Беларуская Служба

Беларуска ў эміграцыі: «Нават не верыцца, што я змагла прайсці гэты шлях самастойна»

04.07.2024 06:04
Да «Купалля» яна сама пашыла для сябе сапраўдны беларускі нацыянальны строй – адчуванне несамавітае.
Аўдыё
  • Беларуска ў эміграцыі: «Нават не верыцца, што я змагла прайсці гэты шлях самастойна»
Нацыянальныя колеры Беларусіфота: Альберт Ежы Вяжбіцкі/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

На пачатку была мара...

Юля Касцюкевіч працуе ў ІТ-сферы. У жыцці яна – беларускамоўны чалавек, і дзеткі ў сям’і таксама гавораць па-беларуску. Даўно марыла пашыць сабе беларускі нацыянальны строй. Згадвае, што са сваім мужам пазнаёміліся на глебе беларускасці, і тады вырашылі, што шлюб возьмуць у традыцыйных нацыянальных строях.

- Мы хацелі браць шлюб у нацыянальных строях, але, напэўна, масавая культура ўплывала, і хацелася мець адначасова і нацыянальны строй, і нешта сучаснае. Таму ў мужа быў звычайны строй, а ў мяне стылізаваная сукенка з вышыўкай арнаментамі. І яшчэ тады я паабяцала мужу, што пашыю яму нацыянальную кашулю сваімі рукамі. І, дарэчы, слова сваё стрымала.

Паўплывала Кацярына Ваданосава

А вось з сукенкай для сябе справа неяк зацягнулася. Юлія згадвае, што з жаночым строем усё больш складана, таму нават страшна было за гэта брацца.

І ўжо ў эміграцыі, патрапіўшы на лекцыю Кацярыны Ваданосавай пра беларускія народныя строі, у яе сэрцы, як сама прызнаецца, распалілася тое шалёнае жаданне пашыць сабе нацыянальны строй.

- Тая эмоцыя, якую Кацярына выдавала са сваёй лекцыі, – яна казала з такім болем пра тое, што гэта нікому не цікава, што гэта нікому не патрэбна, што яна нібыта такі фрык, які гэта робіць. А я разумела, што гэта патрэбна, гэта цікава. Прынамсі, мне гэта патрэбна і цікава, я магу і чаму б мне гэтым не заняцца.

Інтэрнэт мала дапамог, даводзілася ўсё шукаць самой

Адразу ўзбудзіліся думкі, пачала планаваць, як пашыць, дзе браць матэрыял. Патрэбны былі веды, як дзейнічаць, каб сваімі рукамі стварыць нацыянальны строй.

Інтэрнэт, як высветлілася, мае вельмі мала інфармацыі, што датычыцца беларускага народнага строю – ні вышыўкі, ні тэхналогіі… Цяжка было знайсці нават выявы строяў. Спрабавала кантактаваць з этнографамі, музейшчыкамі, але тыя адказвалі, што з цэнтральнай Беларусі захавалася аб нацыянальных строях няшмат інфармацыі.

- Наткнулася на здымкі адной дзяўчыны, якая праходзіла практыку ў музеі і выставіла розныя строі. Адзін з іх мне найбольш запаў у душу, і я пачала пра яго ўсё высвятляць. Аказалася, што гэта старобінскі строй, але таксама на мяжы з асіповіцкім і ігуменскім. А гэта цалкам мне падыходзіла.

Юля Касцюкевіч ў беларускім нацыянальным строі з Ігуменшчыны, адкуль паходзяць яе продкі/здымак прадастаўлены гераіняй
Юля Касцюкевіч ў беларускім нацыянальным строі з Ігуменшчыны, адкуль паходзяць яе продкі/здымак прадастаўлены гераіняй

Столькі новага давялося даведацца

Юля згадвае, што задурыла галаву ўсёй пазнанскай суполцы жанчын, каб змусіць іх падтрымаць яе жаданне вучыцца шыць разам. Стварыла дзеля гэтага адмысловы чат. На пачатку шмат хто зацікавіўся, але нават пачынаць шыць давялося ўсё ж самой.

- Але знайшлася адна дзяўчына – Вольга, яна цікавіцца народнымі строямі, вышыўкай і ў Беларусі навучалася ў вядомай майстрыхі Галіны Рэмаўны Рудніцкай. У Галіны Рэмаўны выйшла некалькі кніг па народнай вышыўцы. І мы з Вольгай пачалі працаваць. Мне ў той час свякроў, якая таксама займаецца шыццём, перадала з Беларусі неабходную ўжо раскроеную тканіну.

Вольга праз Галіну Рэмаўну здабыла схему вышыўкі, якая была патрэбная менавіта для Юлінага строю. І праца пачалася проста ў кватэры на балконе.

- Я вышывала раней толькі крыжыкам, а Вольга мне сказала, што крыжыкам не аўтэнтычна, маўляў, трэба процягам. Але я не ведала, што такое процяг. Ну, яна мне паказала: глядзі, усё проста. Палічыла пераходы, калі нітку на наступны шэраг пераводзіш. Аказваецца, ёсць і нейкія пераходы. Столькі новага давялося даведацца.

Сумная восень перашкаджала працаваць

Потым Вольга забракавала кройку і паказала, як патрэбна перакроіць. Юля ўсё гэта цярпліва зрабіла і пачала вышываць, як яе навучыла Вольга.

- Летам складана было вышываць, бо шмат падзеяў, імпрэзаў, вечна недзе едзеш, нешта трэба рабіць. Больш сур’ёзна занялася гэтым восенню. Самым важным і складаным было вышыць рукавы, бо ў ігуменскім строі пяць шырокіх палос на рукавах. І я недзе трэцюю частку зрабіла да лістапада месяца. А потым стала складана, бо кароткі дзень, праца, школа. Я закінула гэта ўсё, бо зусім не было настрою.

Вясной ізноў заспявалі птушкі

Але потым, як згадвае суразмоўца, прыйшла вясна, павялічыўся дзень, птушкі заспявалі, на душы стала весялей. Юля пачала думаць пра тое, у якім строі пойдзе на «Купалле», і зноў узялася за працу.

- І вось недзе ў красавіку я працягнула працу над строем. І справа так ладна пайшла. Я ставіла сабе мэты, што да канца месяца павінна зрабіць адно, потым іншае. Пачала вышываць, вышываць, вышываць і скончыла вышыўку ў сярэдзіне траўня.

Па выніку задаволеная

А потым патрэбна было ўсе кавалкі сшыць у адно, і перад Юліяй зноў паўстала пытанне – як гэта зрабіць, бо ніколі падобнага не рабіла. На дапамогу прыйшла сяброўка, якая прыехала пагасціць. І якая цікавіцца этнаграфіяй, і больш за тое, сама таксама шые. Яна і дапамагла.

- Села, сшыла. Потым сабрала па схемах, якія сяброўка даслала, каўнер, прычапіла яго акуратна. Памерала, прыкінула, якой даўжыні рукавы. Усё гэта таксама сшыла. Але ў мяне не было фартуха і хустак. Замовіла некалькі варыянтаў хустак, свякроў сшыла спадніцу, і ў мяне атрымаўся даволі ладны строй. Па выніку я задаволеная, бо гатовая да «Купалля».

Гэта не проста, але гэта частка нашай ідэнтычнасці

Юля не хавае, што пашыць нацыянальны строй было вельмі няпроста. Больш за тое, яна не мела ніякай адукацыі ці нават падрыхтоўкі ў гэтай сферы, але яе моцнае жаданне перамагло ўсе складанасці.

- Гэта жаданне палягала ў мяне на сувязі з продкамі і вялікай любові да Беларусі. Мне заўсёды падабаліся народныя святы, увесь гэты глыбінны сэнс народнай вышыўкі. Мне думаецца, што некалі мае прабабкі хадзілі ў гэтых строях, самі ткалі, вышывалі і шылі. Значыць, гэта нешта важнае, гэта трэба не згубіць, перадаваць далей гэтыя веды, навыкі. Гэта частка нашай ідэнтычнасці, калі хочаце.

Юлія кажа, што кожны дзень у такім строі, вядома, хадзіць не будзе, але адчуванне ў ім вельмі цёплае.

- Мне гэта падабаецца, гэта нейкі свой уласны стыль. Я заўсёды любіла выдзяляцца і ніколі не ішла за натоўпам. Мне падабалася тое, што прыемна рабіць. Таму ў мяне не было класічнай вясельнай сукенкі з атласу і бліскаўкамі, хаця я мерала. Я апранала, але не бачыла сябе ў гэтым. А вось калі я апранаю нешта народнае – я сябе адчуваю сабой.

Павел Залескі

слухайце аўдыёфайл