаслівыя, што ствараюць экспазіцыю. Ім гэта было цікава. Нагадваю, лейтматывам былі свісткі ад чайнікаў. Як можна было спадзявацца, заангажаванне дзяцей у музейную справу выклікала невялікі скандал, бо ў дамах пачалі знікаць свісткі, што крыху ўсхвалявала бацкоў.

Зараз музейная калекцыя налічвае каля 1,5 тысячы экспанатаў, хваліцца куратар гэтай незвычайнай экспазіцыі:

- Гэта свісткі ад чайнікаў, свісткі-цацкі, прамысловыя свісткі, паліцэйскія, свісткі для паляўнічых – гэтак званыя манкі, народныя свісткі, а таксама музычныя інструменты - флейты, акарыны, губныя гармонікі.

Kуратар музея мастак па кераміцы Раман Кузеляк/Фота апублікаванае з дазволу Музея свісткоў у Гвіздалах Kуратар музея мастак па кераміцы Раман Кузеляк/Фота апублікаванае з дазволу Музея свісткоў у Гвіздалах

Адным з больш каштоўных экспанатаў з’яўляецца амаль 200-гадовая лігаўка – гэта польскі народны інструмент з групы драўляных, папулярны ў Мазовіі, на Падляшшы і рэгіёне Курпы. Лігаўка выводзіцца з паляўнічай традыцыі. Яна атаясамліваецца таксама з традыцыямі Адвенту, то бок перыяду, які ў каталіцкай традыцыі папярэднічае Каляды.

На выставе мы можам пабачыць свісткі, якія выконваюць розныя функцыі: пачынаючы ад народных свісткоў -пеўняў і саматужных вярбовых свісткоў, заканчваючы свістулькамі паравозаў:

- Апрача таго, што свісток свішча, вытварае гук; выкарыстоўваецца ў працы паліцыянта ці трэнера, то гэта таксама музычны інструмент. Музыка выкананая на такім інструменце надзвычай прыгожая.

Дарэчы важную частку музейнай экспазіцыі складаюць польскія інструменты – акарыны.

Свісткі можна зрабіць з розных матэрыялаў, паясняе куратар Рамак Кузеляк:

- Свісткі можна зрабіць, напрыклад, з дрэўна, а таксама з металу – гэта паліцыйны і трэнерскі свісткі. Дарэчы ў нашай калекцыі ёсць цікавы паліцыйны свісток. Я часта паказваю наведвальнікам два згаданыя свісткі і пытаюся, чым яны адрозніваюцца. Справа ў тым, што ў паліцыйным - дзве дзіркі. Мала хто ведае, што гэтая другая дзірка выкарыстоўвалася для павышэння танальнасці гуку. Свісткі можна зрабіць таксама з гліны. Гук керамічнага свістка залежыць тады ад віду гліны і таўшчыні сценкі інструмента.

На выставе можна пабачыць свісткі з усяго свету, кажа куратар:

- Гэта Польшча, Украіна, Балгарыя, Югаславія, Румынія, Беларусь, Аўстралія, Паўднёвая Амерыка, Расія, Кітай і шмат іншых куткоў свету. Ёсць таксама свісткі з Літвы. Дарэчы літоўцы – гэта майстры. Іхныя свісткі – гэта розныя формы, кшталты – проста шэдэўры. Маем таксама экспанаты з Англіі. Напрыклад, у нашай калекцыі свісток , які ангельская кампанія выпусціла  для вядомага парахода «Тытанік» . Згаданы экспанат мы атрымалі з Англіі ад калекцыянеркі такіх свісткоў. 

Куратар Музея свісткоў у Гвіздалах Раман Кузеляк, які не толькі расказваў пра багатую музейную калекцыю, але таксама прадэманстраваў ігру на інструментах, запрашае наведаць музей  таксама для ўдзелу ў прапанаваных установай майстар-класах. Прапанова адрасаваная, як да дзяцей, так і да дарослых.

Музей свісткоў у Гвіздалах/ Autorstwa Grzegorz Gołębiowski - Praca własna, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=32837825 Музей свісткоў у Гвіздалах/ Autorstwa Grzegorz Gołębiowski - Praca własna, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=32837825

Важна дадаць, што лагатып Музея  свісткоў у Гвіздалах стварыў вядомы польскі графік, карыкатурыст, гісторык, сцэнограф і адзін з папярэднікаў польскіх коміксаў Шыман Кабыліньскі.

Музейная калекцыя пастаянна пашыраецца, у асноўным за кошт ахвяраванняў ад прыватных калекцыянераў. Жыхары вёскі Гвіздалы спадзяюцца, што Музей свісткоў праславіць іх вёску на ўсю краіну. А можа мястэчка дачакаецца таксама ўласнай чыгуначнай станцыі!

Анна Задрожна

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу

Браньшчык - ідылічная вёска ў Даліне Ніжняга Буга (ФОТА)

19.04.2024 14:00
Браньшчык і яго бліжэйшая ваколіца прыцягваюць жыхароў Варшавы, якія жадаюць адпачыць ад гарадской мітусні.