Слухайце размову ў далучаным файле!
У арт-рэзідэнцыі «Дом творцаў» у Варшаве адначасова могуць жыць да 15 чалавек. Цяпер усе пакоі занятыя, і месцы распісаныя наперад. «Дом творцаў» працуе з 2021 года, задумваўся як месца для творчых людзей, дзе яны змогуць схавацца ад рэпрэсій, атрымаць дапамогу, нечаму навучыцца. Прайшло тры гады і месца па-ранейшаму запатрабаванае, а вось магчымасці для падтрымкі за гэты час зменшыліся.
Расказвае менеджар культурных праектаў, арганізатар «Дома творцаў» у Варшаве Сяргей Доўгушаў:
— Мы завяршаем год, скончылася падтрымкі фінасавання, таму запусцілі збор, каб аплаціць арэнду, працу «Дома творцаў» да канца года. З наступнага года, ёсць пазітыўныя навіны, будзе фінансаванне, каб забяспечыць існаванне нага «Дома», нашых рэзідэнцый і агулам падтрымкі нашай дзейнасці. Больш за 500 чалавек ужо прайшлі праз наш «Дом творцаў» — гэта людзі, якія была патрэбная падтрымка, магчымасць папрацаваць, магчымасць рэабілітацыі. Таксама ў нас было восем рэзідэнцый, у якіх удзельнічалі ад 15 да 30 чалавек у кожнай. Па сённяшні дзень у «Доме» жывуць людзі, яны працягваюць выязджаць з Беларусі, і аднаго Дома не хапае. Цяпер у нас усе пакоі занятыя. І сем'і жывуць, і тыя, хто толькі выехаў з Беларусі, і хто не змог пакуль знайсці сваё месца, працу ў чужой краіне. Але ёсць і добрыя прыклады. Думаю, людзі, якія прайшлі праз «Дом», памятаюць і яго, і мяне, змаглі наладзіць кантакты і рэалізавацца тут.
Кіраўнік праекту гаворыць, што ў «Дом творцаў» звяртаюцца не толькі тыя, хто з’ехаў эміграваў з Беларусі, але і людзі, якія цяпер жывуць у Беларусі. Але маюць патрэбу часам выехаць, каб перадыхнуць, нечаму навучыцца, рэалізаваць нейкі праект.
Згадаем, што ў 2020-2021 гадах было шмат дэкларацый ад розных інстытуцый, палітыкаў пра гатоўнасць падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасць, медыя, культурныя праекты. Натуральна, з часам фокус змяніўся — Беларускія пытанні цяпер не ў топе парадку дня ў нашым рэгіёне. І сітуацыя з «Домам творцаў» у Варшаве — выразная ілюстрацыя сітуацыі.
— Агулам так: узяць 2021-ы год — тады шмат беларускіх ініцыятыў падтрымлівалі, і цяпер — калі шмат што трэба рабіць самастойна. Чым далей, тым больш пачынаеш думаць, што спадзявацца можна толькі на сябе. Мы шмат пісалі заявак, але наша сітуацыя цяпер — гэта прыклад таго, як нас не падтрымалі. Паменшылася фінансаванне на культуру агулам, і беларускую таксама.
Прыдумляем цяпер розныя формы, каб забяспечыць сваё існаванне, напрыклад, быў аўкцыён твораў мастакоў, калі набываеш карціну, можна такім чынам падтрымаць і мастака, і нас. Даступныя паслугі творцаў: ад запісу ў студыі да замовы размаляваць фасад дома. Усё гэта будзе падтрымкаю для нас. Перспектыва цяпер больш на тое, каб не чакаць, калі нехта нас падтрымае, а прапаноўваць больш паслуг.
Але сітуацыя агулам такая, што Беларусь цяпер далёка не на першым месцы. Культурніцкія праекты і раней не асабліва падтрымлівалі, а цяпер яшчэ менш, — падкрэслівае Сяргей Доўгушаў.
Нагадаю, што рэзідэнтамі «Дома творцаў» з’яўляюцца і людзі, якія жывуць у Беларусі. Канешне, гэта ўсё адбываецца непублічна. Суразмоўца звяртае ўвагу на вымушаную самацэнзуру ў такіх умовах.
Сяргей Доўгушаў выказвае падзяку ўсім, хто падтрымаў «Дома творцаў» у Варшаве, падкрэслівае, што такім чынам амаль атрымалася выйсці са складанай сітуацыі. Ды абяцае цікавае мерапрыемства на трэцюю гадавіну праекта ў снежні.
Падтрымаць праект можна па спасылцы
вх