Беларуская Служба

Выйшла кніга пра аўтара кракаўскага Грунвальдскага помніка і віленскіх Трох Крыжоў

06.06.2024 15:40
Польска-літоўскі архітэктар і скульптар Антоні Вівульскі звязаны з Вільняй і Парыжам, а таксама з Чарапоўшчынай (цяпер ва Ушацкім раёне), дзе жылі яго сваякі Маліноўскія.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". К.Стэфаньскі пра А.Вівульскага.
    Zmarł, jak żył, na skrzydłach Antoni Wiwulski (1877-1919). Artysta epoki Młodej Polski.
Вокладка кнігі Кшыштафа Стэфаньскага Zmarł, jak żył, na skrzydłach… Antoni Wiwulski (1877-1919). Artysta epoki Młodej Polski.Polonika

Біяграфію выдатнага архітэктара і скульптара, жыццём і творчасцю звязанага з Вільняй, Каўнасам, Кракавам, Венай і Парыжам, Расіяй, Беларуссю, Украінай і Іспаніяй, скульптара і жывапісца Антоні Вівульскага выдаў Нацыянальны інстытут польскай культурнай спадчыны за мяжой Polonika.

Вівульскі праславіўся ў 1910-я гг. дзвюма сваімі працамі — помнікам Ягайлу, або Грунвальдскай бітве ў Кракаве і Трыма Крыжамі ў Вільні. Першы знішчылі нацысты ў 1940 г., другі — камуністы ў 1950 г. Аднак абодва былі адноўлены і з’яўляюцца аднымі з візітных картак адпаведна Кракава і Вільні. А вось віленскі касцёл Сэрца Ісуса, які пачалі будаваць пры жыцці дойліда, і так і не скончылі да 1939 г., пасля Другой сусветнай вайны быў часткова разабраны. Адзіны твор, які захаваўся цалкам, гэта капліца ў Шылуве ў Літве.

Вівульскі нарадзіўся ў Расіі, у горадзе Тацьме, у сям’і літоўскіх апалячаных шляхціцаў. Любіў Літву, але адначасова быў патрыётам Польшчы.

Zmarł, jak żył, na skrzydłach… Antoni Wiwulski (1877-1919). Artysta epoki Młodej Polski («Памёр, як жыў, на крылах… Антоні Вівульскі (1877-1919). Мастак эпохі Маладой Польшчы») — кніга пра мастака ўбачыла свет і была прадстаўлена ўпершыню на Міжнародным кніжным кірмашы ў Варшаве ў канцы мая. Я стаў адным з першых яе чытачоў.

На кірмашы я пазнаёміўся з Кшыштафам Стэфаньскім, аўтарам даследавання пра жыццё і творчасць Антоні Вівульскага. Даследчык прызнаўся, што пачаў цікавіцца асобай гэтага тварца яшчэ ў канцы 1980-х гг., калі адкрыў яе для сябе падчас напісання доктарскай дысертацыі пра сакральнае мастацтва ў Польшчы канца XIX — пачатку ХХ ст.

За гэты час Кшыштаф Стэфаньскі аб’ехаў амаль усе месцы, дзе жыў і працаваў Вівульскі, а таксама знайшоў многа невядомых раней матэрыялаў пра мастака ў архівах  бібліятэках, а таксама яго працы ў музеях.

Кшыштаф Стэфаньскі: — Невялікія скульптуры знаходзяцца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве, у Гістарычным музеі г. Кракава. Важным месцам у жыцці Вівульскага быў Парыж, што прывяло мяне з пошукамі ў Польскую бібліятэку ў Парыжы. З пісем Вівульскага мы даведваемся пра яго блізкія адносіны з мацерай. Іншыя матэрыялы расказваюць пра хваробу мастака, слабасць яго арганізму. Усё гэта ўплывала і на яго творчасць, і на паводзіны. Але гэта быў чалавек апантаны ідэяй стварэння Вялікага Мастацтва. Для яго мастацтва было ўсім, ён не звяртаў увагі на матэрыяльныя, жыццёвыя цяжкасці. Ён жыў у галечы, беднасці.

Многія творы, у прыватнасці, скульптуры, малыя формы, знаходзяцца ў Вільні, у Нацыянальным мастацкім музеі Літвы. Таксама варта ўспомніць пра мемарыяльную дошку ў гонар Тадэвуша Касцюшкі (1917 г.) у віленскім касцёле Св. Янаў. Такім чынам, арыгінальных твораў Вівульскага захавалася, на жаль, няшмат. Яны расцярушаны па Еўропе. Зрэшты, не ўсе з іх нам вядомы. Можна здагадвацца, што многія творы Вівульскага знаходзяцца ў прыватных калекцыях або ў малых музеях у Францыі, дзе мастак правёў 12 гадоў.

Вівульскі ў Парыжы жыў і працаваў у т. л. у славутым Вулеі (La Ruche) — майстэрнях мастакоў, дзе таксама працавалі яго землякі Хаім Суцін, Марк Шагал. Там жа ён падтрымліваў сувязі, супрацоўнічаў з суседам па гэтым доме ў форме ратонды — віленскім разьбяром Балеславам Балзукевічам, а таксама з літоўскім скульптарам Пятрасам Рымшам. Але там жа Вівульскі і хварэў, пакутаваў...


Руіны палацыка ў Чарапоўшчыне (Ушацкі раён), што згарэў 9 мая 2014 г. Руіны палацыка ў Чарапоўшчыне (Ушацкі раён), што згарэў 9 мая 2014 г.

Нярэдка бываў Вівульскі ў Чарапоўшчыне (цяпер ва Ушацкім раёне), або, як ён яшчэ называў гэту мясцовасць, Чарапы. Там жылі яго сваякі Маліноўскія. Яны пакінулі родны кут назаўсёды у лістападзе 1918 г., перад наступам бальшавікоў. На дзіва палацык Маліноўскіх выстаяў, і толькі 9 мая 2014 г. згарэў. Засталіся руіны... А гэта, між тым, адно з тых месц, якое памятае дотыкі рук вялікага майстра.

Кшыштаф Стэфаньскі паспрабаваў сфармуляваць творчае і грамадзянскае крэда героя сваёй кнігі.

Кшыштаф Стэфаньскі: — Ён шукаў рэалізацыі ў мастацтве, якое б гаварыла сваім зместам. Для яго быў важны рэлігійны, патрыятычны змест. Для яго Айчына — Польшча, Літва і Бог былі найважнейшымі каштоўнасцямі ў жыцці і мастацтве.

Ён быў хворы на сухоты. Але калі ў 1919 г. да Вільні набліжалася бальшавіцкая армія, з’явілася патрэба стаць на абарону горада, — і Вівульскі пайшоў служыць у польскую самаабарону горада. Ён, мабыць, ведаў, што непрыгодны да службы ў арміі, што ён занадта слабы. І за гэту службу ён заплаціў смерцю. Ён стаяў на варце на моцным марозе, яго арганізм гэтага не вынес — і Вівульскі памірае ад запалення лёгкіх...

Адказны рэдактар кнігі Zmarł, jak żył, na skrzydłach… Antoni Wiwulski (1877-1919). Artysta epoki Młodej Polski, былая супрацоўніца інстытута Polonika філолаг Анна Ватліньская рэкламуе гэта выданне як незвычайную навуковую і адначасова белетрыстычную працу.

Анна Ватліньская: — Кніга чытаецца з прыемнасцю. Я думаю, яна зацікавіць кожнага, каго цікавіць мастацтва мадэрнізму, а таксама аматараў біяграфій, цікавостак. І мне здаецца, што гэта кніга будзе цікавая не толькі спецыялістам — мастацтвазнаўцам. Таму рэкамендую гэта выданне кожнаму, хто жадае акунуцца ў мадэрнісцкі Парыж, Вільню. Раю!

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Фота: Instytut Polonika/radzima.org

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Творы віленскіх архітэктараў і скульптараў XVIII ст. дагэтуль радуюць вока ў касцёлах Слоніма, Дзятлава, Навагрудка і Мінска

23.05.2024 14:08
Беларуская вучоная Ірэна Радзевіч працягвае ў Варшаве вывучаць сакральную архітэктуру Вялікага Княства Літоўскага, у прыватнасці, алтары касцёлаў.