Беларуская Служба

Творы віленскіх архітэктараў і скульптараў XVIII ст. дагэтуль радуюць вока ў касцёлах Слоніма, Дзятлава, Навагрудка і Мінска

23.05.2024 14:08
Беларуская вучоная Ірэна Радзевіч працягвае ў Варшаве вывучаць сакральную архітэктуру Вялікага Княства Літоўскага, у прыватнасці, алтары касцёлаў.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". І.Радзевіч пра віленскае барока.
  . .
Афіша лекцыі І. Радзевіч.Facebook

20 мая на пасяджэнні Клуба даследчыкаў усходніх зямель былой Рэчы Паспалітай пры Таварыстве мастацтвазнаўцаў, у памяшканні Інстытута мастацтвазнаўства Польскай акадэміі навук на Рынку Старога горада Варшавы, адбылася лекцыя Ірэны Радзевіч пра малую архітэктуру віленскага барока на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Ірэна Радзевіч — беларуская вучоная, якая цяпер працуе ў Варшаве, у Інстытуце мастацтвазнаўства Польскай акадэміі навук. Яна даследуе сакральную архітэктуру на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага, у прыватнасці, алтары касцёлаў. Цяпер рыхтуецца да друку яе манаграфія Architektura ołtarzy katolickich na Białorusi od XVII do I połowy XIX wieku (“Архітэктура каталіцкіх алтароў на Беларусі з XVII да першай паловы XIX ст.”).

На лекцыі Ірэна Радзевіч звярнула ўвагу на дробныя дэталі, якія ствараюць непаўторнае аблічча помнікаў сакральнай архітэктуры.

Аде спярша давайце ўспомнім, што такое віленскае барока. Гэта не тэрмін XVIII ст., а ўмоўная навуковая назва мастацкай сістэмы позняга барока ў манументальнай культавай архітэктуры ВКЛ. Архітэктурныя помнікі віленскага барока вызначаюцца пластычнасцю аб’ёмаў, маляўнічасцю сілуэта, створанага стромкімі шмат’яруснымі скразнымі ажурнымі вежамі, фігурнымі атыкавымі франтонамі, якія надаюць галоўнаму фасаду будынка прасторавую структуру. Важную ролю ў стварэнні своеасаблівай школы віленскага барока адыграла творчасць віленскага архітэктара Ёгана Кшыштафа Гляўбіца. Да гэтага стылю належаць такія вядомыя храмы, як полацкі ўніяцкі Сафійскі сабор або дзятлаўскі касцёл.

Але сталіцай стылю была, вядома ж, Вільня. Тут, напрыклад, была выкарыстана навацыя – размяшчанне некалькіх алтароў адзін пры адным.

Ірэна Радзевіч: — Самы ранні прыклад, дзе мы бачым размяшчэнне пяці алтароў у прэсбітэрыуме, злучаных яшчэ з двума алтарамі, гэта касцёл Св. Кацярыны пры кляштары бенедыкцінак у Вільні (1759 г.).

Таксама пяць алтароў устаноўлены ў віленскім касцёле Св. Казіміра — у 1751-1756 гг.

Тры алтары злучаны з двума бакавымі ў касцёле Св. Духа пры кляштары дамініканцаў у Вільні.

Усё гэта стварала эфект паратэатральнасці: калі ўсе бакавыя алтары нібы ланцужком былі злучаны паміж сабою, а таксама з галоўным алтаром. Так утвараўся суцэльны архітэктурны ансамбль. Галоўны алтар злучаўся з бакавымі і візуальна, бо яны знаходзіліся на прыблізна аднолькавай вышыні. Створаная такім чынам архітэктурная прастора была даступная для агляду гледачом з некалькіх кропак.

Ірэна Радзевіч налічыла толькі тры прыклады такіх алтароў на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Ірэна Радзевіч: — Гэта алтары касцёлаў пры кляштарах бернардзінцаў і бернардзінак у Слоніме, а таксама ў парафіяльным касцёле ў Дзятлаве.

Першыя два алтары ўзведзены віленскімі скульптарамі Ёганам Хэдэлем, Клеменсам Вінтэрхальтэрам і Антоніем Гросманам. Архітэктар, які прымаў удзел у ажыццяўленні гэтых праектаў, нам невядомы па прозвішчы.

Аднак гэтыя алтары маюць многа агульных рыс з бакавымі алтарамі, узведзенымі ў 1750-я гг. у касцёле Усіх Святых пры кляштары кармелітаў у Вільні. У будынках ранейшага часу гэтыя элементы не сустракаюцца. Гэта, сярод іншага, капітэлі паводле ўзору карынфскага ордара, а таксама скручаны ліст на аснове калоны, ракаліі на карнізах паміж рознымі ярусамі храмаў. Падобным чынам аздоблены кранштэйны збоку ад алтароў — з размешчанымі пад імі скульптурамі. Падобныя элементы мы бачым у касцёле бернардзінцаў у Слоніме, а таксама ў царкве пры манастыры базыльян ў Беразвеччы (царква разбурана ў трэцяй чвэрці ХХ ст., у манастыры цяпер турма. — Рэд.).


Лекцыя І. Радзевіч. Лекцыя І. Радзевіч.

Звяртаючыся зноў да інтэр’ера дзятлаўскага касцёла, Ірэна Радзевіч адзначае яшчэ адну яго адметнасць.

Ірэна Радзевіч: — У алтары дзятлаўскага касцёла ў апошні раз сярод аб’ектаў ранняга віленскага барока быў выкарыстаны такі спецыфічны для стылю гэтага перыяду элемент, як цокаль алтара, выдзелены прамавугольнай формай на другім ярусе, а ўнізе скрыўлены. Часцей за ўсё гэтыя часткі пакрываліся мармурам або фарбаваліся іншым колерам. І гэтыя рысы звязваюцца з творчасцю архітэктара Ёгана Кшыштафа Гляўбіца, які працаваў у 1739-1740 гг. на рэканструкцыі капліцы Св. Барбары і капліцы Благавешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў касцёле Св. Янаў пры езуіцкай акадэміі ў Вільні.

Ёгану Кшыштафу Гляўбіцу прыпісваюцца многія творы віленскага барока, аднак дакументальна пацверджаны не ўсе з іх. Ірэна Радзевіч прыводзіць прыклады твораў, пра якія ёсць дакладныя даныя ў крыніцах пра іх сувязь з Гляўбіцам.

Ірэна Радзевіч: — У лютэранскім зборы ў Вільні ў 1740-1743 гг. быў збудаваны алтар. У 1746 г. узведзены алтар у касцёле ў Сталовічах. Гляўбіцу таксама прыпісваецца алтар 1746-1747 гг. у капліцы Валовічаў у касцёле Св. Кацярыны пры кляштары бенедыкцінак, а таксама галоўны алтар 1751 г. у касцёле Найсвяцейшага Сэрца Госпада Ісуса пры кляштары візітак у Вільні.

Яшчэ адным выдатным дойлідам эпохі віленскага барока быў Абрагам Вюрцнер.

Ірэна Радзевіч: — У 1754 г. Абрагам Вюрцнер упамінаецца як пажылога чалавека, які на працягу папярэдніх 30 гадоў працаваў над праектамі касцёлаў Мінска, Вільні і Навагрудка. Апрача як на будаўніцтве касцёла Св. Янаў у Вільні, ён мог працаваць да 1743 г. над будаўніцтвам вежы касцёла Усіх Святых пры кляштары кармелітаў у гэтым жа горадзе, а ў 1741-1750 гг. над фасадам касцёла пры кляштары візітак.

У Мінску Абрагам Вюрцнер мог працаваць над аздабленнем касцёлаў пры кляштарах дамініканцаў і бернардзінцаў (першы знесены ў 1950 г., стаяў на рагу вул. Інтэрнацыянальнай і Энгельса; другі захаваўся на вул. Кірыла і Мяфодзія, з 1860-х гг. прыстасаваны пад дзяржархівы). Праўдападобна, у касцёле пры кляштарах бернардзінцаў Абрагам Вюрцнер збудаваў 10 мураваных алтароў, а таксама амбон, злучаны з канфесіяналам. 

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

У Варшаве ствараецца Клуб нашчадкаў I Рэчы Паспалітай

15.02.2024 14:44
Першае пасяджэнне клуба пройдзе 26 лютага ў сувязі з выхадам кнігі вядомай польскай даследчыцы Марыі Каламайскай-Саід — Ostra Brama w Wilnie.

Мастацтвазнавец Марыя Каламайская-Саід магла як рэнтген разгледзець твор мастацтва

07.03.2024 16:03
Мастацтвазнавец Марыя Каламайская-Саід як ніхто ў Польшчы добра ведала Беларусь і Літву і іх гісторыка-культурную спадчыну перыяду ВКЛ.