Куратар выставы Вольга Архіпава распавяла, што яна прысвечана даследаванню сынкрэтычнага падыходу ў творчасці і яскравых з’явах у культуры Беларусі. Ідэю правядзення падказалі працы беларускіх мастакоў, якія працуюць пад псеўданімамі і, па зразумелых прычынах, не могуць назваць свае сапраўдныя імёны.
– Я адразу ўзгадала пра «Дзяды» Адама Міцкевіча і пра тое, што сёлета спаўняецца 200 гадоў з таго часу, як расійскія ўлады выгналі Міцкевіча з яго радзімы. І вось праз два стагоддзі гэтая ж тэма застаецца актуальнай для беларусаў, бо шмат хто і сёння знаходзіцца ў выгнанні і не можа вярнуцца на радзіму.
Праца з выставы.
Спадарыня Вольга нагадвае, што «Дзяды» Міцкевіч распачаў пісаць у 1822 годзе, але яны ствараліся ім на працягу ўсяго жыцця і так і не былі завершаны. На яе думку, гэта яркі прыклад бясконцага натхнення, крыніца якога ў традыцыях продкаў і вобразнасці народнай творчасці.
– І, канешне, самы яго знакаміты, самы народны твор – гэта «Дзяды», дзе кожная фраза – афарызм. Бо тое, як ён распавядае пра гэты старажытны беларускі абрад, як шануе народную творчасць, – унікальна. І галоўны герой твора – гусляр – сапраўды вобраз, які на працягу стагоддзяў мастакі выкарыстоўвалі як сімвал беларускага голасу. Гэта тэма сінкрэтычнага светапогляду вельмі важная для нас. Тут, на выставе, мастак Яўген Рагозін паказвае замовы – абрады, якія існавалі на вёсцы, каб абараніць сябе ад бедаў. Гэта паказвае сувязь хрысціянскай традыцыі і паганства.
Непаўторныя традыцыі, паводле суразмоўцы, яшчэ ў XIX стагоддзі запісвалі расійскія этнографы, але ў большасці сваёй яны не разумелі ні мовы, ні вобразаў мясцовых людзей.
– Яны былі неверагодна здзіўленыя тым, што адбываецца на гэтых землях: гісторыямі пра ваўкалакаў, міфалогіяй і тым, як гэта ўсё спалучаецца з народнымі абрадамі. Таму ў нас нарадзілася ідэя стварыць твор «А на страшным судзе ўсім у сраку будзе». Гэта таксама міф, бо насамрэч мы не ведаем, у якім канкрэтным творы былі гэтыя словы, але яны існуюць. Польскі даследчык сцвярджае, што ў Міцкевіча ёсць творы і на беларускай мове, і што ён не толькі польскі паэт. Але нам вядомая толькі адна гэтая фраза. А мы, беларусы, калі нешта дакладна не ведаем, заўсёды ствараем міф.
Праца з выставы.
Распавядаючы пра сынкрэтычнасць падыходу мастакоў, куратарка паказвае, як яны спалучаюць народную традыцыю з класічнай, прафесійнае з непрафесійным.
– Напрыклад, у Арцёма Бурака – на фоне маляванак, вышыванак, дываноў фатаграфуюцца людзі. Але ён прыбірае іх, вырэзвае, і застаюцца толькі постаці на фоне краявіду. Гэта вельмі цікава: класічны партрэт ператвараецца ў канцэптуальны твор – у партрэт Беларусі, партрэт краіны.
На выставе прадстаўлены некалькі скульптур. Куратарка тлумачыць, што гэта ілюстрацыі да твора Адама Міцкевіча.
– Напрыклад, адна праца: «Калі чалавекам ты не быў, чалавек табе не дапаможа» – гэта цытата з «Дзядоў». Альбо «Дайце зернейка гарчыцы» – таксама адтуль. А вось яшчэ адна праца – «Jeszcze, kurwa, będzie czas», прысвечаная беларусам. Тут яшчэ невялікія рожкі – як сімвал таго, што беларусы яшчэ не навучыліся змагацца. За 200 гадоў навучыліся добра бегаць. Гэта такі іранічны погляд на тое, што, магчыма, беларусам яшчэ нешта атрымаецца…
Праца з выставы.
Мастак Аляксей Лунёў распавядае пра сумесную працу з Сяргеем Шабохіным – «Тытульныя старонкі». Свае працы ён называе аквіраваннем сучаснай беларускай культуры.
– У паняцці «квір» мы бачым інакшасць, усепрыемлівасць, форму супраціву той агрэсіі, якая зараз адбываецца ў свеце. Мы ўзялі тытульныя старонкі кніг выбітых беларускіх класікаў, тых, што ўсе ведаюць са школьнай праграмы, і імітавалі дзіцячыя малюнкі. Як дзеці на ўроках, калі ім сумна, размалёўваюць кнігі. Так было і з намі ў дзяцінстве, і мы гэта ўзнавілі.
Мастак успамінае, як напачатку вайны, будучы ў Кіеве, звярнуў увагу на помнікі вядомых людзей, абкладзеныя мяхамі з пяском і накрытыя тканінамі, на якіх белым контурам намалявалі гэтыя ж помнікі – з іроніяй і гумарам.
– Гэта кранала мяне да слёз, бо людзі ў такі страшны час са сваімі класікамі могуць быць адной сям’ёй. Як кажа Сяргей Шабохін: «Культура не павінна забранзавець». Калі мы страцім магчымасць іранізаваць і быць у прамым кантакце з культурай, то мы – гіблыя людзі.
Выстава.
На выставе сярод гледачоў польскі мастак Яраслаў Вібрацкі. Прашу яго падзяліцца ўражаннямі ад убачанага.
– Тут перад намі цікавая выстава беларускіх мастакоў. Прыцягваюць увагу працы, дзе можна зрабіць здымак, а потым пакінуць толькі наваколле. Гэта паяднанне гісторыі, традыцый і сучаснасці. Віншую мастакоў – выстава сапраўды цікавая.
У залежнасці ад таго, які акцэнт выбірае аўтар, атрымліваецца своеасаблівая сімфонія галасоў мастакоў.
Слухайце далучаны гукавы файл.
Павел ЗАЛЕСКІ