Беларуская Служба

У Беластоку апублікаваны малавядомыя факты пра жыццё і творчасць Уладзіслава Сыракомлі

18.07.2024 21:00
Пад рэдакцыяй Катажыны Касцевіч у выдавецтве Wydawnictwo Prymat, Mariusz Śliwowski ўбачыў свет зборнік Władysław Syrokomla. Szkice i studia. W dwusetną rocznicę urodzin i sto sześćdziesiątą rocznicę śmierci pisarza.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". К.Касцевіч пра У.Сыракомлю.
  Władysław Syrokomla. Szkice i studia. W dwusetną rocznicę urodzin i sto sześćdziesiątą rocznicę śmierci pisarza.
Вокладка зборніка Władysław Syrokomla. Szkice i studia. W dwusetną rocznicę urodzin i sto sześćdziesiątą rocznicę śmierci pisarza.https://wydawnictwoprymat.pl/produkt/wladyslaw-syrokomla-szkice-i-studia-w-dwustena-rocznice-urodzin-i-sto-szescdziesiata-rocznice-smierci-pisarza/

Пісьменнік Уладзіслаў Сыракомля (сапраўднае імя Людвік Кандратовіч) нарадзіўся ў 1823 г. у вёсцы Смольгава сучаснага Любанскага раёна, на самым поўдні Мінскай вобласці. Зоркай літаратуры стаў у Вільні, хаця яго кнігі выходзілі не толькі тут, але і ў Мінску, Варшаве і іншых мясцовасцях. Пры жыцці і доўгі час пасля смерці ён быў вельмі папулярны ў польскага чытача — ад Львова да Познані. Але цяпер яго ведаюць у Польшчы нямногія, а вось у Беларусі ён досыць папулярны — праўда, не столькі як літаратар, а больш як краязнавец.

Stella Fornarina (córka piekarza). Ustęp z życia Rafaela, przez Władysława Syrokomlę, Mińsk: Nakładem braci Bejlinów księgarzy mińskich 1859. Гэту 88-старонкавую кнігу я набыў на днях у адной з антыкварных крам у раёне горада Катавіцэ. Выданне паходзіць з львоўскай прыватнай бібліятэкі, якая збіралася да Другой сусветнай вайны, а пасля яе была перавезена ў Польшчу.

Старонкі маленькай па фармаце кніжачкі не абрэзаныя. Кніга, значыць, нячытаная. А галоўнае яна мае арыгінальную вокладку. Гэта сапраўдны рарытэт. Бо раней кнігі з папяровай вокладкай перапляталі, а саму вокладку чамусьці не пакідалі.

Для даследчыка гісторыі майго роднага Мінска гэта першарадная каштоўнасць. Гэта адно з апошніх друкаваных выданняў на польскай мове, якое ўбачыла свет у Мінску да Студзеньскага паўстання 1863-1864 гг. і да пачатку ХХ стагоддзя. Напомню, што пасля паўстання выдаваць мастацкія і навуковыя кнігі па-польску ў Літве і Беларусі не дазвалялі расійскія ўлады.

Сыракомлева Stella Fornarina выйшла ў той жа друкарні, дзе адначасова выходзілі творы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча — і на польскай, і на беларускай мове. Сыракомля і Дунін–Марцінкевіч, як вядома, ведалі адзін аднаго.

Вернемся да вокладкі. На яе адваротным баку надрукаваны наступны тэкст:

 

Dzieła nakładowe księgarni braci Bejlinów. […]

Marcinkiewicz Wincenty Dunin. Hapon, powieść w języku białoruskiego ludu napisana, ozdobiona 4 rycinami, 1855… Rs. 1.

 

Так што гэтая кніга Сыракомлі ўпісваецца ў гісторыю Дуніна-Марцінкевіча не толькі ўскосна, але і непасрэдна.


Вокладка кнігі Stella Fornarina (córka piekarza). Ustęp z życia Rafaela, przez Władysława Syrokomlę, Mińsk: Nakładem braci Bejlinów księgarzy mińskich 1859. З кнігазбору Віктара Корбута (Варшава). Вокладка кнігі Stella Fornarina (córka piekarza). Ustęp z życia Rafaela, przez Władysława Syrokomlę, Mińsk: Nakładem braci Bejlinów księgarzy mińskich 1859. З кнігазбору Віктара Корбута (Варшава).

Пра гісторыю кнігі Stella Fornarina раю пачытаць у іншай кнізе: Stanisław Kirkor, Przeszłość umiera dwa razy. Powieść prawdziwa, Kraków: Wydawnictwo Literackie 1978. Паводле Станіслава Кіркора, гэты твор Сыракомлі звязаны з гісторыяй яго кахання з жонкай сябра, вядомага віленскага публіцыста Адама Ганоры Кіркора, — Хэленай. Гэта каханне было вялікім скандалам па ўсёй Літве і Польшчы. Бо і Сыракомля меў сям'ю — у Барэйкаўшчыне пад Вільняй.

Дацэнт філалагічнага факультэта Універсітэта ў Беластоку Катажына Касцевіч прызналася, што хацела б напісаць раман пра... раман Сыракомлі. А пакуль што пад яе рэдакцыяй у беластоцкім выдавецтве Wydawnictwo Prymat, Mariusz Śliwowski ўбачыў свет надзвычай цікавы зборнікWładysław Syrokomla. Szkice i studia. W dwusetną rocznicę urodzin i sto sześćdziesiątą rocznicę śmierci pisarza («Уладзіслаў Сыракомля. Замалёўкі і эцюды. Да 200-годдзя з дня нараджэння і 160-годдзя з дня смерці пісьменніка»). Гэта кніга змяшчае артыкулы гісторыкаў, мовазнаўцаў і літаратуразнаўцаў, якія былі напісаны невыпадкова. Раней яны былі агучаны на міжнароднай міждысцыплінарнай навуковай канферэнцыі Wilno i Wileńszczyzna XIX wieku: język – literatura – kultura («Вільня і Віленшчына ў ХІХ ст.: мова — літаратура — культура»), якая адбылася ў родных Сыракомлевых Вільнюсе і Барэйкаўшчыне 13–14 верасня 2022 г.

Сярод апублікаваных у зборніку прац маю ўвагу прыцягнулі даследаванні Галіны Карась пра мову Сыракомлі, Катажыны Касцевіч — пра памяць у яго лірыцы, Радослава Акуліча-Казарына — пра ролю Сыракомлі ў творчасці Чэслава Мілаша, а Інэса Шульская, Тадэвуш Буйніцкі, Анджай Ратай, Малгажата Віхоўская і Хэнрыка Сакалоўская многа ўвагі прысвяцілі гістарычнай публіцыстыцы пісьменніка і яго зацікаўленнем спадчынай Вялікага Княства Літоўскага.

Катажына Касцевіч: — Калі гаворка ідзе пра падарожныя нататкі Сыракомлі, то трэба падкрэсліць, што гэта былі падарожжы па бліжэйшых ваколіцах. Сыракомля мала вандраваў. Ён ездзіў у Варшаву, у Каралеўства Польскае, наведваў таксама Познань і ваколіцы. Наведаў і Кракаў. Падарожныя запісы Сыракомлі тычацца Мінска, Нясвіжа, Вільні і іх ваколіц.

Але ён не ажыццяўляў далёкіх падарожжаў — у Паўночную Амерыку ці Афрыку, як Хэнрык Сянкевіч. Ён не пабываў, напрыклад, у Індыі, як Адам Аснык.

А ў яго сучаснікаў, чытачоў, мабыць, большай папулярнасцю карысталіся лірычна-эпічныя творы Сыракомлі. Сваімі вершамі, паэмамі яму ўдалося закрануць такую ​​адчувальную нотку сярод чытачоў.

Гаворачы ж пра падарожжы Сыракомлі па яго ваколіцах, то трэба ўспомніць, што яны звязаны з яго захапленнем гістарычнымі славутасцямі. І гэта невыпадкова. Ён, напрыклад, уваходзіў у склад Віленскай археалагічнай камісіі, што ў 1855–1865 гадах займалася зборам і даследаваннем помнікаў старажытнасцей на тэрыторыі Літвы і Беларусі.

Няма навуковага выдання тых падарожных матэрыялаў, якія пакінуў пасля сябе Сыракомля. Але самі гэтыя публікацыі можна знайсці ў інтэрнэце адсканіраваныя, напрыклад, на партале Polona.

Сёння творы Сыракомлі, выдадзеныя нават пры яго жыцці, прыклад чаго я ўжо прыводзіў, можна купіць у Польшчы ў букіністычных крамах, у т.л. у інтэрнэце. У Беларусі ён не выдаецца ў арыгінале, па-польску, але былі кнігі ў перакладзе на беларускую мову. У кантэксце якой культуры варта разглядаць гэтага аўтара? Катажына Касцевіч бачыць тут цікавую праблему.

Катажына Касцевіч: — Калі гаварыць пра Сыракомлю як пра польскага, літоўскага і беларускага паэта, то кожная з гэтых прыналежнасцей і кантэкстаў патрабуе каментарыяў.

Сыракомля пісаў пераважна па-польску. На беларускай мове захаваліся толькі некалькі твораў. Яны не друкаваліся пры жыцці Сыракомлі, і нам сёння цяжка ацаніць, наколькі гэта вялікі даробак.

Сыракомля ведаў беларускую мову. Ён нарадзіўся і вырас на Палессі, быў душою звязаны з гэтымі мясцінамі. У сваіх літаратурных творах і  падарожных нататках апісваў і беларускі народ.

У паэзіі ж Сыракомлі адчуваецца лірычная нота, характэрная для творчасці пісьменнікаў сярэдзіны ХІХ ст. з былых усходніх зямель Рэчы Паспалітай — Літвы, Беларусі і Украіны.

Увогуле, лічу таксама варта адзначыць, што Сыракомля падкрэсліваў адметнасць сваёй малой радзімы, адметнасць Літвы, і, як і многія яго сучаснікі, атаясамліваў сябе з традыцыямі Вялікага Княства Літоўскага. А як мы добра ведаем, традыцыі Вялікага Княства Літоўскага былі шматкультурныя. І Сыракомля таксама заўважаў гэту полікультурнасць і лічыў мэтазгодным яе падкрэсліваць у сваіх творах.

Віктар Корбут

Слухайце радыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Выйшла кніга пра аўтара кракаўскага Грунвальдскага помніка і віленскіх Трох Крыжоў

06.06.2024 15:40
Польска-літоўскі архітэктар і скульптар Антоні Вівульскі звязаны з Вільняй і Парыжам, а таксама з Чарапоўшчынай (цяпер ва Ушацкім раёне), дзе жылі яго сваякі Маліноўскія.

У Варшаве выйшлі кнігі пра невядомыя старонкі біяграфій Юзафа Пілсудскага і яго першай жонкі Марыі

04.07.2024 15:56
Кніга Марыюша Кальмасяка Piękna Pani. Biografia Marii z Koplewskich Piłsudskiej расказвае пра першую жонку Юзафа Пілсудскага.