Беларуская Служба

У Варшаве ствараецца Клуб нашчадкаў I Рэчы Паспалітай

15.02.2024 14:44
Першае пасяджэнне клуба пройдзе 26 лютага ў сувязі з выхадам кнігі вядомай польскай даследчыцы Марыі Каламайскай-Саід — Ostra Brama w Wilnie.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Клуб нашчадкаў I RP.
        - Ostra Brama w Wilnie.
Анонс сустрэчы ў сувязі з выхадам кнігі Марыі Каламайскай-Саід Ostra Brama w Wilnie.https://polonika.pl/co-nowego-/wieczor-wspomnien-o-s-p-prof-marii-kalamajskiej

Таварыства мастацтвазнаўцаў (Stowarzyszenie Historyków Sztuki) — польская грамадская арганізацыя, якая аб'ядноўвае як уласна мастацтвазнаўцаў, так і архітэктараў, рэстаўратараў, музейных работнікаў. Офіс таварыства размешчаны на плошчы Рынак Старога горада Варшавы.

Арганізацыя ўзнікла яшчэ ў 1934 годзе. І цяпер, на 90-м годзе дзейнасці, вырашыла пашырыць свае рады — за кошт не толькі польскіх даследчыкаў, але і калег з Усходняй Еўропы, якія вывучаюць агульную з Польшчай гісторыка-культурную спадчыну. Каб стаць членам таварыства, не абавязкова нават мець навуковую ступень.

Анна Сыльвія Чыж, мастацтвазнавец, спецыяліст па мастацкай культуры Вялікага княства Літоўскага:З самага пачатку таварыства складалася з філіялаў. Ужо ў 1934 годзе былі створаны філіялы ў Кракаве, Варшаве, Познані, а таксама ў Львове. І ў юбілейны год мы хацелі б вярнуцца да нашых традыцый і стварыць Клуб нашчадкаў I Рэчы Паспалітай, у якім маглі б займацца гісторыяй мастацтва Рэчы Паспалітай.

Але галоўнай задачай клуба была б інтэграцыя даследчыкаў з Беларусі, Украіны, а таксама літоўцаў і латвійцаў, якія пражываюць у Польшчы ці знаходзяцца тут часова.

Мы хацелі б, каб даследчыкі з гэтых краін падтрымлівалі адносіны не толькі ў рамках сваіх нацыянальных груп, але і каб інтэграваліся з намі, палякамі — мастацтвазнаўцамі, гісторыкамі, увогуле з усімі, хто займаецца пытаннямі культуры.

У клубе плануюцца лекцыі па гісторыі мастацтва былой Рэчы Паспалітай і, у прыватнасці, Вялікага княства Літоўскага, Украіны, Інфлянтаў, або Ліфляндыі (частка паўднёва-ўсходняй Латвіі, якая ўваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай. — Рэд.). Гэтыя тэрыторыі нас асабліва цікавяць.

Ініцыятарам стварэння Клуба нашчадкаў I Рэчы Паспалітай з'яўляецца Пётр Ямскі, калега Анны Сыльвіі Чыж.

Анна Сыльвія Чыж:Пётр Ямскі працуе ў Інстытуце мастацтвазнаўства Польскай акадэміі навук. Ён мастацтвазнавец і фатограф. Мастацтва Вялікага княства Літоўскага даследуе з 1990-х гг. У прыватнасці, ён вывучае гістарычныя званы і з'яўляецца, бадай, найлепшым спецыялістам у Польшчы па гэтым пытанні. Акрамя таго, Пётр Ямскі вывучае тэрыторыі Украіны, якія ўваходзілі ў склад Польскага каралеўства і Рэчы Паспалітай.

Ініцыятыва Пётра Ямскага вельмі каштоўная, таму што дагэтуль у Польшчы не было месца, дзе калегі з Беларусі, Украіны, а таксама літоўцы і латвійцы, якія знаходзяцца ў нашай краіне, маглі б сустракацца. Акрамя таго, пры Таварыстве мастацтвазнаўцаў існуе цудоўная бібліятэка, якой яны таксама змогуць карыстацца.

Анна Сыльвія Чыж адной з задач Клуба нашчадкаў I Рэчы Паспалітай бачыць абмен інфармацыяй аб навуковай літаратуры, якая выходзіць у розных краінах на розных мовах, але не заўсёды своечасова даходзіць да зацікаўленых даследчыкаў. Рэгулярныя сустрэчы вучоных і абмен інфармацыяй аб кніжных навінках дадуць магчымасць улічыць многія дасягненні калег з іншых дзяржаў.

Анна Сыльвія Чыж:А першая наша сустрэча запланавана на 26 лютага ў Варшаве і прымеркавана да выхаду ў выдавецтве Нацыянальнага інстытута польскай культурнай спадчыны за мяжой Polonika кнігі прафесара Марыі Каламайскай-Саід Ostra Brama w Wilnie («Вострая брама ў Вільні»). Запрашаю па адрасе: Rynek Starego Miasta 27 (kamienica Fukierowska, sala Kominkowa, domofon Biblioteka SHS).

Марыя Каламайская-Саід была выдатным мастацтвазнаўцам, спецыялістам па мастацтве Вялікага княства Літоўскага. Яе не стала ў канцы снежня... Яна так і не дачакалася сваёй кнігі, якая выйшла таксама ў снежні. Каламайскую-Саід добра ведалі мастацтвазнаўцы і іншыя даследчыкі ў Літве і Беларусі. І таму мы вырашылі, што сустрэча ў сувязі з выхадам кнігі вядомай вучонай — гэта добры пачатак працы Клуба нашчадкаў I Рэчы Паспалітай.

Анна Сыльвія Чыж таксама плённа даследуе Вільню і ВКЛ.

Анна Сыльвія Чыж:Марыя Каламайская-Саід у сваёй працы пра Вострую браму ў Вільні пісала, што занялася гэтай тэмай не будучы ўраджэнкай Вільні. Я ж звязана з гэтым горадам паходжаннем маёй сям'і.

Мае продкі паходзяць з мясцовасці Быстрыца, з сучаснага пагранічча Беларусі і Літвы, а таксама жылі на працягу многіх дзесяцігоддзяў, калі не стагоддзяў у Вільні. Адпаведна, з гэтымі месцамі звязана мая цікавасць да спадчыны Вялікага княства Літоўскага.

Быстрыца цяпер гэта невялікая мясцовасць, не такая і важная. Аднак у Сярэдневякоўі праз яе праходзілі гандлёвыя шляхі з поўначы на поўдзень, з усходу на захад. І ў сувязі з гэтым князь Ягайла заснаваў там адзін з першых касцёлаў на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага — адразу пасля прыняцця хрышчэння. Мы не ведаем, як гэты касцёл выглядаў, але сярод розных заснаваных князем храмаў быў адным з найважнейшых як у мастацкім, так і ў рэлігійным плане.

У Вільні ж я пабывала ўпершыню, калі мне было тры гады. І хаця гэта можа выглядаць парадаксальна немагчымым, але многа з таго часу памятаю. Таму Вільня заўсёды са мной і ўва мне. Не ўцяку ад яе.

Калісьці там у мяне было больш сваякоў. Але дэмаграфія робіць сваю справу, і цяпер застаўся толькі адзін стрыечны брат, якога шчыра вітаю на хвалях Польскага радыё!

А калі я ўпершыню паехала ў Вільню, то гэта быў візіт да маёй бабулі Ані па лініі цёткі, а таксама да дзядзькі Уладка, да цёці Зіны. Гэта было кола асоб, з якімі я сустракалася ў Вільні.

Анна Сыльвія Чыж спадзяецца, што Клуб нашчадкаў I Рэчы Паспалітай стане пляцоўкай для яднання прадстаўнікоў краін, якія ўзніклі на землях сярэдневяковай дзяржавы — гэта важна і з пункту гледжання чалавечых сувязей. А пакуль што Анна Сыльвія Чыж анансавала тэмы найбліжэйшых пасяджэнняў клуба.

Анна Сыльвія Чыж:Дакладна будзем гаварыць аб спадчыне горада Гродна. А таксама абмяркуем гісторыю алтароў XVIII стагоддзя ў храмах Беларусі, якія адносяцца да школы віленскага барока.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Інстытут Polonika клапоціцца пра спадчыну ВКЛ

18.01.2024 14:44
У касцёле Успення Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Вільні завершаны работы па кансервацыі і рэстаўрацыі размалёўкі скляпенняў.

Мікеланджэла ў Вільні, Гродне і Варшаве: Мастацтвазнаўцы зрабілі сенсацыйныя адкрыцці

25.01.2024 16:01
Нацыянальны інстытут польскай культурнай спадчыны за мяжой Polonika выдаў працу пра дзейнасць у Рэчы Паспалітай італьянскага мастака Мікеланджэла Палёні.

Італьянскі мастак XVII ст. адлюстраваў літоўскіх шляхціцаў з чубамі і іх жанчын у малітве

01.02.2024 14:02
Анна Сыльвія Чыж, вядучы польскі мастацтвазнавец, які вывучае культуру ВКЛ XVII ст., адкрыла ў фрэсках невядомыя факты нашага мінулага.