Беларуская Служба

Вядомая праграма фестывалю «Усход культуры» — каля сотні бясплатных культурніцкіх падзей!

11.06.2024 15:07
Пачатак і заканчэнне летніх вакацый варта правесці з удзельнікамі фестывалю «Усход культуры» – праграма ў Беластоку, Любліне і Жэшаве прапануе каля ста бясплатных культурніцкіх падзей.
Аўдыё
  • Фестываль «Усход культуры» прапануе каля сотні бясплатных культурніцкіх падзей!
    - 2024
Афіша фестывалю «Усход культуры» - 2024nck.pl

На працягу 11 дзён у чэрвені і жніўні падчас трох вялікіх сустрэч у межах фестывалю «Усход культуры» ў Жэшаве, Любліне і Беластоку будзе праведзена каля сотні бясплатных мерапрыемстваў: канцэрты, выставы, літаратурныя прэм'еры, кіна- і тэатральныя паказы.

Пачнецца фестываль 21 чэрвеня ў Жэшаве на Еўрапейскім стадыёне культуры, лейтматыў яго «Рух да пераменаў». На канцэрце адкрыцця выступіць чатыры дуэты польскіх і замежных выканаўцаў: Kasi Lins i Paliny (Беларусь), Томэка Макавецкага і Любаміра Мельніка (Украіна), L.U.C.a & Rebel Babel Ensemble і Antytili (Украіна) і Pawła Domagały і Gizmo Varillas (Іспанія).

— Назірала за гэтым фестывалем шмат гадоў і мела ціхую мару некалі ў ім паўдзельнічаць. Я захапляюся, хаця сама не часта адважваюся на аб’яднанне артыстычных сілаў з некім. Але гэта адбылося, і такі крок падштурхоўвае да перазагрузкі мышлення, гэта адкрывае нас і дае магчымасць пазнаваць. За што я вельмі ўдзячная, бо пазнаёмілася з такой колькасцю ўсходнееўрапейскай музыкі, пакуль шукала артыста для супольнага выступу. Palina – гэта агульнае адчуванне і гучанне, гэтыя дзве рэчы ключавыя, калі прымаю рашэнне наконт супрацоўніцтва, — гаворыць спявачка Кася Лінс (Kasia Lins).

– «Усход культуры» ў гэтых трох частках аб'ядноўвае міждысцыплінарны падыход да фестываляў, якія з'яўляюцца не толькі музычнымі падзеямі, але таксама каштоўнай падзеяй для дэбатаў, абмену поглядамі, і сутыкнення адчувальнасці выяўленчых мастакоў з багаццем кіно і тэатральнай творчасці. Яны таксама з'яўляюцца невялікім урокам для адкрыцця разнастайнасці нашых рэгіёнаў, таму што кожны з гэтых фестываляў убудаваны ў мясцовы кантэкст і элементы матэрыяльнай і кулінарнай спадчыны, — гаворыць Роберт Пяскоўскі, дырэктар Нацыянальнага цэнтра культуры Польшчы.

Мэр Любліна Кшыштаф Жук сказаў, што фестываль «Усход культуры» – гэта вялікая прамоцыя яго горада, Жэшава і Беластока, а таксама польскіх мастакоў і польскай культуры:

– Важна, што амаль пяцьдзясят працэнтаў тых, хто слухае і глядзіць падзеі, якія адбываюцца падчас фестывалю, прыязджае з па-за межаў Любліна, іншымі словамі, гэты фестываль прыцягвае не толькі палякаў, але і гасцей з-за мяжы. Супольная прамоцыя «Усходу культуры» – гэта праект, які раней не меў аналагаў. І за гэтыя гады мы паказалі эфектыўнасць.

У Беластоку фестываль «Усход культуры» будзе праходзіць напрыканцы лета  22–25 жніўня 2024 г.

Фестываль прадстаўляе багацце шматкультурнасці Падляшша. Прапагандуе ідэю дыялогу і талерантнасці ў культурна разнастайным горадзе, дзе стагоддзямі побач жылі палякі, беларусы, татары, украінцы, літоўцы, габрэі, рускія і немцы.

У праграме ў Беластоку, сярод іншага, фотавыстава «Па слядах Булгака», аўтары якой летам 2023 года пайшлі па слядах «бацькі польскай фатаграфіі», каб – як Ян Булгак 100 гадоў таму – паглядзець на горад праз абʼектыў аналагавай камеры.

Музычнае вымярэнне фестывалю таксама абяцае быць цікавым, з моцным прадстаўніцтвам мясцовых выканаўцаў. Будуць таксама паказы фільмаў, спектаклі, сустрэчы, дэбаты і майстар-класы, а таксама прагулкі па горадзе і сямейныя мерапрыемствы на свежым паветры.

У Беластоку выступяць Anna Szafranowska, Osoczniki, Mikromusic, MARMØ, Maciejowa Kapela, Grubson, Marika, Skubas, Mir, Kwiat Jabłoni, Jazzbaja Niedbała/Sikora/Przewoźniak Trio, Partes, Runforrest, Tappahall, Luteduo plus, Szeptucha і Zazula.

Будуць дэманстравацца выставы «Ільняны ручнік, «Па слядах Булгака», выстава ілюстратаркі Марʼяны Аклеяк, Via Transilvanica – выстава пад адкрытым небам, падрыхтаваная Румынскім інстытутам культуры ў Варшаве.

Віцэ-мэр Беластока Рафал Рудніцкі нагадаў, што «мясцовыя ўлады ў Польшчы часта канкуруюць паміж сабой на розных узроўнях, і фестываль «Усход культуры» – выдатны прыклад таго, як мясцовыя ўлады могуць супрацоўнічаць».

– Фестываль «Усход культуры» ад пачатку задумваўся як месца, дзе могуць прадставіць сябе творцы з дзяржаў «Усходняга партнёрства». Мяркую, што гады паказалі, што мы змаглі гэтым скарыстацца. А сцэны ў Беластоку, Любліне, Жэшаве даюць магчымасці гэтаму. Дзякуючы фестывалю тут можа праявіць і прадставіць сябе, а аўдыторыя з Польшчы можа пабачыць тое, што чым звычайна не мае дачыненняў, — адзначае Рафал Рудніцкі.

Ён дадаў, што фестываль «Усход культуры» – гэта вароты на Захад для мастакоў з Усходу.

Фестываль «Усход культуры» пройдзе з 21 па 23 чэрвеня ў Жэшаве, з 27 па 30 чэрвеня ў Любліне і з 22 па 25 жніўня ў Беластоку.

Сёлета на сцэнах фестывалю выступяць артысты з Украіны, Беларусі, Румыніі, Грузіі, Чэхіі, а таксама Германіі, Вялікабрытаніі, Іспаніі, Італіі, Бельгіі, Мексікі, ЗША і Канады.

Канцэрт 21 чэрвеня на Еўрапейскім стадыёне культуры ў Жэшаве ўпершыню будзе транслявацца на радыё Trójka.

Фестываль «Усход культуры» з’яўляецца цыклічным, міждысцыплінарным мерапрыемствам, якое праводзіцца бесперапынна з 2013 года ў рамках партнёрскага супрацоўніцтва Нацыянальнага цэнтра культуры і найбуйнейшых гарадоў – культурных цэнтраў Усходняй Польшчы.

IAR/nck.pl/вх