Беларуская Служба

Выйшла трэцяе выданне кнігі Юрыя Грыбоўскага пра беларусаў у Войску Польскім

29.05.2024 15:25
28 мая ў Варшаве адбылася прэзентацыя манаграфіі Юрыя Грыбоўскага «Беларусы ў Польскім Войску. 1919–1947 гг.».
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Ю.Грыбоўскі пра беларусаў у ВП.
        . 19191947 ..
Афіша прэзентацыі кнігі Юрыя Грыбоўскага «Беларусы ў Польскім Войску. 1919–1947 гг.».https://www.facebook.com/events/1352132608814910/?ref=newsfeed

Прэзентацыя кнігі гісторыка Юрыя Грыбоўскага (Ежы Гжыбоўскага) «Беларусы ў Польскім Войску. 1919–1947 гг.», якая выйшла ў Беластоку дзякуючы падтрымцы Беларускага гістарычнага таварыства ў Польшчы (членам якога з’яўляецца Ю. Грыбоўскі) і яго старшыні Алега Латышонка, прайшла ў варшаўскай Вітрыне Усходняга дома (Witryna Domu Wschodniego, pl. Konstytucji 6). На сустрэчу прыйшлі як вядомыя гісторыкі, калегі Юрыя Грыбоўскага, так і многія аматары польскай і беларускай гісторыі.

Кніга Юрыя Грыбоўскага «Беларусы ў Польскім Войску. 1919–1947 гг.» прысвечана ўдзелу беларусаў у рэгулярных фарміраваннях Войска Польскага ў перыяд польска-савецкай вайны 1919-1920 гг., у міжваенны перыяд, у гады Другой сусветнай вайны і пасля яе заканчэння. Гэта вынік шматгадовай працы ў архівах Польшчы, Беларусі, Вялікабрытаніі, Германіі, Літвы, Канады і Расіі.

Юры Грыбоўскі расказаў пра тое, як збіраў матэрыял і пісаў кнігу, што ўбачыла свет фактычна трэцім выданнем, але пад трохі іншай назвай (першае выданне выйшла ў 2006 г. па-беларуску, другое — у 2007 г. па-польску).

Пачатыя ў БДУ даследаванні Юры Грыбоўскі працягваў у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі — на пасадзе в. а. малодшага навуковага супрацоўніка. На гэту тэму ён пачаў пісаць кандыдацкую дысертацыю.

Паколькі матэрыялаў у архівах Беларусі было недастаткова, вучоны адправіўся на пошукі дадатковай інфармацыі за мяжу — у архівы Польшчы і Вялікабрытаніі.

Выезды за мяжу сталі таксама магчымасцю сустрэць яшчэ жывых ветэранаў — беларусаў, якія служылі ў Войску Польскім да і падчас Другой сусветнай вайны.

Юры Грыбоўскі ў сваіх кнігах асвятляе адзін з найбольш трагічных і складаных перыядаў у гісторыі беларусаў і палякаў, паказвае сапраўднае баявое братэрства, змацаванае кроўю прадстаўнікоў абодвух народаў.

Гісторык засяродзіў увагу на такіх аспектах, як:

адносіны грамадзян РП беларускай нацыянальнасці да выканання салдацкага абавязку;

палітыка ўлад РП у адносінах да ваеннаслужачых беларускай нацыянальнасці;

удзел беларусаў у баявых дзеяннях на тэрыторыі Польшчы, Беларусі, Італіі, Францыі, Нідэрландаў, Бельгіі, Германіі, Вялікабрытаніі, Нарвегіі, Паўночнай Афрыкі, на Атлантычным акіяне.

Юры Грыбоўскі таксама даследуе пасляваенныя лёсы дзясяткаў тысяч беларусаў, якія апранулі польскую ўніформу, а потым доўгі час былі забыты ў Беларусі, дый у Польшчы.

Віктар Корбут

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

У Варшаве адбыўся вечар памяці Юрыя Туронка

25.04.2024 13:56
26 красавіка споўніцца 95 гадоў з дня нараджэння Юрыя Туронка, вядомага польскага гісторыка беларускага паходжання.