Беларуская Служба

Запрашаем на палі Грунвальду на рэканструкцыю бітвы, Дні Грунвальду і ў Музей Грунвальдскай бітвы

12.07.2024 14:01
Не толькі ў ліпені, але круглы год пра адну з найважнейшых бітваў сярэднявечнай Еўропы распавядаюць у музеі ў Стэнбарку.
Аўдыё
  • Музей Грунвальдскай бітвы ў Стэнбарку
       ,   2003 .
Кароль Ягайла з рыцарам на фоне польскіх войскаў, пастаноўка з 2003 г.Autorstwa Wojsyl - Praca własna, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=574614

Штогод у палове ліпеня на Грунвальдскіх палях праходзіць вядомая рэканструкцыя вялікай бітвы польска-літоўскіх войскаў з Тэўтонскім ордэнам, якая адбылася ў 1410 годзе і застаецца прыкладам вялікай славы польскага рыцарства.

Аднак Грунвальдскія палі ажывуць духам Сярэднявечча не толькі падчас вядомай пастаноўкі, у якой штогод прымаюць удзел больш за тысячу рыцараў-рэканструктараў з усяе Еўропы, а таксама і падчас «Дзён Грунвальду» – цыклу мерапрыемстваў, якія  папярэднічаюць уласна рэканструкцыі.

Штодзённа і круглы год у захапляльны свет рыцараў, традыцый і гісторыі імкнуцца перанесці нас супрацоўнікі незвычайнай установы, у якую сёння запрашаем. Гаворка ідзе пра Музей Грунвальдскай бітвы ў Стэнбарку (Stębark) – вёсцы ў Вармінска-Мазурскім ваяводстве.

Музейная ўстанова пачала сваю дзейнасць у ліпені 1960 года, то бок да 550-годдзя Грунвальдскай бітвы. З 2011 года Музей Грунвальдскай бітвы ў Стэнбарку з’яўляецца самастойнай музейнай установай, а з 2022 года размяшчаецца ў новым будынку, які прапануе наведвальнікам каля 1 300 квадратных метраў выставачнай плошчы.

Музейная экспазіцыя расказвае не толькі пра вялікую вайну з Тэўтонскім ордэнам, але таксама пра гісторыю самога ордэна і Польшчы, кажа кіраўнік аддзела археалогіі і гісторыі Музея Грунвальдскай бітвы Яраслаў Малецкі (Jarosław Malecki):

- Мы засяроджваемся на вялікай вайне з Тэўтонскім ордэнам, то бок на гадах 1409-1411 (ад атакі Вялікага магістра Тэўтонскага ордэна на Польшчу да заключэння Торуньскага міру 1411 года). Аднак мы таксама хочам наогул увесці нашых наведвальнікаў тэматыку, то бок распавядаем, дзе ўзнік Тэўтонскі ордэн, што гэта за структура, чаму менавіта так называецца, чаму апынуўся на тэрыторыі Польшчы. Пры нагодзе расказваем таксама пра польскую гісторыю. Пачынаем ад 1138 года, то бок ад падзелу Польшчы на княствы, праз аб’яднанне Каралеўства польскага Уладзіславам Лакеткам, да выдатнага часу Казіміра Вялікага і перадачы ўлады Уладзіславу Ягайлу.

Грунвальдская бітва – гэта адна з самых значных бітваў у гісторыі сярэднявечнай Еўропы:

- Нагадваю, напрыканцы XIV і пачатку XV стагоддзяў Тэўтонскі ордэн быў вельмі багаты. Можа і перамога ў Грунвальдскай бітве і Торуньскі мір не самыя спектакулярныя гісторыі, але ў іх выніку пахіснулася магутнасць ордэна. Нагадваю ордэн быў прымушаны заплаціць велізарную кампенсацыю Кароне Каралеўства Польскага і выкупіць палонных. Гэта аслабіла ягоную банкаўскую сістэму і пасля вайны ён ужо не ўяўляў сабой пагрозы Кароне.

На тэрыторыі, дзе ў 1410 годзе верагодна прайшла Грунвальдская бітва пастаянна праводзяцца археалагічныя работы, нагадвае Яраслаў Малецкі:

– З 2014 года музей праводзіць даследаванні рознымі тыпамі дэтэктараў на палях меркаванай Грунвальдскай бітвы. Аказваецца, што, збольшага – гэта месца, на якое раней паказалі гісторыкі і дзе была пабудаваная капліца ў памяць аб ахвярах бітвы. Тым не менш, узніклі сумневы наконт месца распачацца самой бітвы і размяшчэння войскаў. Паводле першапачатковых гістарычных крыніцаў, бітва адбылася ў Даліне Вялікая патоку на лініі вёсак СтэнбаркЛадвігова (Łodwigowo). Зараз мы схіляемся да таго, што войскі стаялі на лініі Грунвальд- Ладвігова. У сваю чаргу армія ордэна была звернутая ў напрамку вёскі Грунвальд. Таму ў польскай гісторыі бітву называюць Грунвальдскай, а ў нямецкай – Таненбергскай (Стэмбарк, па-нямецкуTannenberg).

Артэфакты дабытыя падчас археалагічных работаў, можна менавіта паглядзець у Музеі Грунвальдскай бітвы. Гэта, між іншым, наканечнікі, у тым ліку ад стрэлаў для лукаў, арбалетаў; фрагменты конскай збруі і цесакаў; манеты і г.д. Дарэчы, знойдзеныя абломкі сведчаць пра тое, што гэта была жорсткая і крывавая бітва:

– Каля капліцы была знойдзеная даволі вялікая колькасць манетаў, у тым ліку тэўтонскія шэлёнгі. Яны добра захаваныя і з высокім утрыманнем срэбра. Мы знайшлі таксама цікавую рэч, то бок пячатку з выявай пелікана, які корміць сваіх птушанят – гэта сімвал Еўхарыстыі. Спачатку мы думалі, што гэта пячатка комтура. Аднак мы да гэтага часу не ўпэўненыя, для чаго яна выкарыстоўваўся. Мы хацелі б знайсці таксама большую колькасць астанкаў. Нагадваю, у 1411 па ініцыятыве вялікага магістра Генрыха фон Плаўэна на полі бою была пабудаваная капліца для ўшанавання «18 тысяч загінылых хрысціянаў». Таксама пасланнікі венгерскага караля Жыгімонта Люксембургскага, якія прыбылі пад Грунвальд на мірныя перамовы, перадалі каралю, што ахвяраў бітвы было шмат па абодвух баках – верагодна па 8 тысяч. Гэтых астанкаў мы пастаянна шукаем.

Яраслаў Малецкі паясняе, што артэфакты цяжка атрымаць. Для прыкладу, у 2022 годзе каб дабіцца станоўчага выніку раскопак, археолагі дабылі амаль дзве тоны лому. Хоць тэматыка экспазіцыі закранае ў асноўным часы Сярэднявечча, то свой аповед выстава вядзе таксама з выкарыстаннем сучасных сродкаў:

– Музей можна наведваць з гідам. Ад траўня да кастрычніка тут дзяжураць нашыя экскурсаводы, якія праводзяць, як індывідуальных турыстаў, так і арганізаваныя групы. Гадзіны для індывідуальных наведвальнікаў гэта: 10.00, 12,30 і 15.00. Можна скарыстацца аўдыягідам, дарэчы не толькі на пастаяннай экспазіцыі. Была падрыхтаваная спецыяльная траса па палях бітвы. Можна таксама спампаваць дадатак і шпацыраваць следам Грунвальдскай бітвы.

Музей таксама зʼяўляецца арганізатарам або суарганізатарам шматлікіх адукацыйных і гістарычных мерапрыемстваў. Багатая прапанова прыцягвае турыстаў на працягу ўсяго года:

- У студзені – гэта «Зімовыя канікулы з гісторыяй», у лютым – «Рэйза да замка ў Нідзіцы і Грунвальдскага поля», на пачатку сакавіка – «Прабег Выклятых жаўнераў», у траўні – Фестываль народнай і фольк-музыкі і абавязкова Ноч музеяў, Міжнароднае спаборніцтвы па стральбе з лука, у ліпені адбываюцца «Дні Грунвальду» і вядомая па ўсім свеце рэканструкцыя бітвы 1410 года, у жніўні – мерапрыемствам «Ад рыцара да жаўнера» адзначаем Свята Войска Польскага, у верасні адбываецца «Восень сярэднявечча», то бок рыцарскія турніры ў рамках Лігі рыцарскіх турніраў Грунвальдскай мечаакадэміі. Тут – у нас, праходзіць таксама адбор у польскую рыцарскую зборную.

Несумненна найбольш вядомым штогадовым мерапрыемствам з’яўляюцца «Дні Грунвальду», якія заканчваюцца відовішчнай пастаноўкай Грунвальдскай бітвы, у якой штогод прымае ўдзел больш за тысячу рыцараў- рэканструктараў. Аднак суправаджальныя мерапрыемствы працягваюцца ўжо з паловы тыдня, кажа Яраслаў Малецкі:

- У нас праводзяцца турніры па стральбе з лука, рыцарскія баявыя чэмпіянаты, майстар-класы па грыгарыянскім спеве, Міжнародны турнір па сярэднявечным мячы, Рыцарскі турнір для старэйшых рыцараў (часта гэта рэканструктары, якія бралі ўдзел у першых пастаноўках на палях Грунвальду). Дзейнічае фольк- сцэна. Далей, важная справа – гэта лагеры рыцараў і рыцарская вёска, дзе можна паглядзець розныя сярэднявечныя майстэрні. Традыцыйна ў суботу адбываецца рэканструкцыя Грунвальдскай бітвы. Можна будзе ўвайсці ў рыцарскі лагер паназіраць за штодзённым жыццём рыцараў, кухняй, а таксама за апрананнем рыцарскіх даспехаў, благаслаўленнем і паходам на поле бітвы.

Кожны год у рэканструкцыі Грунвальдскай бітвы ўдзельнічае да дзвюх тысяч рыцараў-рэканструктараў. У рыцарскіх лагерах іх каля 4-5 тысяч. У сваю чаргу саму рэканструкцыю бітвы, якая з’яўляецца кульмінацыяй «Дзён Грунвальду» штогод глядзіць каля 100 тысяч чалавек.

Нагадваем, пра атракцыёны, якія чакаюць аматараў сярэднявечнай гісторыі і культуры, як у самім музеі, так і падчас арганізаваных ім мерапрыемстваў расказваў кіраўнік аддзела археалогіі і гісторыі Музея Грунвальдскай бітвы Яраслаў Малецкі(Jarosław Malecki).

Анна Задрожна

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу