Беларуская Служба

Ці мастак-эмігрант можа жыць з мастацтва, ці яго трэба ўспрымаць толькі як хобі?

04.06.2024 10:35
«Гэта заўсёды пачатак з нуля».
Аўдыё
  • Ці мастак-эмігрант можа жыць з мастацтва?
   .
Фрагмент карціны Анастасіі Яфрэмавай.Фота: Наталля Грышкевіч/БСПР

Эміграцыя заўсёды звязана з цяжкасцямі. Адзін чалавек адносна хутка адаптуецца да жыцця ў іншай краіне, а другому гэта даецца цяжэй. Прасцей знайсці сябе за мяжой прадстаўнікам прафесій, якія запатрабаваныя на рынку, скажам, праграмістам, медыкам. Іншым часам прыходзіцца мяняць прафесію, пачынаць з нуля. Госці нашай перадачы – маладыя мастачкі з Беларусі ды Украіны. 

Мастачкі прадстаўлялі свае працы на мастацкай рэзідэнцыі, якая адбылася нядаўна ў Варшаве. Кацярына Лісіцына з’ехала з Беларусі па іншай прычыне, чым большасць мігрантаў апошніх чатырох гадоў. Яна не брала актыўнага ўдзелу ў пратэстах, ёй не пагражала зняволенне, але жанчына адчувала, што ёй не хапае свабоды творчасці. Кацярына мяркуе, што мастаку ў Беларусі немагчыма сябе цалкам рэалізаваць.

- Я даўно не жыву ў Беларусі. Я туды вярталася, але не адчувала сябе добра. Я адчувала нейкі сум, нейкі купал, не магла развівацца. Я хацела нешта рабіць, а ў Беларусі, на жаль, я стаю на месцы. Ёсць шмат прычын – стан адукацыі, палітычны лад і іншае. Мая маці працуе ў Палацы мастацтваў, і там часта здараецца, што здымаюць карціны, нават тыя, на якіх няма нейкіх забароненых рэчаў, проста колер можа не спадабацца. Там трэба быць памяркоўным, ніякім, тады будзе добра.


Кацярына Лісіцына са сваёй працай. Кацярына Лісіцына са сваёй працай.

Ці за мяжой можна ўтрымацца з мастацтва, ці яго трэба ўспрымаць толькі як хобі?

- Гэта заўсёды пачатак з нуля. Але агулам можна жыць з мастацтва. У мяне ёсць праект, звязаны са стрынгартам (String Art – ад анг. string – стужка, шнурок, art – мастацтва – рэд.). Я працую з ніткамі, з ультрафіялетам, займаюся гэтым ужо звыш 10 гадоў. Я прадаю свае работы, у тым ліку на розных еўрапейскіх пляцоўках.

Анастасія Яфрэмава – маладая мастачка з Украіна. Насця правяла дзяцінства на ўсходзе Украіны, а калі Расія захапіла Крым і развязала вайну на Данбасе ў 2014 годзе, сям’я дзяўчыны прыняла рашэнне з’ехаць за мяжу. Нейкі час пражылі ў Чэхіі, пазней перабраліся ў Польшчу.

- Польшчу мы выбралі, таму што тут больш магчымасцяў наблізіцца да культуры, людзей, тут хуткая асіміляцыя. Я пайшла тут вучыцца ў мастацкі ліцэй. Чатыры месяцы таму я вырашыла правесці эксперымент – звольнілася з працы, каб займацца толькі творчасцю. На маю думку, калі чалавек мае моцны ўнутраны стрыжань, ён знойдзе спосаб удзельнічаць у нейкіх праграмах, прадаваць свае працы і рэалізоўвацца. Мне яшчэ не хапае такой адвагі я перыядычна вяртаюся да падпрацовак, паколькі патрэбныя сродкі каб пачаць новую адукацыю.


Анастасія Яфрэмава са сваёй працай "Навальны". Анастасія Яфрэмава са сваёй працай "Навальны".

А ці можна казаць пра моду ў мастацтве, калі нейкія карціны вельмі папулярныя?

- Гэта залежыць ад імя мастака. Ён стварае вакол сябе энергетычнае поле. Ён вельмі шмат энергіі ўкладвае, і гэтая энергія трапляе да іншых. Людзі хочуць дакрануцца да гэтага стану, у якім знаходзіцца мастак, «пачаставацца» яго творчасцю, і купляюць карціну. Таму вельмі важна развівацца, заяўляць пра сябе, браць удзел у выставах і праектах.

Размаўляла Наталля Грышкевіч