7 лістапада ў Музеі Вольнай Беларусі адкрываецца выстава мастачкі Марыі Гвардзейцавай. У сваіх працах яна іранічна асэнсоўвае тэмы памяці і сублімуе боль, спалучаючы рэалістычнае і фантастычнае. Палітычны кантэкст займае цэнтральнае месца ў яе інсталяцыях.
Цэнтральнай часткай выставы „The Adoration of Mystic Goat. The Fall” (Пакланенне містычнай казе. Падзенне) з'яўляецца відэаперформанс, у якім мастачка пераасэнсоўвае беларускі калядны абрад пакланення казе. У цэнтры гэтай працы — разважанні Гвардзейцавай пра яе змяненне ідэнтычнасці як жанчыны і яе змененыя адносіны з радзімай і рэлігіяй.
Выстава з’яўляецца асабістым даследаваннем мастачкі самой сябе ў межах і па-за межамі ідэнтычнасці.
- У сацыялогіі ёсць вялікая васьмёрка ідэнтычнасцяў. Гэтвя ідэнтычнасці, пра якія мы можам зразумець адзін аднаго. Напрыклад, нацыянальная ідэнтычнасць, наш пол, сацыяльна-эканамічны статус. Для мяне было цікава даследаваць сябе, бо ідэнтычнасць – гэта заўсёды працэс. Я эмігрантка, жыву ў Лондане і для мяне гэта вялікае намаганне падтрымліваць сваю беларускую ідэнтычнасць. І гэты праект больш за ўсё пра маю беларускую ідэнтычнасць, дзе я яе разумею пра вобраз каляднай казы. На каляды ёсць абрад “Падзенне казы”. Я ўсё жыццё жыву з вершыкам: “Го-го-го каза, го-го-го шэрая. Ой, каза ўпала, трэба даць казе сала. На правы ражок – піражок, на левы ражок – сала шматок”. З вобразамі нічога нельга зрабіць, а да мяне прыходзіць вобраз гэтай казы. Але казы, якая ўпала. Яна поўная сілы, яна жывая, але дзеля таго, каб яна паднялася, трэба прыкласці нейкія намаганні. Вось такім вобразам я жыву. І з ім я вырашыла зрабіць выставу.
Выстава пабудаваная па прынцыпу retablo. Гэта іканаграфічны фармат, які быў запачаткаваны ў ХІ стагоддзі ў Іспаніі. Марыя Гвардзейцава кажа, што вельмі любіць гэты фармат і захапляецца гісторыяй яго ўзнікнення.
- Retablo пачалося ад крыжаносцаў, якія з сваіх вандровак прывозілі розныя артэфакты з розных рэлігій. Іх выкарыстоўвалі для стварэння іканастасу. Гэта фармат, у якім праз хрысціянскія матывы распавядаецца пра складанасці, як яны былі вырашаныя і ўсё закончылася добра. Мне падабаецца гэты фармат і я яго выкарыстоўваю.
На выставе выкарыстаны матэрыялы старых вокнаў, вінтажных люстэрак і асабістыя фотаздымкі. Гэтыя элементы дазваляюць стварыць захапляльную інсталяцыю, якая ўцягвае гледачоў у працэс «люстэркавага мыслення», запрашаючы іх сустрэцца са сваімі адлюстраваннямі і звязацца з аповедам мастачкі.
- У праекце я выкарыстала старыя вокны, ім больш за 100 гадоў. Гэта латышскія вокны са старога дому, якога ўжо няма. Я выкарыстала люстэркі – новы яі вінтажныя. Мне цікавы гэты фармат, бо я разважала пра такі фармат, як люстэркавае мысленне. Так працуе наша памяць: мы памятаем рэчы, якія бачылі праз адлюстраванне. У памяці ёсць шмат розных выяваў. Ідэнтычнасці – гэта біркі, якія мы апранаем на сябе, каб размаўляць з іншымі людзьмі і распавядаць пра сябе. Я выкарыстала ў праекце вокны і люстэркі, каб гледачы зазірнулі і пабачыць вобразы, каб распачаць унутраны дыялог.
Палітычны кантэкст займае цэнтральнае месца ў яе інсталяцыях, прызнае Марыя Гвардзейцава. Яна лічыць, што сучаснае мастацтва – усё палітычнае. Немагчыма існаваць у свеце мастацтва і рабіць непалітычныя рэчы.
У адным з перформансаў мастачка разрывае пашпарты, у тым ліку свой беларускі, і змяшчае іх у фармальдэгід. Але пра гэта слухайце ў далучаным гукавым файле.
Марыя Гвардзейцава — нарадзілася ў Мінску, жыве і працуе ў Лондане. Выстава ў музеі будзе працаваць да 15 лістапада
ав