Сёння мы запрашаем у Паслэнк (поль. Pasłęk) - горад у эльблёнскім павеце. Гістарычна - гэта ўсходняя частка Верхняй Прусіі. Паслэнка не абміналі гістарычныя ліхалецці. Шматлікія войны, пажары і іншыя стыхійныя бедствы; змены нацыянальнай прыналежнасці і прымусовыя перасяленні – усё гэта наклала свой адбітак на гэты невялікі гарадок. Аднак, з другога боку, можа менавіта з-за згаданага складанага гістарычнага досведу зараз Паслэнк, як магніт прыцягвае турыстаў з усяе Польшчы.
Рэшткі вежы, Паслэнк. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Гісторыя горада Паслэнк сягае пачатку XIII стагоддзя, чаго доказы можна знайсці ў пісьмовых крыніцах, напрыклад, Папскай буле. Гэта яшчэ некалькі гадоў да тэўтонцаў, якія з’явіліся ў ваколіцах Эльблёнга ў 1237 годзе і, як мяркуецца, 2-3 гады пазней пасяліліся на паслэнцкай зямлі. Тэўтонцы пабудавалі тут, хутчэй за ўсё, драўлянае гарадзішча, якое ў 1297 годзе атрымала гарадскія правы і называлася Пазлёк (Pazlok/Patzlok). Побач з гарадзішчам узнікла паселішча Голянд (Hollandt), як мяркуецца заснаванае каланістамі з Нідэрландаў. Згаданая назва дзейнічала да пачатку XVІІІ стагоддзя, калі яе памянялі па Preussisch Holland, а з 1945 года - на Паслэнк.
Праход у абарончых сценах горада, Паслэнк /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Перыядам асаблівага развіцца горада быў пачатак XIV стагоддзя – пачаткі яго разбудовы. Другім важным момантам быў канец XIX стагоддзя, то бок развіццё прамысловасці, будаўніцтва Эльблёнскага канала і чыгункі.
Каменная брама, Паслэнк / Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Пераломным момантам у гісторыі Паслэнка аказаўся 1945 год, кажа дырэктар мясцовай бібліятэкі Пётр Адамчык(Piotr Adamczyk):
- 23 студзеня 1945 года горад займае Чырвоная Армія, якая больш за тыдзень абараняецца ад нямецкіх войскаў, што спрабуюць прабіцца з боку Мазураў. Усё гэта прычыняецца да вялікіх знішчэнняў гарадской інфраструктуры. З Паслэнка з’язджае нямецкае насельніцтва, а ўвесь рэгіён пераходзіць ва ўласнасць Польшчы. Гэта таксама пачатак польскага насельніцтва на паслэнцкай зямлі. На месца немцаў прыязджаюць палякі з Валыні, сённяшняй Беларусі і Украіны, з Віленшчыны, а таксама цэнтральнай Польшчы. Да гэтага трэба дадаць перасяленні ў рамках акцыі «Вісла» ў 1947 годзе. Можна сказаць, што мы ўсе тут перасяленцы, старых жыхароў засталася толькі жменька. Шматкультурнасць бачная па сённяшні дзень. У нашым невялікім гарадку ёсць чатыры святыні і пяць веравызнанняў. Два каталіцкія касцёлы, грэка-каталіцкая царква і адзін гістарычны касцёл з XVI стагоддзя, якім карыстаюцца дзве парафіі - праваслаўная і евангелічная. Гэта таксама нашая мясцовая адметнасць.
Будынак сярэднявечнай гарадской ратушы з барочным фасадам, Паслэнк /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
На шчасце ў горадзе захавалася некалькі помнікаў архітэктуры, якіх старанна даглядае мясцовая супольнасць:
- Сам стары горад, які захаваў сваю гістарычную планіроўку. Напэўна кідаюцца ў вочы гарадскія сцены даўжынёй у 1 200 метраў - адны з найдаўжэйшых гістарычных гарадскіх сценаў у Польшчы. Іх можна абгуляць у прыемнай прагулцы. Варта звярнуць увагу на Каменную браму – адзіную з трох сярэднявечных брамаў горада, якія захаваліся да нашых часоў; рэстаўраваны на пачатку 1960-х гадоў мінулага стагоддзя будынак сярэднявечнай гарадской ратушы з барочным фасадам; парафіяльны касцёл святога Барталамея, гісторыя якога сягае сярэднявечча. Тут знаходзіцца адзін з найбольш вядомых арганаў у Польшчы – арган Андрэаса Гільдэбранта (Andreas Hildebrandt) з пачатку XVIII стагоддзя. Гэта найбуйнейшы ў паўночнай Польшчы барочны інструмент, якога можна паслухаць падчас штогадовых дзён арганнай музыкі. Варта звярнуць увагу на паслэнцкі замак, шмат разоў мадэрнізацыяў на працягу стагоддзяў. Дарэчы згаданы гістарычны аб’ект выконваў розныя функцыі. Тут размяшчаўся вайсковы гарнізон, склад бульбы, школа, дзяржаўная вязніца, розныя ўстановы, а зараз - Публічная бібліятэка, Гарадскі цэнтр культуры, сядзіба гмінных уладаў. Дарэчы, у бібліятэцы знаходзіцца гісторыка- мемарыяльная зала , у якой можна пазнаёміцца з гісторыяй горада. Варта паглядзець і Парахавую вежу, адзіную якая захавалася да нашых часоў.
Арган Андрэаса Гільдэбранта, Паслэнк. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Паслэнк – гэта таксама таямнічы горад, авеяны цікавымі легендамі, пераконвае Пётр Адамчык:
- Дзве легенды звязаныя з апошняй польска-тэўтонскай вайной, калі ў студзені 1520 года польская армія пад камандаваннем Мікалая Фірлея асадзіла Паслэнк. Паколькі быў люты мароз, каб сагрэцца палякі разабралі невялікую драўляную святыню святога Юрыя. Калі некалькі дзён пазней падчас штурму яны нанеслі велізарныя страты, разнеслася вестка, што Паслэнк абараняў сам святы Юрый, які пакараў палякаў за знішчэнне святыні. Гэта адна легенда. Другая легенда тычыцца неіснуючай ужо Тоўстай вежы. Верагодна, на ёй, у адказ на адзін з ультыматумаў гетмана Фірлея, жыхары Паслэнка павесілі каўбасу, сала і… дохлага ката. Гэта быў пасыл палякам, маўляў: „У нас ёсць, што есці, а вы-асаднікі не атрымаеце ад нас нават дохлага ката”.
Тэўтонскі замак у Паслэнку / Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Ёсць таксама легенда, звязаная з самым замкам. Яна расказвае пра ведзьму, то бок маладую дзяўчыну, якую тэўтонцы абвінавацілі ў вядзьмарстве і, у рамках пакарання, замуравалі жыўцом:
- Між тым, у 30- я гады XIX стагоддзя, падчас чарговай мадэрнізацыі замкавых памяшканняў, была выяўлена замураваная камера, пра якую ніхто раней не ведаў. Гэта было вузкае памяшканне, без вокнаў, на сценах якога віселі ланцугі, а на падлозе – чалавечыя косці. З гэтага часу, як мінімум, да 1945 года мясцовыя жыхары пераконвалі, што па замку гуляе ведзьма.
Гарадскія абарончыя сцены, Паслэнк / Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Калі гаворка ідзе пра больш сучасныя легенды… Паслэнк разглядаецца, як адно з месцаў, дзе немцы маглі схаваць славуты Бурштынавы пакой - знакаміты шэдэўр мастацтва XVIII стагоддзя:
- Ёсць крыху аповедаў аб перапісцы паміж уладальнікам непадалёкага маёнтка (ням. Schlobitten) князем цу Дохнэ (zu Dohny) і дырэктарам Прускага музея ў Кёнігсбергу. Таксама непадалёка Паслэнка - у Тапольне, размяшчаўся маёнтак гаўляйтара НСДАП (Нацыянал-сацыялістычная нямецкая рабочая партыя – рэд.) ва Усходняй Прусіі Эрыха Коха. Адсюль здагадка, што ён мог тут схаваць шэдэўр, бо ведаў гэтую мясцовасць. Да гэтага трэба дадаць канец 70 -х і пачатак 80-х гадоў мінулага стагоддзя, калі два выдатныя радыестэты Эдвард Трусялевіч і Юцыян Новак, пасля пошукаў паказалі на адну з вежаў паслэнцкага замку – Усходнюю вежу. Варта згадаць і пра бачанне вядомага празорцы айца Клімушкі, якое цалкам падпадала пад Паслэнк. Дадаткова, паводле гістарычных дадзеных, пад паслэнцкім замкам размяшчаюцца двухпавярховыя падзямеллі, якіх ад вайны ніхто не даследаваў.
Гарадскія абарончыя сцены, Паслэнк / Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Палэнк мае таксама „свайго” Праведніка народаў свету. У 1894 годзе ў сям'і лютэранскага пастара ў Паслэнку нарадзіўся Макс Лідткэ (Max Liedtke). У ліпені 1942 года ён стаў камандзірам гарнізона Вермахту ў Пярэмышлі і праславіўся дзёрзкай спробай выратаваць габрэяў ад прымусовай дэпартацыі:
- Гэта быў жаўнер Вермахта ў званні маёра. Ён быў камандзірам гарнізона ў Пярэмышлі. Гэта даволі вядомая гісторыя… За спробу выратавання габрэяў ізраільскі інстытут Яд Вашэм пасмяротна ўзнагародзіў Лідткэ медалём „Праведнік народаў свету”, а нагадзіўся ён менавіта ў Паслэнку.
Парафіяльны касцёл святога Барталамея /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Аказваецца, што Паслэнк мае багатыя традыцыі выпечкі пернікаў. Дастаткова згадаць, што ў XІX стагоддзі адзін з паслэнцкіх вытворцаў атрымаў афіцыйнае званне Пастаўшчыка двара Яго Каралеўскай Вялікасці прынца Фрыдрыха Карла Прускага:
- Найстарэйшыя паслэнцкія формы для выпечкі пернікаў знаходзяцца ў музеі ў Торуні – яны датуюцца пачаткам XVII стагоддзя. На тамтэйшай экспазіцыі паслэнцкая калекцыя формаў даволі вялікая. Калі гаворка ідзе сучасныя паслэнцкія пернікі, то на жаль нам не ўдалося знайсці гэтых гістарычных рэцэптаў, таму нашую традыцыю стараемся працягваць на сучасных. Выгляд формаў для выпечкі пернікаў мяняўся цягам стагоддзяў. Гэтыя сучасныя ўтрымліваюць выяву паслэнцкага замкa або герба горада.
- паясніў дырэктар Публічнай бібліятэкі ў Паслэнку Пётр Адамчык (Piotr Adamczyk).
Воданапорная вежа, Паслэнк /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Варта таксама ўспомніць, што ў канцы жніўня ў Паслэнку штогод праходзіць буйны конкурс паветраных шароў. Гэта вельмі маляўнічая падзея і прывабная прапанова, напрыклад, для аматары фатаграфіі, паколькі цягам некалькіх дзён неба над горадам пакрываецца каляровымі паветранымі шарамі.
Неакласічныя камяніцы на вуліцы Асіньскага, Паслэнк/ Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Анна Задрожна