Беларуская Служба

PRADMOVA ў Берліне: Тэмы фестывалю закранаюць пытанні сучаснага грамадства і культурнай ідэнтычнасці

17.10.2024 07:55
У Берліне фестываль аб’яднае беларускіх і замежных аўтараў, філосафаў, перакладчыкаў і навукоўцаў, якія возьмуць удзел у дыскусіях і прэзентацыях.
Аўдыё
  • PRADMOVA ў Берліне: Тэмы фестывалю закранаюць пытанні сучаснага грамадства і культурнай ідэнтычнасці
.
..

19-20 кастрычніка 2024 года ў Берліне адбудзецца фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA, які працягне традыцыю інтэлектуальных размоў, дыскусій і літаратурных сустрэч. У Берліне фестываль аб’яднае беларускіх і замежных аўтараў, філосафаў, перакладчыкаў і навукоўцаў, якія возьмуць удзел у дыскусіях і прэзентацыях, прысвечаных сучасным сацыяльным, культурным і палітычным праблемам.

Асноўныя тэмы фестывалю закранаюць пытанні сучаснага грамадства і культурнай ідэнтычнасці: трансфармацыя інстытута грамадзянства ў аўтарытарнай Беларусі, моўная дыскрымінацыя і практыкі супраціву.

Фестываль распачнецца ў суботу 19 кастрычніка з урачыстага адкрыцця і прэзентацыі выставы пераможцаў конкурсу маладых ілюстратараў і дызайнераў кнігі ART PRADMOVA.

Дыскусія “Новае аўтарытарнае грамадзянства: канфармізм, эміграцыя, супраціў?” з удзелам экспертаў Аляксея Братачкіна, Віктара Шадурскага, Алены Агарэлышавай будзе прысвечаная аналізу таго, як грамадства Беларусі змяняецца пад ціскам рэпрэсій і як гэтыя змены ўплываюць на грамадзянскія правы і абавязкі.

На фестывалі будуць прадстаўленыя беларускія і міжнародныя праекты: адбудуцца прэзентацыя самвыдат-зіна Pamyłka, прысвечанага прыродазнаўчым і тэхнічным навукам, дыскусіі пра беларускі пераклад “Іліяды” і пераклады беларускай літаратуры на замежныя мовы, літаратурныя сустрэчы з аўтарамі, якія працуюць у розных жанрах — ад паэзіі да драмы і аўтафікшн.

Юля Цімафеева прадставіць сваю паэзію і драматургію, што стане нагодай для дыскусіі пра ўспрыманне беларускай літаратуры ў Еўропе; а “Вольныя купалаўцы” пакажуць спектакль “Зэкамерон” паводле рамана Максіма Знака, напісанага ім у зняволенні.



На берлінскай PRADMOVA адбудзецца шэраг імпрэз з удзелам Альгерда Бахарэвіча, у тым ліку абмеркаванне нямецкага перакладу рамана “Сабакі Эўропы” і прэзентацыя новай кнігі “Папяровы Голем”, што абяцае стаць адной з яркіх літаратурных падзей фестывалю. Асобнай падзеяй стане і дыскусія "Песні любові і нянавісці" з удзелам Святланы Алексіевіч і Альгерда Бахарэвіча. Мадэратарам выступіць Андрэй Хадановіч. У часе размовы ўдзельнікі абмяркуюць, як у сучасным свеце, напоўненым нянавісцю і канфліктамі, творцы выкарыстоўваюць свой голас, каб выказаць бязмежную любоў і расчараванне, гнеў і надзею.

Фестываль працягнецца ў нядзелю 20 кастрычніка. Асаблівая ўвага будзе нададзеная тэме палітычных рэпрэсій і літаратуры, створанай у экстрэмальных умовах. Панэльная дыскусія “Еўрапейскі Паноптыкум ХХІ стагоддзя” будзе прысвечаная асэнсаванню досведу турэмнага зняволення і гвалту ў сучаснай Беларусі ў параўнанні з еўрапейскімі рэпрэсіўнымі практыкамі ХХ стагоддзя.

На працягу двух дзён PRADMOVA стане пляцоўкай для актыўнага абмеркавання сучасных выклікаў для беларускай культуры, а таксама праблем, звязаных з правамі чалавека і свабодай слова.

Удзельнікі і ўдзельніцы змогуць паглыбіцца ў літаратурныя і інтэлектуальныя пытанні, сустрэцца з вядучымі аўтарамі, сярод якіх Святлана Алексіевіч, Альгерд Бахарэвіч, Таццяна Нядбай, Аляксандр Лукашук, Ірына Герасімовіч, Дзмітрый Строцаў, Сяргей Шупа, Юля Цімафеева, Зміцер Вішнёў і іншыя.

Праграма фестывалю ўключае і музычныя імпрэзы, у тым ліку канцэрт Лявона Вольскага і Ketevan.

Асобнай падзеяй фестывалю стане варштат “Voices Unbound: Кішэнны самвыдат: воркшоп па квір-феміністычным зіне на тэму небінарнасці мовы”, арганізаваны ініцыятывамі Fem*Bridging Cultures, Europäische Medien Initiative і Fem.Cultural Network. Удзельнікі і ўдзельніцы гэтай сустрэчы змогуць паглыбіцца ў тэму небінарнасці мовы і творча адлюстраваць свае разважанні ў форме зінаў.

Праграма цалкам даступная на сайце pradmova.eu 

ав