Беларуская Служба

Экспанаты сусветнага ўзроўню паказаныя на выставе «1025. Народзіны каралеўства» (ФОТА/ВІДЭА)

13.11.2024 06:12
Выстава засяроджваецца на Польскім каралеўстве, якое нарадзілася ў ХІ стагоддзі. 
Аўдыё
  • Экспанаты сусветнага ўзроўню паказаныя на выставе «1025. Народзіны каралеўства»
.
.фота: Беларуская служба Польскага радыё

Якім было каралеўства Баляслава Храбрага? Дзе былі яго найбольшыя багацці? Што рабілі яго жыхары? Што елі, як жылі, у што верылі? Пра гэта распавядае новая часовая экспазіцыя ў Музеі гісторыі Польшчы, прымеркаваная да 1000-годдзя каранацыі першага караля Польшчы - «1025. Народзіны каралеўства».  

Выстава засяроджваецца на каралеўстве, якое нарадзілася ў ХІ стагоддзі. Наведвальнікі адправяцца ў падарожжа па Польшчы ранняга сярэднявечча: маляўнічай зямлі ўмацаваных гарадоў, багатай лясамі, азёрамі, рэкамі і балотамі. Старажытныя звычаі тут суіснавалі са знешнімі традыцыямі хрысціянства і міжземнаморскага свету.

Куратары выставы выбралі рэдкае супастаўленне прадметаў скарбніц, упрыгожаных рубінамі і ізумрудамі, побач з археалагічнымі экспанатамі.

Гісторыя каралеўства Пястаў падзелена на 5 модуляў. Апавяданне дапаўняецца шматлікімі інтэрактыўнымі прыпынкамі, у тым ліку нюхальнымі і тактыльнымі, а таксама мультымедыямі, сеансамі праслухоўвання і інфаграфікай.


.
Першыя модулі, ілюстраваныя археалагічнымі экспанатамі, расказваюць, у тым ліку, пра дыету, змены ў біяразнастайнасці, сельскую гаспадарку, медыцыну і моду.
Куратар Агнешка Ляшковіч, расказваючы пра ўмовы пражывання грамадства ў сярэднявеччы, адзначае, што сапраўднай складанасцю для жыхароў каралеўства былі жыллёвыя ўмовы.

- Гэтыя хаты былі малыя, да 40 кв метраў. У іх жыло шмат людзей, часта разам з жывёлай. Будынкі мелі маленькія вокны без шкла. Таму там была і духата, і холад. Часамі, верагодна, адначасова і адно, і другое. З гэтым спраўляліся па рознаму. У сваю чаргу большасць часу жыццё жыхароў каралеўства, калі гэта было магчыма, адбывалася каля дому. Сярод паказаных экспанатаў мне асабліва цікавымі падаюцца ключы. Верагодна, гэта быў папулярны спосаб зачыняць дамы. Раней мне здавалася, што гэта было нешта значна прасцейшае, напрыклад, засаўка. Неаднаразова працуючы над выставай я пераканалася, што я недастаткова добра ацэньвала жыхароў каралеўства ў ХІ стагоддзі.


Каралеўскі келіх Мешка ІІІ. Фота: Беларуская служба Польскага радыё Каралеўскі келіх Мешка ІІІ. Фота: Беларуская служба Польскага радыё

На выставе паказаныя помнікі сусветнага ўзроўню. Найбольш каштоўнымі прадметамі на выставе, а на думку куратараў і ўвогуле ў Польшчы, з’яўляюцца каралеўскі келіх і герма святога Сігізмунда. Расказвае Томаш Бароўскі:

- Верагодна, келіх быў выкананы па замове Мешка ІІІ. Яго называюць каралеўскім, паколькі сярод сцэн Старога Запавету, якія на ім прадстаўленыя, у самым цэнтры паказаная каранацыя караля Давіда. Мешка ІІІ не быў каралём, але хацеў ім быць. У свеце мастацтва мяркуецца, што сцэна каранацыі на келіху была ўвасабленняў Мешка ІІІ. Гэта бясцэнны помнік раманскага мастацтва. Гэты аб’ект вельмі рэдка пакідае сцены скарбніцу гнезненскай архікатэдры.

Герма святога Сігізмунда – гэта рэліквіярый святога. Яго мошчы таксама знаходзяцца на выставе, працягвае куратар:

- Гэты твар, бюст былі выкананыя ў ХIV стагоддзі па загадзе караля Казіміра Вялікага. Верагодна, гэта быў яго крыптапартрэт. Так шчасліва склалася, што святы Сігізмунд таксама быў каралём, каралём бургундаў, таму і прадстаўляюць яго як караля. У сваю чаргу значна больш каштоўнай, чым сам рэліквіярый, з’яўляецца карона, гэтак званая плоцкая дыядэма. Яна старэйшая, чым сам рэліквіярый. Карона адносіцца да перыяду ранняга сярэднявечча. Хутчэй за ўсё яна належала да князёўны Пястаў. Карона ўпрыгожана каштоўнымі камянямі – жэмчугам, сапфірам. На ёй бачныя постаці рыцараў на конях. Як вядома, каралеўскія рэгаліі не захаваліся, яны былі знішчаныя ў часы падзелу, таму гэта адна з нешматлікіх карон, захаваных па сённяшні дзень. У маштабе Цэнтральнай Еўропы гэта надзвычай каштоўны экспанат.


Герма святога Сігізмунда. Фота: Беларуская служба Польскага радыё Герма святога Сігізмунда. Фота: Беларуская служба Польскага радыё

Выстава шукае адказу, якім было ХІ стагоддзе, якім быў пачатак каралеўства. Томаш Бароўскі кажа, што пачаткі былі цяжкія і не відавочныя. Многія супольнасці ў рэгіёне былі няздольныя стварыць трывалай структуры. Тое, што палякам удалося стварыць каралеўства, стала вынікам высілкаў многіх пакаленняў, у першую чаргу сям’і Пястаў. Адначасова гэта было маляўнічае стагоддзе. Гэта час вялікіх трасфармацый: вырубкі лясоў, будовы новых храмаў, росту экспарту свінца. На польскай тэрыторыі ў той час жылі розныя народы, якія стваралі шматкультурную эпоху, у якой нічога не з’яўляецца відавочным.

Наведвальнікі выставы павінны запамятаць, што сам кароль не з’яўляецца самым важным. У ХІ стагоддзі каралеўства мае караля ўсяго на працягу шасці гадоў (Баляслаў Храбры памірае неўзабаве пасля каранацыі, Мешка ІІ амаль адразу пасля каранацыі вымушаны ўцякаць, як і Баляслаў Смелы). Ва ўсім гэтым важна, што Польшчу лічаць каралеўствам, дзякуючы ўжо першай каранацыі. І нават калі няма караля, то і польскія, і замежныя крыніцы называюць Польшчу каралеўствам.

Выстава «1025. Народзіны каралеўства» будзе працаваць ў Музеі гісторыі Польшчы да 29 чэрвеня, аднак найбольш каштоўныя экспанаты будуць выстаўлены толькі да 29 снежня.

слухайце аўдыё