Беларуская Служба

Неўзабаве Варшава стане летняй еўрапейскай сталіцай джазу (ФОТА + ВІДЭА)

02.07.2024 06:01
У Польшчы ХХ стагоддзя джаз знаходзіўся ў авангардзе дэмакратычных працэсаў і падтрымліваў цесную сувязь з усімі відамі незалежнага мастацтва.
       Jazz na Starówce.   70-      . 22  2023 ,
Сусветна вядомы саксафаніст Эльдар Цалікаў на фестывалю Jazz na Starówce. Канцэрт прысвечаны 70-годдзю аднаўлення Старога горада Варшавы пасля вайны. 22 ліпеня 2023 года, Варшава PAP/Radek Pietruszka

Польскі джаз лічыцца адным з найлепшых у свеце. Прадстаўнікі польскай джаз-сцэны вядомыя далёка па-за межамі сваёй айчыны, а Польшча – як месца правядзення славутых фестываляў. Дарэчы, калі яшчэ ў Мінску актыўна працаваў Польскі інстытут і праводзіліся культурныя мерапрыемствы, то польскія джаз-музыканты былі частымі гасцямі на беларускіх музычных сцэнах. Сёння мы раскажам пра польскі джаз і пра два вялікія мерапрыемствы, якія неўзабаве пачынаюцца ў Варшаве. 

Карані польскага джазу сягаюць 20-30-х гадоў мінулага стагоддзя, калі ў клубах Варшавы, Кракава, Познані і Львова пачаў гучаць джаз. Першай заўважальнай фігурай польскага джазу таго перыяду лічыцца Эдзі Рознер.

Джаз-бэнд студэнтаў-медыкаў кракаўскага Ягелонскага ўніверсітэту. Кракаў, перыяд 1925-1939 г.г.  
крыніца: Henryk Schabenbeck/Narodowe Archiwum Cyfrowe Джаз-бэнд студэнтаў-медыкаў кракаўскага Ягелонскага ўніверсітэту. Кракаў, перыяд 1925-1939 г.г. крыніца: Henryk Schabenbeck/Narodowe Archiwum Cyfrowe

Гісторыя польскага джазу разгортвалася ў самых разнастайных дэкарацыях: у разбураных вайной будынках, маленькіх кватэрах, прасторных залах філармоній і шумных студэнцкіх клубах. Незалежна ад аблічча гэтыя месцы служылі прыстанішчам для аматараў музыкі.

Мазавецкая вуліца. Варшава, канец 1930 гадоў Мазавецкая вуліца. Варшава, канец 1930 гадоў

Да Другой сусветнай вайны польскі джаз развіваўся дынамічна. У прэсе выходзілі артыкулы, якія адзначалі новую музычную з'яву, хаця стаўленне да яе было як мінімум стрыманым. Меркаванні крытыкаў змяніліся ў сярэдзіне 1930-х гадоў з ростам папулярнасці свінга і ўзлётам міжнароднай карʼеры такіх выканаўцаў, як Бені Гудмэн.

Унікальная асаблівасць польскага джазу, які адсвяткаваў сваё стагоддзе, заключаецца ў яго ролі ў барацьбе за дэмакратыю і палітычныя свабоды ў Польскай Народнай Рэспубліцы ды ва ўкараненні ў польскай традыцыйнай культуры. У Польшчы ХХ стагоддзя джаз знаходзіўся ў авангардзе дэмакратычных працэсаў і падтрымліваў цесную сувязь з усімі відамі незалежнага мастацтва.

У 1945-58 гадах у ПНР джаз не вітаўся, перавага аддавалася народнай музыцы. Аднак джазавыя гурты працягвалі існаваць, такія, як, напрыклад Melomani.

Польшча – гэта краіна, багатая на рознага роду джазавыя мерапрыемствы. Тут праходзіць шэраг вядомых у Еўропе джазавых фестываляў: Jazz na Starówce, Jazz Jamboree і Warsaw Summer Jazz Days у Варшаве, Jazz nad Odrą ва Ўроцлаве, Hot Jazz Spring у Чэнстахове, Komeda Jazz Festival у Слупску ды іншыя музычныя мерапрыемствы.

Дарэчы, адным з важных прамоўтэраў джазу ў Польшчы з'яўляецца дзяржаўнае Польскае радыё.

З 4 па 7 ліпеня ў Варшаве пройдзе славуты музычны форум Warsaw Summer Jazz Days. Упершыню фестываль прайшоў у 1992 годзе, а яго арганізатарам з самага пачатку з’яўляецца вядомы польскі прамоўтэр джазу Мар’юш Адамяк. Першапачаткова мерапрыемства арганізоўвалася як канкурэнцыя для Jazz Jamboree, але з часам фестываль атрымаў свой характар і адметнасць. Дарэчы, Jazz Jamboree – адзін з найбольшых і найстарэйшых джазавых фестываляў у Еўропе, які праходзіць у Варшаве з 1958 года.

Warsaw Summer Jazz Days традыцыйна адбываецца ў студэнцкім клубе Варшаўскага політэхнічнага ўніверсітэту Stodoła, які нязменна працуе з 1972 года. Гэта – легендарнае месца на культурнай карце Варшавы і Польшчы, якое даўно ўвайшло ў гісторыю. З праграмай фестывалю можна пазнаёміцца па спасылцы.

У сваю чаргу 5 ліпеня пачынаецца вядомейшы ў Еўропе варшаўскі фестываль Jazz na Starówce з удзелам зорак міжнароднай джазавай сцэны. Некаторыя крытыкі з-за фестывалю называюць Варшаву «летняй еўрапейскай сталіцай джазу».

Старт мерапрыемства – у канцэртнай студыі Польскага радыё імя Вітальда Лютаслаўскага – адной з найлепшых ці нават найлепшай канцэртнай студыі ў Польшчы. А пазней, цягам усяго лета ажно да 31 жніўня, канцэрты будуць праходзіць пад адкрытым небам у Старым горадзе Варшавы, бо па-польску Starówka – гэта і ёсць стары горад. Падрабязнасці фестывалю знойдзеце, прайшоўшы па спасылцы.

Так што, сябры, запрашаем вас правесці лета з джазам у польскай сталіцы!

Валеры Саўко