Беларуская Служба

Еўрапейскі фестываль - выдатная магчымасць правесці пачатак майскіх выходных

01.05.2024 09:47
На працягу амаль цэлага дня Кракаўскае прадмесце ў Варшаве адыгрывае ролю культурніцкай і забаўляльнай пляцоўкі з нагоды далучэння Польшчы да ЕС.
.
..

З нагоды 20-годдзя далучэння Польшчы да Еўрасаюза ўсіх жыхароў Варшавы чакае дзень, насычаны мастацкімі выступамі і фестывальнымі цікавінкамі для ўсёй сям'і.  З 12 да 18 там будзе праходзіць Еўрапейскі фестываль. 

Еўрапейскі фестываль - выдатная магчымасць правесці пачатак майскіх выходных, пазнаёміўшыся з культурай і мастацтвам еўрапейскіх краін. На міжнароднай сцэне выступяць: Раберта Руджэры з рэпертуарам найлепшых італьянскіх гітоў; Крыс Шытулі – амбасадар французскай песні ў Польшчы і польскай песні на французскай мове; Шэнан – сумесь кельцкай непасрэднасці і гукаў з усяго свету; Tyrolia Band, у рэпертуары якога не толькі аўстрыйскія, але і баварскія, швейцарскія, італьянскія і славенскія мелодыі; Greek Mythos Group, якая прадставіць маляўнічую праграму грэчаскай музыкі - ад старажытных песень да сучасных хітоў; Madrugada Sombra, унікальнае музычнае спалучэнне польскай народнай музыкі з фламенка, электронікай і джазам.

Маладыя польскія тэнары выйдуць на адмысловую сцэну, якой будзе балкон гатэлю «Брысталь», з рэпертуарам Яна Кепуры і сусветнымі мелодыямі. Оперныя артысты ў суправаджэнні Хору варшаўскіх хлопчыкаў выканаюць «Оду да радасці» Людвіга ван Бетховена, яна ж гімн Еўрасаюза.


У гэты асаблівы дзень Каралеўскі тракт ператворыцца ў маляўнічы еўрапейскі горад. Унікальныя мастацкія выступы пройдуць і па-за сцэнай. Ад вуліцы Каралеўскай да Замкавай плошчы пройдзе маладзёжны духавы аркестр Мыканава, выступяць артысты музычнай школы B&B і запросяць на майстар-класы «Танцуючая Еўропа», выступяць вулічныя тэатры: А3 Тэатр і Сцэна Калейдаскоп.

У еўрапейскай зоне з дапамогай гульняў і заняткаў самыя маленькія ўдзельнікі і моладзь змогуць бліжэй пазнаёміцца ​​з Еўрапейскім Саюзам. Свае намёты будуць мець Польскі фонд імя Роберта Шумана, Еўрапейская камісія, фонд Герэмэка, валанцёры Еўрапейскага корпуса салідарнасці і Міністэрства фінансаў і рэгіянальнай палітыкі.

ав

Больш на гэтую тэму: Агляд падзей культуры