Беларуская Служба

Як беларусы Польшчы захоўваюць праваслаўную культуру - Вечар вясковых прыхадскіх хораў прайшоў на Беласточчыне (ФОТА/ВІДЭА)  

09.10.2024 18:03
Мерапрыемства адбылося у рамках святкавання 100-годдзя заснавання Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.
Аўдыё
  • Як беларусы Польшчы захоўваюць праваслаўную культуру - Вечар вясковых прыхадскіх хораў прайшоў на Беласточчыне
У царкве ў гонар святога апостала і евангеліста Іаана Багаслова ў Новаберазове ў Гаўнаўскім павеце на Беласточчыне прайшоў Вечар вясковых прыхадскіх хораўАнна Пятроўская/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

У царкве ў гонар святога апостала і евангеліста Іаана Багаслова ў Новаберазове ў Гаўнаўскім павеце на Беласточчыне прайшоў Вечар вясковых прыхадскіх хораў. Гайнаўскі павет – гэта кампактнае месца пражывання беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы. 

Мэта мерапрыемства – захаваць ад забыцця спевы, звязаныя з праваслаўнай традыцыяй, у выкананні старэйшых вясковых спевакоў. Арганізатары канцэрту таксама хочуць распаўсюджваць спеўныя традыцыі і культуру рэгіёна ды інтэграваць сельскія супольнасці. Тут можна духоўна адпачыць і паслухаць прыгожую царкоўную музыку, кажуць удзельнікі канцэрта. 

«Мы прышлі паслухаць, як выступаюць вясковыя хоры, яны прыгожа спяваюць, перш за ўсё старэйшыя жанчыны, але і маладыя таксама. Добра, што такія канцэрты ёсць, многа людзей прыязджае сюды ў царкву», - кажа войт гміны Гайнаўка і суарганізатарка мерапрыемства Люцына Смактуновіч.

. .

«Нейкі час таму я сустрэла вясковы хор, дзе пажылыя бабулькі наракалі, што яны ўжо ў музыцы непатрэбныя з-за ўзросту, і што іх больш не запросяць. Я тады падумала, што трэба арганізаваць такі канцэрт, дзе няма конкурсу, каб яны маглі спяваць Богу і людзям. Мы ўжо сёмы раз праводзім канцэрт, ён карыстаецца вялікай папулярнасцю», - згадала войт Люцына Смактуновіч пачаткі мерапрыемства.   

Вечар вясковых прыхадскіх хораў прайшоў у рамках святкавання 100-годдзя заснавання Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. 

Рэпартаж падрыхтавала Анна Пятроўская.  

слухайце аўдыёфайл