Беларуская Служба

Падарожжа ў невядомае з Інстытутам POLONIKA – польская спадчына раскіданая па нечаканым куткам свету

12.06.2024 15:27
Гістарычны музей у Скернявіцах запрашае на новую часовую выставу пад назвай «Падарожжа ў невядомае з Інстытутам POLONIKA». 
Аўдыё
  • Падрабязней пра выставу распавядае кіраўніца праграмы «Папулярызацыя» Інстытута POLONIKA, мастацтвазнаўца Магдалена Гутоўска
       POLONIKA
Афіша выставы «Падарожжа ў невядомае з Інстытутам POLONIKA»Фота: https://polonika.pl

Выстава «Падарожжа ў невядомае з Інстытутам POLONIKA» – гэта ўнікальная магчымасць пазнаёміцца з польскай культурнай спадчынай, раскіданай па ўсім свеце. Выстава запрашае наведвальнікаў у падарожжа па трынаццаці гарадах, такіх як Львоў, Тбілісі, Вільня, Парыж і Нью-Ёрк, дзе яны могуць адкрыць для сябе шаснаццаць захапляльных гісторый, звязаных з польскай матэрыяльнай спадчынай. Падрабязней пра выставу распавядае кіраўніца праграмы «Папулярызацыя» Інстытута POLONIKA, мастацтвазнаўца Магдалена Гутоўска:

– Выстава была створана з нагоды пяцігоддзя Інстытута POLONIKA, таму мы адабралі толькі некаторыя праекты, якімі мы займаемся, бо з пачатку свайго існавання Інстытут POLONIKA рэалізаваў іх некалькі сотняў, таму на гэтай выставе пад адкрытым небам можна ўбачыць цікавыя, незвычайныя, а часам і дзіўныя рэчы: фатаграфіі, тэксты, QR-код, які спасылаецца на пэўны змест, напрыклад, фільмы, гульні, кнігі. І нездарма мы назвалі гэту выставу «Падарожжа ў невядомае», таму што калі ствараўся Інстытут, гэта было «падарожжа ў невядомае» для ўсіх нас, бо мы яго толькі стваралі.

А з іншага боку, гэта «падарожжа ў невядомае» для людзей, якія на гэта глядзяць, бо яны ўбачаць нешта абсалютна нечаканае. У той час як Лычакіўскія могілкі вядомыя многім, то ўжо той факт, што над сусветна вядомым палацам махараджы ў Джадхпуры ў Індыі працаваў паляк Стэфан Норблін, невядомы амаль нікому. Такім чынам, гэта выбраныя месцы ў свеце, якія таксама паказваюць, што POLONIKA працуе ў многіх месцах і ў многіх галінах. І менавіта пра гэта мы спрабуем распавядаць.


Што агульнага паміж звонам у венскім касцёле, дзённікам вядомага этнографа, помнікам інжынерам у Перу? Адказы на гэтыя пытанні можна знайсці, наведаўшы выставу, на якой прадстаўлены незвычайныя будынкі, карціны, інтэрʼеры, надмагіллі і профілі ўнікальных людзей, якія аказалі велізарны ўплыў на культуру і мастацтва. Мэта выставы – абудзіць цікавасць да польскай культурнай спадчыны за мяжой і паказаць шырокі спектр дзейнасці Інстытута POLONIKA, – кажа Магдалена Гутоўска:

– Мы пабачым 18 стэндаў, на якіх мы прадставілі падборку праектаў, якімі мы займаемся. Усё прадставіць немагчыма, бо на працягу шасці гадоў мы рэалізавалі больш за сямсот праектаў. Каб не абцяжваць вялікай колькасцю інфармацыі, пад выявамі мы размясцілі літаральна пару сказаў інфармацыі пра той ці іншы аб’ект. Таксама там размешчаны QR-код па якім можна перайсці па спасылцы і даведацца значна больш інфармацыі, пра той абʼект, які зацікавіў.

На выставе прадстаўлены польская спадчына ў Беларусі, а менавіта невялікая чыгуначнай станцыі ў мястэчку Беняконі, недалёка ад мяжы з Літвой. У міжваенны час адтуль можна было даехаць цягніком у Вільню ці Ліду. Будынак чыгуначнага вакзалу, архітэктура якога створана на ўзор характэрнай польскай формы шляхецкай сядзібы пад двухсхільным дахам, пабудаваны ў час міжваеннай Польшчы.

Выстава пад адкрытым небам «Падарожжа ў невядомае» ў Гістарычным музеі ў Скернявіцах працягнецца да 10 ліпеня.

Гаворачы агулам пра папулярызацыю матэрыяльнай спадчыны сярод моладзі Інстытут POLONIKA не абмяжоўваецца традыцыйнымі выставамі, але шукае новыя, сучасныя магчымасці камунікацыі з маладым пакаленнем. Уласна так і паўстаў праект Polonika w Minecraft. Дзякуючы папулярнай сярод моладзі кампʼютарнай гульні моладзь знаёміцца з польскай культурай спадчынай, раскіданай па ўсім свеце, – кажа Магдалена Гутоўска:

– Цяжка заахвоціць маладзёнаў цікавіцца культурнай, гаворка ідзе не пра масавую культуру, а пра ўласна нашу працу. Яшчэ больш складана заахвоціць маладых людзей цікавіцца нацыянальнай спадчынай. Аднак мы вельмі зацікаўлены ў тым, каб менавіта моладзь звярнулася да нашай спадчыны.

З гэтай прычыны мы звяртаемся да сучасных падыходаў, зразумелых для іх. Цяжка падлетка прывабіць кнігай, ці нейкай аналагавай экспазіцыяй, адсюль і паўстаў праект Polonika w Minecraft. Граючы в Minecraft, яны вывучаюць гісторыю і гэта варта ўвагі.

Polonika – гэта абʼекты польскага паходжання або аб’екты тэматычна звязаныя з Польшчай, якія знаходзяцца ў Польшчы ці за мяжой. Яны могуць уключаць: рухомыя (напрыклад, творы мастацтва, надмагіллі) і нерухомыя (напрыклад, могілкі, касцёлы, палаца), а таксама гравюры, рукапісы і гістарычныя помнікі. І менавіта такім абʼектам прысвечана «Падарожжа ў невядомае з Інстытутам POLONIKA».

Слухайце аўдыё!

эж